Воскресенье, 25 февраля 2018

Паляцелі ў подыху зямным карагоды гукаў медналістых… Цудоўны храм ўзвёў для сваіх аднавяскоўцаў расійскі прадпрымальнік Мікалай Бурнас

1 337

Колькі радасці прынёс людзям дзіўны звон, які ў мінулы чацвер разносіўся на ўсю клятнянскую ваколіцу! Ён паведаміў людзям добрую вестку пра тое, што на пружанскай зямлі паўстаў яшчэ адзін  цудоўны храм у гонар святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Яго ўзвёў для сваіх аднавяскоўцаў ураджэнец в.Клятное Сухопальскага сельсавета расійскі прадпрымальнік Мікалай Бурнас.

img_5671_izmen.razmer

Храм атрымаўся асаблівым. З манументальнай надбрамнай шмат’яруснай званіцай вышынёй 33 метры (па ліку зямных гадоў Ісуса Хрыста), ён зусім не падобны на іншыя храмы  нашага раёна.  Уяўляе сабой копію вядомай Ціхвінскай капліцы ў агароджы Андрэеўскага сабора г. Кранштадта, дзе больш за 50 гадоў служыў вялікі святы  праведны Іаан Кранштадскі. Вялікі сферычны купал з крыжам над цэнтральным аб’ёмам і дзве пары іанічных паўкалон на высокім п’едэстале, якія абрамляюць уваход у 22-мятровы храм,  захоўваюць у сабе і часцінку душы праваслаўнага Паўночнага краю.

Чын вялікага асвячэння храма ўзначаліў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, для яго прызначалася традыцыйная чырвоная дывановая дарожка, выкладзеная кветкамі, – ад самых варот. На ўваходзе ў храм прыхаджане паднеслі дарагому госцю хлеб-соль і кветкі, адразу ўзняліся да купалу стройныя спевы мужчынскага хору Смольнага Уваскрасенскага храма г.Санкт-Пецярбурга. І ў паветры залунала адчуванне асаблівай урачыстасці…

chyrvonaya-darozhka_izmen.razmer

chyrvonaya-darozhka-2_izmen.razmer

sustrecha-arxiereya_izmen.razmer

img_2590_izmen.razmer

sustrecha-episkapa-iaana_izmen.razmer

Уладыка ўвайшоў у алтар… Стук забіваемых у прастол цвікоў, якія сімвалізуюць укрыжаванне Збавіцеля, абвясціў усім пра пачатак асвячэння. Святары ўсталявалі прастол у знак усялення Бога ў храм, абмылі і мірапамазалі яго ў знак зліцця благадаці Божай.

ustalyo%d1%9evayuc-prastol_izmen.razmer

img_2622_izmen.razmer

Аблачылі ў падвойныя пакрывалы: ніжняе, белае – у азнаменаванне пахавальнай плашчаніцы Збавіцеля, а верхняе, упрыгожанае, – для адлюстравання Яго вечнай Нябеснай славы. У завяршэнне епіскап нанёс на сцены храма крыжы святым мірам.

img_2634_izmen.razmer

nanyasenne-kryzho%d1%9e_izmen.razmer

Пасля асвячэння ў храме была адслужана першая Боская літургія. Правячаму архірэю саслужылі два мітраносныя святары – сакратар Брэсцкай епархіі протаіерэй Пётр Рамановіч  і протаіерэй Мікалай Кудласевіч, ганаровы госць з Санкт-Пецярбурга настаяцель Смольнага Уваскрэсенскага сабора протаіерэй Пётр Мухін, настаяцелі ўсіх храмаў г. Пружаны і іншыя клірыкі Пружанскага благачыння.

img_2608_izmen.razmer

Радасць гэтага дня і малітву з нагоды асвячэння храма раздзялілі і афіцыйныя асобы. Яны вырашылі застацца «незаўважанымі» сярод мноства  людзей, якія не змаглі прайсці ў храм і сачылі за набажэнствам на вуліцы (балазе, гук трансляваўся праз узмацняльнік). Можа, гэта і да лепшага: у журналіста з’явілася магчымасць пагутарыць з некаторымі з іх, а таксама з тымі, хто прымаў непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні новай святыні.

p.p.prakapovich-a.i.yurkevich-m.m.krejdzich-a.a.tozik_izmen.razmer

Вось як пракаментаваў  урачыстасць ганаровы грамадзянін г.Пружаны П.П.Пракаповіч:

– Гэта ўнікальная з’ява для раёна, для людзей. Да гэтага часу ў раёне памнажаліся аграпрамысловыя і спартыўныя аб’екты, а цяпер вось вырас яшчэ адзін храм, як сімвал сыноўняй любові і клопату аб сваёй маці, як добры прыклад служэння не толькі родным і блізкім людзям, але і аднавяскоўцам, раёну. У нас у краіне шмат дастаткова  забяспечаных і заможных людзей, але я не ўзгадаю, каб хто-небудзь з іх зрабіў падобны падарунак сваім землякам.

Старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч таксама адзначыў, што дзякуючы нашаму земляку ўслед за спартыўнымі і турыстычнымі  аб’ектамі ў раёне з’явілася яшчэ адно цудоўнае месца, дзе людзі могуць дзяліцца сваімі радасцямі і нягодамі – і гэта вялікі крок да сапраўднага адраджэння роднага сяла.

Надзею на тое, што гэты храм, як незгасальная лампада, будзе саграваць агнём веры, любові і надзеі кожнага чалавека, які ўваходзіць пад яго зводы, выказаў і генерал-лейтэнант Уладзімір Анатольевіч Чмыроў, які прыехаў з Санкт-Пецярбурга.

Ад Рамана Мікалаевіча Дземенчука, прараба будаўнічай брыгады ПМК-21, якая праводзіла асноўныя работы па закладцы падмуркаў і ўзвядзенні сцен храма і званіцы, даведалася, што будаўніцтва храмавага комплексу праводзілася вельмі хуткімі тэмпамі і ў агульнай складанасці доўжылася крыху больш за  год (нагадаем, што ўрачыстая закладка храма адбылася ў мінулым годзе 10 верасня). Пружанскія будаўнікі, дарэчы, заўважылі, што адчувалі Божую дапамогу ва ўсім: напрыклад, своечасова, як на заказ, сохлі падмуркі і фасады.

zvanica_izmen.razmer

Вельмі складаныя дахавыя работы ўзялі на сябе прафесіяналы з Пінскай епархіі. Храм і званіцу пакрылі асаблівай меддзю, якая, па словах майстра Святаслава Кананчука, праз пяць гадоў набудзе цёмна-карычневае адценне, а прыкладна праз гадоў 70  атрымае яшчэ больш высакародны – бронзавы адліў.

Унутры храм не менш прыгожы, чым звонку:   трох’ярусны іканастас, увянчаны іконай Святой Тройцы, упрыгожаны ўнікальнай ажурнай пазалочанай лепкай. Усе іконы яго напісаны санкт-пецярбургскімі майстрамі. Беласнежныя сцены пакуль пустуюць, але праз два гады — пасля канчатковай прасушкі — іх мяркуецца  цалкам  пакрыць роспісам.

ikanastas_izmen.razmer

img_5634_izmen.razmer

Нельга не сказаць і пра званы. Восем літых прыгажуноў: два «дабравесніка» масай 780 і 400 кг, сярэдняя група (па 150, 60 і 25 кг., адпаведна) і два зазвонныя самыя малыя званочкі (па 24 і 18 кг), якія ўпрыгожвалі сваім мілагучным гучаннем святочнае набажэнства, выраблены ў Варонежы. Карпатлівую работу па размяшчэнні і настройцы званоў з балансаваннем языкоў правёў загадчык аддзялення царкоўнага перазвону Мінскага духоўнага вучылішча Багдан Бярозкін. Ён жа і кіраваў гэтым нялёгкім актэтам падчас хрэснага ходу з храмавай іконай святых мучаніц вакол новаасвечанай святыні.

xresny-xod_izmen.razmer

Усе, хто ўнёс  пасільную лепту ва ўзвядзенне храма, – начальнік ПМК-21 В.С.Лук‘янчук, С.В.Тарасевіч, жыхарка в.Галены Таццяна Мікалаеўна Пакала і іншыя – у канцы набажэнства былі адзначаны ганаровымі граматамі Патрыяршага Экзарха. А сам прадпрымальнік Мікалай Бурнас быў узнагароджаны ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага I ступені.

Уладыка Іаан перадаў у храм ікону вялікага беларускага святога – прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. У адказ ад імя прыхаджан храма епіскапу быў падораны вялікі абраз яго нябеснага апекуна – свяціцеля Іаана Дамаскіна.

xram-u-gonar-svyatyx-muchanic-very-nadzei-lyubovi-i-maci-ix-safii_izmen.razmer

Пасля богаслужэння каля храма выступалі артысты,  для вернікаў быў арганізаваны святочны пачастунак. Людзі плакалі ад радасці, бо з імі, па словах апостала Паўла, з гэтага часу будуць «жыць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў з іх найбольшая».

Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *