Воскресенье, 20 мая 2018

Атлантыда, або Страчаны свет Забаб’я. Працяг

446

Можна было б працягнуць  аповед аб Рудніцкай царкве і яе святарах, але вам не здаецца, шаноўныя чытачы, што ў такім выпадку  мы рызыкуем  далёка адысці ад адпраўной кропкі нашай размовы? Так што  вернемся да Забаб‘я. Так, са знікненнем  прыходскай царквы гэты населены пункт страціў былую  значнасць, тым не менш,  працягваў  існаваць, хаця, паўтаруся, упамінанні пра яго адзінкавыя. Напрыклад, вось гэтае.

Да Пружаншчыны набліжалася лінія фронту Першай сусветнай вайны. У ліпені-жніўні 1915 года мясцовыя жыхары масава накіраваліся ў бежанства. Забабскія сяляне таксама рушылі з наседжанага месца. Як пацвярджэнне — адно з прозвішчаў у аб‘ёмным спісе. Нямала дзяцей бежанцаў губляліся падчас  жудаснага перасялення соцень тысяч чалавек. Расійскія арганізацыі грамадскага самакіравання накіроўвалі іх у прытулкі і распаўсюджвалі інфармацыю для пошуку родных. У адным з такіх прытулкаў і  апынулася 12-гадовая дзяўчынка Вольга Мязга з Забаб‘я  Пружанскага павета.

Пра лёс уладальнікаў аднайменнага маёнтка  можна толькі меркаваць: з‘ехалі ў Расію, трапілі ў Заходнюю Еўропу або нават у Амерыку, загінулі, нарэшце, у полымі ваенных канфліктаў 1915-1920 гадоў – варыянтаў мноства, а вынік адзіны — землеўладанні засталіся бязгаснымі. Калі ж, згодна з Рыжскімі дамовамі, тэрыторыі  Усходніх “крэсаў” былі далучаны да зноў уваскрэслай, як фенікс з попелу, Рэчы Паспалітай, яны былі аддадзены пад асады.

527968_izmen.razmer

Ці варта патлумачыць, што гэта за  з‘ява такая, асада? Паспрабую. Калі зусім коратка, так называлі паселішчы, у якіх пасля 1920 года «асадзілі» перасяленцаў — у асноўным,  удзельнікаў расійска-польскай вайны. З аднаго боку, выдзеленыя ім зямельныя надзелы  былі ўзнагароджаннем за ратныя заслугі (пэўнай частцы зямля давалася нават бясплатна, іншым — у крэдыт, які пагашаўся на вельмі выгадных умовах). Адначасова адстаўныя  вайскоўцы ў прымежных раёнах выконвалі ролю атрадаў самаабароны, дапамагалі пры неабходнасці пагранічнай стражы.

Крыху пазней права атрымаць зямлю на далучаных тэрыторыях было дадзена і цывільным грамадзянам. Меркавалася, што гаспадаркі асаднікаў стануць узорнымі ў плане сельскагаспадарчай вытворчасці, а самі яны — апорай польскай дзяржаўнасці, культуры, мовы.

У 1920-23 гадах на тэрыторыі Пружанскага павета (ён увайшоў на той час у Палескае ваяводства) стварылі 15 асад — фактычна, яны складаліся з некалькіх  хутароў, у валоданні кожнага гаспадара  было  каля 20 гектараў зямлі. Частка назваў існуе і цяпер: Сухопаль, Папялёва, Клетнае, Лібія…

Непадалёку ад  вёскі Мокрае  на  былых землях памешчыкаў Жалязоўскіх  размяшчалася асада Агатава, паблізу Руднікаў на царкоўнай зямлі — асада Роўна. Паміж Прыкалессю і Непамацынаўкай, на  месцы маёнтка Дзяконскіх  Анаполь, таксама пасяліліся выйшаўшыя ў запас вайскоўцы. Гэтая асада была, бадай, найбольш буйной у павеце, а адным з тых, хто гаспадарыў тут, у «Спісе вайсковых асаднікаў» значыцца брыгадны генерал Тадэвуш Ястржембскі.

tadeush-yastrzhembskij_izmen.razmer

Так, аказваецца, былы афіцэр расійскай арміі, а пасля 1917 года камандзір Польскага корпуса не сышоўся ў поглядах з Юзафам Пілсудскім (не падтрымаў палітыку санацыі) і ў 1927 годзе вымушаны быў выйсці ў адстаўку.

Цяжка сказаць, сапраўды ён займаўся сельскай гаспадаркай ці  з‘яўляўся фармальным уладальнікам зямлі, але ўпаўне дапушчальна, што з 1927 па 1939 гады жыў у Анаполі.

Вялікіх даходаў дробныя сельгасвытворцы-асаднікі так і не атрымалі, хаця працавалі цяжка, асабліва ў першыя гады. Хапала сям‘ю ўтрымаць — і радаваліся. Жылі дружнай суполкай,  дапамагалі адзін аднаму, аб‘ядноўваліся ў невялічкія кааператывы для пакупкі тэхнікі, за сродкі Саюза асаднікаў накіроўвалі вучыцца дзяцей…

Ідылію патрыярхальнага вясковага жыцця разбурыў верасень 1939 года. Фашысцкая Германія напала на Польшчу — і мужчыны, воіны запасу, былі прызваны ў армію. Нехта з іх змагаўся з нямецкімі войскамі, нехта, напэўна,  таксама з Чырвонай арміяй, якая ў сярэдзіне верасня, згодна з пактам Молатава-Рыбентропа,  пачала рух на захад.

У нас гэтыя падзеі прынята называць уз‘яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, палякі ставяцца да іх як да чацвёртага падзелу Рэчы Паспалітай, балючага і страшнага перыяду гісторыі. Сем‘і асаднікаў, якія засталіся на тэрыторыі СССР, былі прыроўнены да «ворагаў народа», да іх сталі прымяняцца рэпрэсіўныя меры — у першую чаргу, дэпартацыя ў месцы аддаленыя і не вельмі.

Трапілі з агню ў полымя і жыхары Забаб‘я. Са станцыі Аранчыцы ў лютым-сакавіку 1940 года адышлі некалькі эшалонаў у Архангельскую вобласць. «Пасажырамі» вагонаў-цяплушак  былі ў асноўным жанчыны і дзеці. Жонку сяржанта Міхаіла Новіка Юзэфу і  іх дзяцей — 15-гадовую Ванду, 13-гадовую Леакадзію, 11-гадовага Эдмунда забралі 10 лютага 1940 года. Разам з імі ў рабочы лагер Карговіна (падобныя яму  ствараліся на Поўначы спецыяльна для спецпасяленцаў) трапілі бацькі Міхаіла 75-гадовы Лявон і  71-гадовая Анэля.

image001_izmen.razmer

Жонка кананіра Францішка Данько, таксама Юзэфа, трапіла сюды з дзецьмі Баляславам, Янінай, Уладзіславам і сваімі састарэлымі бацькамі. Уладзіслава Вазнякоўская мела 13-гадовую Рэню і 9-гадовую Соф‘ю. Кананір Леанард Пенхер трапіў на спецпасяленне разам з жонкай Янінай і чатырма сынамі-падлеткамі. Радавы Васіль Філончык — з жонкай Надзеяй і гадавалым сынам Іванам,   Эмілія Зімнак — жонка падафіцэра Антонія Зімнака — з чатырма дзецьмі ад васьмі да 15 гадоў.

Жыхары (або ўладальнікі) маёнтка Забаб‘е Марыя і Рамуальд Яноўскія і іх дачка — жонка паручніка Аляксандра Альшанскага Яніна таксама былі вывезены ў Карговіна. Разам з імі  выслалі і састарэлую сваццю і свякроў Фларэнціну Альшанскую…

mariya-yanovskaya-ur-gladko_izmen.razmer

romuald-yanovskij_izmen.razmer

yanina-olshanskaya_izmen.razmer

Аб жыцці ў працоўным  пасёлку Карговіна пакінуў успаміны іншы пасяленец — Леапольд Вальчэўскі з асады Мікіцічы (яна таксама была на той час у Пружанскім павеце, цяпер гэта Бярозаўскі раён) . Аб тым, як жылі ў бараках — па шаснаццаць шматдзетных сем‘яў, для кожнай адгарадзілі бокс памерам тры на пяць метраў. Аб тым, як выжывалі ў трыццаці-саракаградусныя маразы, як за порцыю супу і  хлебны паёк жанчыны   працавалі  на распілоўцы бярвенняў, як мама і меншыя брацікі паміралі ад голаду і  хвароб…

Дарэчы, Рамуальд  Яноўскі памёр праз чатыры з паловай месяцы высылкі.

У жніўні 1941 года было прынята пагадненне аб узнаўленні дыпламатычных адносін паміж СССР і польскім урадам у выгнанні (так званая дамова Сікорскага-Майскага) — і палякаў амністыравалі. Жылі яны па-ранейшаму вельмі цяжка, але ўжо без кантролю НКУС. Частка мужчын уступіла ў армію Андэрса.

Толькі летам 1944 года   польскія сем‘і  атрымалі дазвол на выезд. Былых жыхароў Пружанскага павета з поўначы пераправілі на поўдзень — узнаўляць разбураную вайной гаспадарку на Украіне, а ў 1946 годзе многія з іх рэпатрыява-ліся на тэрыторыю свабоднай  Польшчы. Яны везлі з сабой загорнутыя ў хустачкі жменькі халоднай паўночнай зямлі, узятыя з магіл дарагіх людзей.

20  гадоў таму  адзін з тых без віны вінаватых  хлопчыкаў — Баляслаў Данько   паставіў на Карговінскіх могілках, дзе хавалі рэпрэсіраваных, памятны крыж.

Некалькі разоў у розныя поры года мы імкнуліся адшукаць канкрэтнае месца паміж Несцяркамі, Казламі, Сілічамі. Прыкідвалі на вока: вось на гэтым узгорку каля дарогі магла б стаяць старажытная  Забабская  царква. Ці на гэтым, ён, здаецца, вышэйшы? Некалькі старых дрэў і кусты глогу ўздоўж палявой дарогі  падобны на пад‘язную алею да маёнтка. А вось купка камянёў, зрушаных з палетка. Магчыма, тут была нейкая пабудова, напрыклад, «млякарня», куды мясцовыя сяляне здавалі малако ад свойскай жывёлы (аб гэтым успамінала  састарэлая  жыхарка адной з навакольных вёсак).

Напэўна так, прыглядаючыся, прыслухоўваючыся да ўласнай інтуіцыі,  даследчыкі шукаюць легендарную Атлантыду. Ды колькі такіх атлантыд, далёкіх і  блізкіх, знікла за стагоддзі! Шукаюць іх — і не знаходзяць, бо памянялася за шмат гадоў мясцовасць, не захаваліся дакументы, пайшлі з жыцця сучаснікі.  Але  здаецца: калі знойдзеш гэтае месца — табе адкрыецца ўся мудрасць мінулых пакаленняў, усе таямнічыя веды.

А якой яна магла быць, патаемная мудрасць сялян-уніятаў 16-18 стагоддзяў, шчырых вясковых працаўнікоў, якія прыйшлі за імі, а потым амаль такіх жа сялян — асаднікаў? Працаваць, выжываць, не апускаць рукі  ў самай цяжкай сітуацыі, працягваць свой род, будаваць дамы і храмы. Не назапашваць у сэрцы нянавісць, але вечна памятаць…

На фота: месца маёнтка Забаб’е зараз; асаднікі; Тадэвуш Ястржэмбскі; Міхаіл і Юзефа Новікі з дзецьмі (здымак з сайта radio.bialystok.pl.); Марыя і Рамуальд Яноўскія і Яніна Альшанская (фотаздымкі  з сайта radzima.net.)

Ирына Сядова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *