Пятница, 25 мая 2018

Атлантыда, або Страчаны свет Забаб’я. Працяг

519

Ды не, сэнс пераносу якраз зразумець няцяжка. Толькі  дакументаў, якія засведчылі б гэты працэс (калі такія наогул захаваліся), пакуль не знайшлося. Можна толькі ўявіць, як развіваліся справы.

Царква, пабудаваная ў сярэдзіне XVII стагоддзя на адносна вялікай дарозе, паступова развальвалася. Зараз цяжка сказаць, якія менавіта прычыны перашкодзілі развівацца далей Забаб‘ю як населенаму пункту: тут праходзіў шлях на Лыскава, стаяла карчма, гатовая прадаставіць адпачынак падарожнікам. Чым можна гэта пацвердзіць сёння? Не варта, напэўна, спасылацца на “капальнікаў”, якія цяпер агулам абазваны “чорнымі”, а пошукі іх прызнаны незаконнымі, але менавіта на тутэйшых узгорках у свой час знаходзілі самыя старажытныя на Пружаншчыне манеты, што адносяцца да праўлення Казіміра Ягелончыка, другой паловы XV стагоддзя.

Маёнтак таксама бяднеў, прыходзіў у заняпад. Ды, напэўна, і не было асаблівай справы каталіку-землеўладальніку да ўніятаў-сялян. Таму, калі наспеў час будаўніцтва новага храма, прыхаджане не сталі чакаць міласці ад пана, а самастойна ўзяліся за справу.

Кіраваў работамі малады святар Іаан Макавельскі, які ў 1795 годзе змяніў на настаяцельскім пасту Бенедыкта Лядзецкага (у далейшым айцец Іаан стаў роданачальнікам цэлай дынастыі святароў). Ды толькі будаўніцтва распачалі не побач са старой царквой і нават не ў суседніх буйных вёсках Казлы або Сілічы, а ў Рудніках, такіх жа маленькіх, як Забаб‘е. Каб ацаніць выбар, дастаткова зірнуць на карту: Руднікі размешчаны амаль у самым цэнтры прыходу. Вырашылі, што гэтак будзе зручней і для настаяцеля, і  для жыхароў аддаленых паселішчаў.

церковь в Рудниках

 

З уводам у строй Рудніцкай царквы, асвечанай у гонар Успення  Прасвятой Багародзіцы, скончылася існаванне храма ў Забаб‘і. У вопісы “Архіву ўніяцкіх мітрапалітаў” прысутнічае апошні ўпамін аб Забабскай царкве, датаваны 1799 годам, і першы – аб Рудніцкай, датаваны 1800 годам.

З гэтага часу Забаб‘е перастае фігураваць у дакументах і як вёска: у розныя часы і ў розных крыніцах  яго называюць маёнткам, фальваркам, асадай.

У перапісу 1857 года населены пункт пад такой назвай наогул не ўпамінаецца, а дзевяццю гадамі пасля, у 1866-м, значыцца як панскі маёнтак у дзевяць двароў. Забягаючы наперад, скажу, што, згодна з дадзенымі на 1890 год, маёнткам Забаб‘е (987 дзесяцін зямлі, у асноўным, ворыўнай) валодаў Уладзімір Гольч, а аднайменным фальваркам, які па-ранейшаму лічыўся часткай маёнтка Сялец, – Сігізмунд Гольч.

З 1795 года настаяцелямі Рудніцкага прыходу пераемна служылі Іаан сын Стэфана, Васіль Іаанавіч і Канстанцін Васільевіч Макавельскія.makovelskij-konstantin-pamyatn

Васіль змяніў бацьку на святарскім пасту ў лістападзе 1824 года (той дастаткова доўгі яшчэ час дапамагаў сыну. Больш пра яго мы нічога не ведаем, акрамя таго, што ў 1838-м  перайшоў у праваслаўе). Васіль Іаанавіч служыў у Рудніках 34 гады, а потым выйшаў за штат і саступіў прыход свайму сыну.  Вось пра апошняга мне хочацца расказаць больш, як пра чалавека, якога ўзгадваю кожны раз, як бачу цяперашнюю рудніцкую — Свята-Пакроўскую — царкву. Гэта ён яе будаваў.

У 1834 годзе ў вёсцы Руднікі ў сям‘і святара нарадзіўся сын Канстанцін. Як тыпова было для таго часу, ён  пайшоў па бацькавым шляху: у 1851 годзе скончыў Літоўскую духоўную семінарыю і стаў настаўнікам Кобрынскага духоўнага вучылішча. Толькі праз чатыры гады малады чалавек быў рукапакладзены ў сан святара. Першым яго прыходам быў Тэвельскі, а ў сакавіку 1858 года айцец Канстанцін вярнуўся на сваю малую радзіму і сумленна служыў землякам.

Мяркуючы па апісанні, напрыканцы 1872 года маленькія Руднікі не выглядалі занядбанай вёсачкай сярод непраходных балот: добрыя сялянскія хаты, будынкі валаснога праўлення і народнага вучылішча, дамы святара і  псаломшчыка рабілі іх падобнымі на мястэчка. Асабліва дастойны выгляд надавалі дзве царквы: старая драўляная і новая цагляная, што размяшчаліся паблізу адна ад другой. Навошта адразу дзве? — спытаеце вы.

А справа была так. Калі сабраліся ў 1866 годзе будаваць новую царкву, прыхаджане выказаліся за тое, што стаяць яна павінна на тым самым месцы, што і папярэдняя. Але ж калі разбурыць старую, то прыход — 19 вёсак, больш чым 4500 чалавек,  акажуцца зусім без храма. І мясцовы царкоўны савет атрымаў дазвол епархіяльнай адміністрацыі перанесці стары будынак на вясковыя могілкі, тым больш,  што за гэта выказваліся і прыхаджане. Але ж да могілак ад цвінтара ўсяго з паўвярсты. Няўжо разбіраць і потым складваць зноў драўляны будынак? І сяляне вырашылі, што варта паспрабаваць перанесці яго цалкам, не разбіраючы. Маўляў, так і танней будзе. Кіраваць гэтай складанай справай узяўся жыхар Харавы Іван Барысевіч (гэтая вёска, зразумела, не ўваходзіла ў Рудніцкі прыход, але, напэўна мужык быў талковы, прыдпрымальны, таму і запрасілі).

Фактычна, працэс ішоў класічны: з чатырох бакоў узялі сцены ў драўляныя зажымы з жалезнымі шкворнямі (іх спатрэбілася 60). Вынялі падлогу, і пасля гэтага прыўзнялі дастаткова вялікі будынак цалкам, з купаламі, дахам, столлю, падклалі пад яго  падоўжаныя брусы-падрубы, а ўпоперак — круглыя каткі з сасновага дрэва.  Дарогу, па якой трэба было цягнуць храм, не проста выраўнялі — паклалі на яе сасновыя бярвенні, каб паверхня пад каткамі была цвёрдай і гладкай. І — наперад.

З трэцяй спробы ўдалося зрушыць царкву з месца і ў першы дзень «праехаць» алтаром наперад адзін сажань, каля паўтара метра шляху.

Між іншым, справа была ў верасні, роўна 150 гадоў таму.

Калі выйшлі на роўную дарогу, сталі рухацца шпарчэй і давезлі храм да самых могілак. Тут аказалася, што давядзецца ўздымацца на ўзгорак, на рыхлы грунт. Праблема? Яе вырашылі сяляне, чые ўчасткі зямлі былі побач: ахвяравалі іх для пашырэння могілак. Айцец Канстанцін асвяціў новадалучаны да могілак участак, тут зрабілі каменны падмурак — і да  9 снежня царква была гатова. Яе ўрачыстае асвячэнне правёў Мікалай Жуковіч, на той час памочнік Пружанскага благачыннага.

Перанясенне храма абышлося прыхаджанам у 221 рубель серабром, падлічаны былі і рабочыя дні — 6800 пешых, 600 запрэжных.

Хутка пасля гэтага пачалося будаўніцтва цаглянай царквы на 700 чалавек. Урадам на яе было выдзелена больш 17,7 тысячы рублёў. Але ўсю чорную работу жыхары Рудніцкай воласці выконвалі бясплатна. Шмат паступіла ахвяраванняў — не толькі грашыма, але і царкоўным начыннем. На дабрачынныя ўзносы сярод іншага купілі ў Маскве званы ў 20 пудоў вагой.

Шэсць гадоў сяляне будавалі свой храм. 27 снежня 1872 года адбылося яго асвячэнне. Было пахмурна і непагодліва, ішоў халодны дождж, але, нягледзячы на гэта, сабралося больш тысячы чалавек. Не толькі мясцовыя жыхары: з‘ехаліся ганаровыя госці з Пружан. Свята-Пакроўскую царкву таксама асвячаў ужо благачынны Мікалай Жуковіч.dsc04786

Але ў новым храме протаіерэй Канстанцін Макавельскі затрымаўся ненадоўга. Праз два гады пайшла з жыцця яго жонка Аляксандра Пятроўна, а ў красавіку 1878 года ён быў пераведзены на служэнне ў Брэст-Літоўскі Мікалаеўскі гарнізонны сабор. У Брэсце і быў пахаваны ў лістападзе 1880 года.

На здымках:

1.Рудніцкая царква не памянялася амаль за паўтара стагоддзя. Каля яе — старажытны крыж без надпісаў. Магчыма, тут быў пахаваны Іаан Макавельскі? Хто ведае…

  1. Магіла Канстанціна Макавельскага на Трышынскіх могілках у Брэсце.
  2. Магіла матушкі Аляксандры ў Рудніках.

Ірына Сядова.

(Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *