Четверг, 3 декабря 2020

Танцуй разам са «Спадчынай»!

806

«Знайдзі сабе справу па душы, і табе не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці», — напэўна ўсе чулі гэты крылаты выраз. Але, на жаль,  далёка не ва ўсіх гэтыя словы супадаюць з рэальнасцю. Валянціне Шапавал, як прызнаецца сама кіраўнік народнага ансамбля  танца «Спадчына», пашанцавала: з мноства заняткаў, якія існуюць у свеце, яна выбрала  той, што вось ужо шмат гадоў прыносіць ёй непадробнае задавальненне.

Я пабывала на рэпетыцыі калектыву і акунулася ў яго творчую атмасферу…

20160827_5086_измен.размер

На вуліцы пранізлівы восеньскі вецер, а ў зале ўтульна. Магчыма, з-за  душэўнай атмасферы? Прыйшла якраз у разгар рэпетыцыі і атрымала магчымасць паназіраць за працэсам стараннага адточвання танцавальных рухаў, які папярэднічае выступленню перад гледачамі. Хлопцы і дзяўчаты займаюцца пад акампанемент Дзмітрыя Аляксеевіча Кавалевіча і дакладна выконваюць каманды і заўвагі, якія дае Валянціна Іванаўна. Пасля рэпетыцыі танцоры збіраюцца вакол мяне і… пачынаюць успамінаць. Няма сумнення, што «Спадчына» — гэта не проста танцавальная суполка, гэта жыццё.

«Вясёлка» — так спачатку называўся калектыў, створаны ў 1979 годзе пры заводзе радыёдэталей. У 1981 годзе яго кіраўніком стала В.І.Шапавал. Валянціна Іванаўна ўспамінае, які нялёгкі гэта быў час.

— Склад ансамбля часта мяняўся, а з прыходам новых людзей, зразумела, даводзілася пачынаць усё спачатку. З цягам часу справа наладзілася, з’явіўся «касцяк» з тых, хто застаўся надоўга, задаваў тон навічкам. У творчым працэсе былі заняты і маладыя работнікі завода, і навучэнцы сельгастэхнікума, і школь-нікі. Замест фанаграмы пачалі практыкаваць жывое музычнае суправаджэнне.

Сёння пружанскую «Спадчыну» ведаюць і любяць нават за мяжой. Часта запрашае калектыў на розныя фестывалі і святы ў Люблінскі павет бурмістр Быхава Януш Урбан — польская публіка заўсёды рада бачыць на сцэне нашых танцораў. Не так даўно, у жніўні, пружанцы далі паўтарагадзінны канцэрт у гэтым мястэчку. «Усе хлопцы і дзяўчаты малайцы, — гаворыць кіраўнік. — Выдатна тады справіліся з пазаштатнай сітуацыяй: падчас выступлення знікла святло і танцоры засталіся без музыкі, але ніхто не разгубіўся, танцавалі пад баян».

За амаль чатыры дзясяткі гадоў на сцэне народнаму ансамблю танца «Спадчына», без сумнення, ёсць чым ганарыцца: што ні конкурс — узнагарода. Асобна варта сказаць пра перамогу на міжнародным фестывалі песні і танца «Muszelki Wigier-2011», які прайшоў у польскім горадзе Сувалкі. Выступіўшы ўсяго з адным танцам — «Пружанскія гульні», танцоры настолькі зачаравалі польскую публіку, што журы  прызнала іх пераможцамі ў намінацыі «Народны танец» і атрымалі ганаровы прыз «Залатая ракавінка».

Задаюся пытаннем: у чым сакрэт поспеху «Спадчыны»? Верагодна, у тым, што ансамбль не здраджвае свайму творчаму крэда — нясе ў масы народны танец (хаця ў рэпертуары іншы раз з’яўляюцца і эстрадныя). Немалаважна, што «Спадчына» — гэта сям’я: вялікая, таленавітая, у якой вырасла не адно пакаленне артыстаў. Да слова, у свой час тут танцавала дачка Валянціны Іванаўны, цяпер — унук, і такая пераемнасць у многіх танцораў. І ўсё ж жыве «Спадчына» ў многім  дзякуючы кіраўніку: рэдка сустрэнеш чалавека, які так падтрымлівае сваіх падапечных, клапоціцца пра іх, дапамагае раскрыцца, які так радуецца перамогам выхаванцаў. Чалавека, які так адданы сваей справе.

Анастасія Дудко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *