Воскресенье, 23 сентября 2018

Не шкадуйце часу на сустрэчы!

409

Вечары-сустрэчы з творчымi людзьмi заўсёды выклікаюць у мяне душэўнае трапятанне, прадчуванне прыгожага, якое вось-вось з’явiцца і ў маiм жыццi. Пасля такiх сустрэч люблю доўга гуляць па горадзе, нiбы зберагаючы iскрынку таго святла, што яны падаравалi.

img_8232_izmen.razmer

У мiнулую нядзелю ў  творчай гасцёўні цэнтральнай раённай бiблiятэкi адбыўся адзiн з такiх незабыўных вечароў. Гасцямi былi народны майстар Марыя Мiкалаеўна Кулецкая i мясцовая паэтка, выканаўца ўласных песень Валянцiна Мацвееўна Слабада. Шматгранныя таленты абедзьвюх нашых зямлячак уражваюць самабытнасцю, неверагоднай прыгажосцю.

Марыя Мiкалаеўна прысвяцiла жыццё народнай творчасцi: саломапляценню, ткацтву, вышыўцы, разьбе па дрэве, роспiсу па шкле. Сведчанне яе дасягненняў — шматлiкiя званнi i адзнакi. У яе назбiралася больш за 80 узнагарод, прывезеных з абласных, рэспублiканскiх i мiжнародных выстаў народнай творчасцi. Яе работы ў якасцi сувенiраў разышлiся па розных мясцінах, у тым ліку і краінах далёкага замежжа, знаходзяцца ў калекцыях музеяў i прыватных зборах. А гонар нашага раёна яна з поспехам адстойвала на фестывалi «Славянскi базар» у 2009 i 2014 гадах. Сёння Марыя Мiкалаеўна кiруе студыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці.  «Калi я нешта ўмею, то павiнна гэтаму навучыць, каб засталося, не знiкла…», — кажа мастачка.

***

sloboda_izmen.razmer

Валянцiна Мацвееўна авалодвае сэрцамi з дапамогай слова i музыкi. Яе вершы i песнi кранаюць такiя патаемныя струны, што заслухоўваешся. Валянцiна Мацвееўна – настаўнiца беларускай мовы з 40-гадовым стажам, таму родную мову ўсхваляе, прывiвае да яе любоў. Ужо зараз выйшлi тры зборнiкi яе вершаў. Але паэтка не збiраецца спыняцца на дасягнутым. А на фестывалi «Славянскi базар», на якi яе запрашалi ў 2015 i 2016 гадах, Валянцiна Мацвееўна ўслаўляла сваю малую радзiму.

Вечар-сустрэча застанецца надоўга ў памяцi прысутных. Цёплая, амаль хатняя абстаноўка прымусiла забыцца пра час, хацелася слухаць, гаварыць, бачыць шчасце ў вачах суразмоўцаў i паўтараць верш-пажаданне Валянцiны Мацвееўны «Не шкадуйце часу на сустрэчы». Хацелася яшчэ доўга адчуваць, як у сэрца кропля за кроплей пранiкае адчуванне лёгкасцi i летуценнасцi.

Вольга Вадзяновіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *