Понедельник, 19 февраля 2018

Хозяин в дому, как Адам в раю

493

Скарачэнне пагалоўя кароў ва ўласных  гаспадарках вяскоўцаў, — на жаль, звыклая з’ява. Не выключэнне і Зеляневіцкі сельсавет, у якім на 24 вёскі  засталіся каровы толькі на двух вясковых падворках. Таму жыхар Кузявіч Уладзімір Аляксеевіч Свістун, які трымае ажно шэсць кароў, з’яўляецца сапраўдным выключэннем.

20160923_7789_izmen.razmer

Гусі, куры, індыкі, свінні, тры бычкі, цялушка, шэсць кароў, сабакі і каты…  Такая колькасць свойскай жывёлы на адным падворку нават не ўкладваецца ў галаве. І на зразумелае пытанне: “Як паспяваеце спраўляцца з такой гаспадаркай?”, гучыць просты адказ: “Без работы не магу сядзець”. Хаця, калі дакладна, без работы ў гэтай сям’і не можа сядзець не толькі гаспадар, але і гаспадыня Святлана Іванаўна Юрахна, а таксама іх дзеці.

На момант, калі сышліся разам гэтыя людзі, у жанчыны было чацвёра   дзяцей. Ужо ў Кузявічах, на малой радзіме Уладзіміра Аляксеевіча, нарадзіліся яшчэ тры дачкі. Наймалодшая наведвае садок, старэйшыя вучацца ў другім і пятым класах мясцовай школы. Жонка, якая працуе даяркай у сельгаставарыстве, штодня на працы. Таму асноўны клопат па гаспадарцы ляжыць на гаспадары. Працаваць больш  “на сябе” дазваляе яму  і сезонная работа качагара – зімой у кацельні, а летам – у лазні. Асноўнай жа сваёй памочніцай называе дарослую дачку жонкі Алёну.

20160923_7797_izmen.razmer—Яна са мной і па сена ездзіць, і жывёлу корміць, і кароў даіць дапамагае, — кажа ён.

Хаця пасля таго, як з’явіўся ў гаспадарцы Уладзіміра Свістуна прэс-падборшчык, які ён сабраў самастойна, неабходнасць у ручной рабоце наогул адпала. Амаль усе работы ён выконвае механізавана. Дзеля гэтага ёсць ва ўласнай гаспадарцы грузавік, трактар, касілка, іншае абсталяванне. А яшчэ – жаданне працаваць разам. “У нашай сям’і ўсе адзін за аднаго”, — кажа Уладзімір Аляксеевіч.

Вырашаць праблемы сям’і па вядзенні гаспадаркі дапамагае і мясцовая ўлада.

—Спатрэбілася паша для кароў і сенакос, — кажа гаспадар, — звярнуліся ў сельвыканкам, і нашы пытанні былі вырашаны.

А добра накормлены статак дае і неблагую аддачу. Штодня ад сваіх каровак сям’я прадае дзяржаве каля ста літраў малака. Калі падлічыць, што малочны камбінат плаціць  прыблізна па сорак капеек за кожны кілаграм малака (размова вялася ў верасні), атрымліваецца нядрэнны прыбытак. Што казаць: хто працуе, той і мае.

На здымку: Уладзімір Аляксеевіч Свістун і яго надзейная памочніца Алёна Юрахна.

Галіна КАЛЯДА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *