Среда, 20 июня 2018

Залатая пара жыцця…

338

Восень… Калi мы ўяўляем сабе гэтую пару года, то абавязкова ўзгадваем дажджы, халодны вецер, шэрае неба. Але восень – гэта яшчэ i залатыя россыпы лiсця, сонечны водар познiх кветак. Восень — час, калi хочацца спынiцца, нешта ўспомнiць, а нечаму падвесцi вынiк. Адным словам, залатая пара.

00rfo6txd6

У мінулую пятнiцу ў гарадскiм Палацы культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае  Дню пажылых людзей. Дарэчы, яны сябе называюць «людзi залатога ўзросту». Узросту, якi нагадвае гэту самую залатую пару – восень.

З вiншаваннямi, словамi ўдзячнасцi i проста, каб убачыць светлыя, зусiм маладыя вочы віноўнікаў урачыстасці, прыйшлi намеснiк старшынi райвыканкама М.П. Кудравец, старшыня раённага савета ветэранаў вайны i працы М.Я. Дулько, старшыні райкамаў прафсаюзаў работнiкаў аграпрамысловага комплексу I.I.Ярома і работнікаў асветы І.В.Сачэўка, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва Н.Г. Педчанка.

Са сцэны гучалi песнi ў выкананнi Таццяны Паласьмак, гурта «2+2».   Але самымi галоўнымi ўдзельнiкамi свята былi, безумоўна, тыя, дзеля каго i адбылася гэтая  святочная сустрэча.  Спявалі ўдзельнікі народнага хору «Чырвоны гваздзік». Пранікнёны верш выканала Святлана Мікалаеўна Несцерава.

Са студзеня 2016 года ў нашым горадзе працуе аддзяленне дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. Тут арганiзаваны гурткi i клубы для развiцця творчых здольнасцей пажылых людзей, для падтрымання iх фiзiчнага здароў’я, праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы. Удзельнiкi гуртка «Iтальянскi з задавальненнем» выканалi дзве песнi на iтальянскай мове.

У рамках мерапрыемства адбылося падвядзенне вынiкаў конкурсу «Лепшы ветэранскi падворак». У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прымалi Мiхаіл Мiхайлавіч i Валянцiна Аляксееўна Зарэцкiя, Васiль Сямёнавiч i Марыя Iгнатаўна Жмырені, Галiна Iванаўна Iльяшэвiч, Мiкалай Андрэевiч i Вера Мiкалаеўна Крайнiя, Васiль Мiхайлавіч i Iрына Iванаўна Макарэвiчы, Анатоль Сяргеевiч i Валянцiна Аляксандраўна Смецюхі, Фёдар Фёдаравiч i Зiнаiда Данiлаўна Тур, Якаў Рыгоравiч i Тамара Васiльеўна Шкробаты, Вiктар Мiхайлавіч i Зiнаiда Восiпаўна Юрэні. Яны спаборнiчалi ў намiнацыях: «Лепшы зялёны дворык», «Лепшы кветкавы дворык» i «Народны ўмелец».

Ацанiла конкурс кампетэнтнае журы.

У намiнацыi «Лепшы кветкавы дворык» першае месца атрымала Г.I. Iльяшэвiч з вёскi Лiнова. «Лепшым зялёным дворыкам» аказалася сядзіба сям ’i Тур з в.Варанілавічы. А сярод «Народных умельцаў» перамагла сям ’я Крайнiх з в.Калазубы.

Восень… Пара збору ўраджаю, вялікіх  сакавітых яблыкаў, халаднаватых цiхiх вечароў. Восень жыцця – нагода i магчымасць прыпынiцца, агледзецца вакол сябе i нетаропка атрымаць асалоду ад кожнай хвiлiны. А таксама перадаць дзецям, унукам сваю мудрасць i аптымiзм, навучыць берагчы традыцыi i проста радавацца жыццю.

Вольга Вадзяновіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *