Вторник, 20 февраля 2018

Што ў куфарах Пружанскага палацыка?

419

Дарагія сябры! Калі б вы ведалі, колькі таямніц і загадак захоўвае ў сабе наш пружанскі музей! У кожнага экспаната сваё жыццё і свая гісторыя. І каб іх спазнаць, недастаткова хуценька прайсціся па залах, ледзь крануўшы позіркам гэтыя мудрагелістыя формы і абрысы. Трэба спыніцца, прыслухацца і тады, мае юныя сябры, вы пачуеце, як патрэскваюць чорназадымленыя збанкі, перашэптваюцца старыя кнігі, пераглядваюцца  партрэты, круцяцца над палатном гісторыі калаўроты і чаўнакі ткацкіх станкоў…

kufar-u-etnagrafichnaj-zale-palacyka_izmen.razmer

Хочаце адчуць дыханне глыбокай даўніны?

Для гэтага мы падрыхтавалі для вас цікавыя практычныя заняткі і прэзентацыі. Тэматыка іх разнастайная. Разам з вамі мы перанясемся ў свет рэчаў, якія сышлі ў далёкае мінулае, даведаемся, як жылі нашы продкі, пра іх побыт, а таксама культуру і традыцыі.

kala%d1%9erot_izmen.razmer

З нашай дапамогай вы раскрыеце ў сабе творчыя здольнасці, зможаце развіць эстэтычны густ і фантазію, практычныя ўменні і навыкі, якімі лёгка падзяліцца з сябрамі. Вы атрымаеце выдатную магчымасць расслабіцца, адысці ад паўсядзённых клопатаў і праблем, пераключыўшыся на творчасць.

Мы пазнаёмімся бліжэй з музеем, пасябруем з экскурсаводамі і даведаемся, якія багацці захоўваюць музейныя фонды. Здзейснім віртуальны палёт у першабытныя храмы-музеі Старажытнага Егіпта, Грэцыі і Рыма, палюбуемся на творы графікі, жывапісу, скульптуры і архітэктуры старажытных майстроў у сярэднявечных еўрапейскіх замках. У міланскага герцага нарэшце  высветлім, ці тоіць у сабе небяспеку вужака, намаляваная на пружанскім гербе, і чаму на ім такія колеры. Навучымся размаўляць з партрэтамі і іншымі творамі жывапісу, раскрыем задумкі мастакоў, паўдзельнічаем у казцы-імправізацыі пра «халодныя» і «цёплыя» адценні.

Трохі пачытаем у Александрыйскай бібліятэцы, даведаемся пра жыццё старажытных школ, пра тое, якія прадметы вывучалі дзеці сотні і нават тысячы гадоў таму і як праходзіла навучанне, каго звалі «аднакашнікамі» і як называліся літары азбукі, хто клапаціўся пра распаўсюджванне пісьменнасці і засноўваў першыя школы. Убачым старадаўнія пісьмовыя прыналежнасці і даведаемся старажытныя рэцэпты чарнілаў, якімі карысталіся першыя пiсары, а таксама гісторыю бярэсты, паперы і алоўка.

Можам нават пагуляць у лялькі. Так-так! Пасябруем з папяровымі, драўлянымі, саламянымі лялькамі і сшыем ім уборы.

А потым разам пап’ем чайку! Кожны з вас, напэўна, любіць чаяванні, і яшчэ больш любіць прымаць сяброў. Дык вось, мы гатовы распавесці вам гісторыю з’яўлення старадаўняга глінянага, драўлянага, металічнага посуду. Старадаўнія лыжкі, відэльцы з выгнутымі зубцамі, генералы-самавары на нашых занятках атрымаюць другое жыццё паводле старых традыцый чаявання і гасціннасці. Накрыем абрусам стол, галоўным упрыгожваннем якога стане духмяны каравай на сапраўдным вышываным беларускім ручніку.

А калі вы вырашыце наведаць нас у навагоднія і калядныя дні, то вас чакае сапраўдны карагод вакол навагодняй ёлкі, пасля якога вы даведаецеся гісторыю ўзнікнення навагодняй песенькі «В лесу родилась ёлочка» і гісторыю навагодніх цацак, а таксама пра прафесію шкловыдзімальніка і традыцыі ўпрыгожвання ёлкі ў розныя часы…

Акрамя таго, мы гатовы разгледзець любыя вашы прапановы і падрыхтаваць музейна-педагагічны занятак на любую тэму.

Такім чынам, дарагія сябры, «Пружанскі палацык» чакае вас у зручны для вас час. Дамовіцца аб занятках можна па тэлефоне  2-18-96.

В.П.Нядзелька,

навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *