Чарговы раз перабіраю свой архіў і не магу не пагартаць старыя, пажаўцелыя ад часу кнігі… Мінулае стагоддзе было вельмі багата выхадам у свет беларускамоўнай кнігі (чаго, на жаль, не скажаш пра сённяшні час). Гэта і шматлікія выданні твораў мастацкай літаратуры, энцыклапедыі і даведнікі, розныя слоўнікі і навукова-тэхнічныя выданні.
Сёння беларускамоўная кніга – рэдкая з’ява ў кнігарні ці ў кіёску «Саюздруку». Кніга ўвогуле не ў модзе: хтосьці аднёс хатнія зборы ў бібліятэку, хтосьці здаў у макулатуру, а некаторыя проста выкідваюць іх на сметнік. Але ж для мяне выкінуць кніжку – гэта тое ж, што выкінуць кавалак хлеба. І хлеб, і кніга – святое. Думаю, што са мною пагадзяцца многія.
Найбольш дарагімі для мяне з’яўляюцца кнігі з аўтографамі аўтараў, асабліва тых, хто пайшоў ужо з жыцця. Я трымаю ў руках кнігу-паэму “Сталін” Георгія Леанідзе ў перакладзе на беларускую мову Эдзі Агняцвет пад рэдакцыяй Якуба Коласа (1947 г.). А вось яшчэ адно выданне. Гэта невялікі па памеры арфаграфічны слоўнік Судніка і Лобана пад рэдакцыяй К.Крапівы (1948 г.). Цяжкія пасляваенныя гады, а слоўнічак выйшаў вялікім тыражом — 60 тысяч экзэмпляраў.
Звяртаюся да вас, паважаныя пружанцы, дарагія мае землякі! Асабліва — да былых настаўнікаў сельскіх школ. Напэўна, сярод вас ёсць такія, хто захоўвае старыя, пажаўцелыя ад часу кнігі на роднай беларускай мове. Кнігі, якія выходзілі ў свет у пачатку ХХ ст. – пры панскай Польшчы ці нават у гады першай сусветнай вайны. Так хацелася б пабачыць іх, патрымаць у руках! Давайце ўсе разам у Год культуры арганізуем выставу рэдкай цікавай беларускамоўнай кнігі ХХ стагоддзя!
Падтрымайце нашу ініцыятыву — прыносьце свае кнігі на працягу кастрычніка ў музей-сядзібу “Пружанскі палацык”. Кнігі будуць прымацца на часовае экспанаванне.
Выстава распачне работу 11 лістапада. Магчыма, калі вы пажадаеце, яна стане пачаткам стварэння літаратурнага фонду рэдкай беларускамоўнай кнігі. Асабіста я жадаю, каб такі фонд існаваў і папаўняўся. Свае кнігі я перадаю музею.
А пакуль, паважаныя землякі, дапамажыце арганізаваць выставу.
Ларыса Жаўнярчук,
сябра ТБМ імя Францішка Скарыны.