Пятница, 29 марта 2024

“Падляшскі шлях белага бусла” абвясцілі адкрытым!

2 569

Веласіпедны прома-тур, які праходзіў 29-30 верасня ў Пружанскім раёне па экатурыстычным маршруце “Падляшскі шлях белага бусла”, паказаў, што аднайменная ініцыятыва ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” знайшла падтрымку.

14523209_1132876030115463_4655603140094351198_n_izmen.razmer

А пачыналася ўсё з таго, што раённае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Агратур” (кіраўнік Алена Ляўчук) сумесна с партнёрамі  –  ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” і аграсядзібай “Залессе” – вырашылі пераняць у нашых заходніх суседзяў вопыт сацыяльна-эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні.

Наколькі карысны вопыт?

Аказваецца, такі цікавы рэгіён, як Падляшша ў Польшчы, доўгі час меў рэпутацыю краю «другога гатунку». Аднак, калі турыстычныя арганізацыі распрацавалі  веламаршрут “Шляхам буслоў”, зрабіўшы стаўку на рэгіянальны каларыт, прыгажосць прыроды,  многае змянілася. За два гады гэтая імпрэза здабыла шырокую папулярнасць як сярод сваіх, так і замежных турыстаў, – і ваяводства пачало працвітаць.

Дык чаму б  маршруту не “пераляцець” да нас?! Тым больш, што белых буслоў у нас не менш, а можа і больш, чым  у палякаў. Не выпадкова ж гэтая птушка з’яўляецца менавіта беларускім сімвалам!

Пружанцы рызыкнулі, працягнулі маршрут і, як аказалася, мелі рацыю. Спачатку ў в.Залессе правялі добраахвотніцкі летнік, прысвечаны аднаўленню найбуйнейшай у Беларусі калоніі белага бусла (на хутары Бабінец  на адным дрэве размясцілася ажно 19 гнёздаў!), якая была знішчана ў выніку прыроднага катаклізму. Валанцёры пабудавалі там гнездавыя платформы для прыцягнення буслоў.

Потым сумесна са  студэнцкім этнаграфічным таварыствам (аб  гэтым таксама пісала “раёнка”) папрацавалі ў навуковай экспедыцыі, адной з тэм якой была менавіта “бусліная”. Тут яна паўсюль – на калодзежах, варотах, хатах — і ўсюды бусла ўзносяць як пана. Такой шчырай “татэмізацыі” гэтай птушкі больш нідзе няма, таму і вырашілі вырабіць гэты  “татэм” падчас пленэра керамістаў у в. Залессе. З гэтай мэтай тут нават зладзілі  печ для абпалу.

У гэтую скарбонку рэліквій дадамо і мастацкія “татэмы”, намаляваныя падчас пленэру, які праводзіўся на базе аграсядзібы «Жураўлінае» ў в. Вялікае Сяло.

Такім чынам, ідучы па слядах найбольшых гняздоўяў белага бусла, дзеячы праекта адразу зрабілі своеасаблівую інвентарызацыю матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей, якія ёсць у нашым раёне. Зыходзячы з гэтага, праклалі маршрут, ахапіўшы 101 кіламетр (для параўнання – у палякаў 400 кіламетраў): ён пачынаецца адразу ад Перарова —  пешага пагранперахода ў Белавежскай пушчы. Каля кожнага гняздоў’я ўсталявалі стэнды з QR-кодамі, якія дазваляюць праводзіць у рэжыме online маніторынгі па назіранні за птушкамі і меркаваць аб запатрабаванасці маршруту ў цэлым.

14470440_1132876213448778_4590590177851244918_n_izmen.razmer

Таксама рэалізавалі яшчэ адну цікавую «фішку» праекта: на балоце Дзікое ўсталявалі  назіральную вышку. «Правільнае» месца для яе выбіралі спецыялісты Нацыянальнага парка: каб зручна было і турыстам (усяго ў трох метрах ад дарогі), і навукоўцам, якія будуць весці назіранні за эка-працэсамі на балоце і, увогуле, за прыродай Белавежскай пушчы.  А каб турысты не заблукалі, надрукавалі вельмі зручныя каляровыя карты розных фарматаў з дубліраваннем тлумачальных надпісаў на беларускай, польскай і англійскай мовах.

img_5737_izmen.razmer

14470519_1134257159977350_8333119730944294317_n_izmen.razmer

Усе гэтыя «вешкі», раскіданыя  на  прыродных абшарах рэгіёну, і праехалі ўдзельнікі веласіпеднага прома-тура. Сярод трох дзясяткаў аматараў велавандроўкі былі члены велаклубаў,  мастакі, аператары і журналісты з Брэста, Кобрына, Баранавіч, Гродна і Мінска. На працягу ўсяго шляху актыўнае кручэнне педаляў чаргавалася з  сустрэчамі з цікавымі людзьмі і пачастункамі.

img_5642_izmen.razmer

img_5710_izmen.razmer

14449937_1132878006781932_5548217616600034056_n_izmen.razmer

Першым гасцей зачараваў музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, дзе для гасцей правялі змястоўную экскурсію. У Вялікім Сяле іх сустракала старшыня сельскага выканкама Т.М. Навіцкая, якая распавяла пра мясцовыя культурныя асаблівасці і традыцыі. Цікавыя старажытныя рэчы, а таксама карціны мастакоў-перадзвіжнікаў паказаў гаспадар аграсядзібы “Жураўлінае” Іосіф Машкала. Далей шлях ішоў праз Бакуны, Радзецк…

Самая “салодкая” сустрэча адбылася ў Юзэфіне, дзе частавалі мёдам у сотах і нават у арыстакратычных тарталетках.

14495248_1107274269342254_6754384674555532232_n_izmen.razmer

14590296_1134257003310699_644435239461392791_n_izmen.razmer

А самая «насычаная» праграма, вядома ж, была падрыхтавана на аграсядзібе “Залессе”.  Прыцярушаны часначком духмяны боршч,  круглабокі гарбуз замест чыгуна, у якім тушылася мяса, і глінтвейн у керамічных збанках, прадбачліва вырабленых яшчэ ў жніўні на керамічным пленэры, – цудоўныя прысмакі дапамагалі стомленым веласіпедыстам вельмі ўважліва сачыць за  выступоўцамі.

14494741_1107274566008891_6573804034952229969_n_izmen.razmer

14462981_1107274802675534_3722284177438177743_n_izmen.razmer

14520447_1107274672675547_299394858331209535_n_izmen.razmer

Кіраўнік экспедыцыі СЭТ Марыя Лук’янава азнаёміла з адкрыццямі навуковай экспедыцыі, вядомы пружанскі кераміст Наталля Грыцко прэзентавала  гасцям аўтарскія магніты са схемай “буслінага” маршруту.  А пад кіраўніцтвам брэсцкага майстра Паўла Рабава кожны жадаючы змог паспрабаваць пакруціць ганчарнае кола і зрабіць пасудзіну “любімага колеру і памеру”.  Адным словам, чаго толькі не пабачылі падчас вандроўкі  госці раёна,  бракавала, як яны самі пажартавалі, толькі веласіпедаў з назвай «Аист»!

img_5755_izmen.razmer

Якую выснову зробім? Гэты маршрут – сапраўдная  адметнасць Пружаншчыны, паглядзець на якую проста абавязаны турысты з розных краін! А там, глядзіш, і ўсе буслы вернуцца на сваю радзіму.

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Один комментарий

  • Яўген

    Вось ня ведаў, а то б далучыўся, пры магчымасьці.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *