Понедельник, 10 декабря 2018

Вясковы рэнесанс на сцежках Міколы Тарасюка

761

Прывітанне, майстар! Вось і зноў  сцежка памяці прывяла да цябе шматлікіх гасцей.

Але ўсё гэтае дзейства, якое сёння тут адбываецца, патрэбна ўжо не Мікалаю Тарасюку, а тым, хто імкнецца захаваць спадчыну вясковага самабытнага разьбяра, зберагчы для нашчадкаў ягоныя творы – успаміны Бацькаўшчыны. І самае галоўнае – не даць знікнуць маленькай кропачцы на карце, малой радзіме майстра вёсцы Стойлы.  Другі раз тут прайшоў пленэр “Сцежкамі Міколы Тарасюка”. Арганізатарамі яго сталі грамадскае аб‘яднанне аматараў мастацтваў рэгіёна “Белавежская пушча” і Брэстчыны “ТУР”, гаспадары аграсядзібы “Стулы” Ларыса і Аляксандр Быцко і Людміла Карнеева.img_8136

Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў пленэра ў мінулую суботу стаў вернісаж-успамін, на які сабраліся больш за сотню жыхароў раёна, вобласці, Беларусі і нават замежжа.img_8080

-У мінулым годзе, калі Мікола Тарасюк пайшоў з жыцця, мы зладзілі скульптурную кампазіцыю на  сцежцы да ягонай хаты, — кажа Ларыса Быцко. – За невялікі час выява Майстра і імправізаванай капліцы-крыжа стала месцам культурнага паломніцтва. Кожны, хто прыязджае ў вёску, лічыць сваім абавязкам ці гонарам прысесці на гэтай лаўцы. І вось — працяг праекта. Мы вырашылі ўстанавіць побач інфармацыйны стэнд, каб было большае ўяўленне пра Тарасюка і ягоныя творы. А яшчэ мяркуем стварыць, калі атрымаецца, цэлую алею драўляных выяў. img_8284

Пад векавой вялізнай ліпай каля аграсядзібы «Стулы» і адкрылі ў мінулую суботу кампазіцыю «Пачатак». Якраз на тым самым месцы, дзе Мікалай Тарасюк аднойчы ўзгадаў удзячным слухачам  сямейную легенду. Сэнс яе такі.

Дзед яго Міхаль падчас Першай сусветнай вайны быў у бежанстве ў расійскай глыбінцы, працаваў аб‘ездчыкам. І вось аднойчы, калі пасвіў коней, яму з‘явіўся “імпал” (ці то дух, ці то прывід) – стары дзіўнага выгляду. Разгубіўся Міхаль, а стары той памаліўся Богу і кажа: калі ў цябе народзіцца першы ўнук, дай імя яму Мікалай і падары вось гэта — і  працягнуў кнігу і залаты пярсцёнак. Сапраўды, захавалася ў сям‘і Евангелле дарэвалюцыйнага выдання.  Але няўжо сам святы Мікалай адарыў вясковага мужычка? Адкуль інакш у пушчанскай вёсцы, сярод простых людзей і будзённых прац з‘явіўся такі мастак? Не інакш, як Божы пасыл.img_8294

Праўдзівая або выдуманая гэтая гісторыя? Не сакрэт, што Мікола Тарасюк быў вялікім фантазёрам, аматарам жартаў і баек.

Ды толькі  мастацтва без фантазіі – нішто.img_8081

Гэта і даказалі мастакі-разьбяры, якія з‘ехаліся на пленэр літаральна з усёй краіны: Сяргей Козел з Баранавічаў, Мікола Задрэйка з Івянца, народны майстар Беларусі Анатоль Туркоў з Камянца, Мікалай Скляр з Гродна… Працавалі, як кажуць, на грамадскіх пачатках, не патрабуючы аплаты. Як сказаў Мікалай Сцяпанавіч Скляр: “Аддам сваю творчасць, сваю працу ў памяць гэтага беларускага Пірасмані,  можа быць, хто-небудзь некалі гэтак зробіць і для мяне”…img_8059

Грамадскае аб‘яднанне “ТУР” не ўпершыню выступае сааўтарам і арганізатарам разнастайных праектаў на Пружаншчыне. Яго кіраўнік Анатоль Туркоў  шчыра падтрымаў і  ідэю “Сцежак”. Гэта ён зрабіў мінулай вясной драўляную скульптуру Міколы Тарасюка. Зараз задачай мастака было стварэнне вобраза дзеда Міхаля. Якім уявіў яго разьбяр? Анатоль Савельевіч кажа: “На маю думку, уся ідэя гэтай кампазіцыі пачынаецца з дзеда. Я зрабіў яму твар, на якім сумненне: ці наяве ўсё гэта адбываецца, ці не сон?

Мікалаю Скляру, напэўна, было яшчэ складаней: калі Міхаль – рэальны чалавек з рэальнымі пачуццямі, то як увасобіць у дрэве дух, уяўленне, фантазію? “Ды не, — сцвярджае майстар, — я ж разам з дзедам Тарасюка бачыў гэтага “імпала”, такім і зрабіў”…img_8281

Узмахнулі вясёлкавымі крыламі і ўпалі, адкрываючы кампазіцыю, саматканыя посцілкі. Адгучалі апладысменты. Гледачы змаглі падысці ўшчыльную да драўляных фігур, памацаць пярсцёнак у руце Міхаля (на шчасце!), адчуць пад рукой шурпатую структуру дрэва – нібы ўслед за мастакамі “душу жывую ўзяць у далоні”. Раптам дзявочы вокліч: “У яго ж слязінка на шчацэ!” І паспрабуй здагадайся: ці ў растрывожанага і расчуленага нечаканым падарункам Міхаля сапраўды змакрэлі  вочы, ці прамень не па-восеньску яркага сонца бліснуў на свежа апрацаванай  драўніне?..img_8186

Наведалі і музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. На жаль, пакуль да канца не вырашыліся многія пытанні, звязаныя з творчай спадчынай народнага майстра, але дачка  Лідзія Мікалаеўна Шчука запэўніла: “Яго сям‘я зацікаўлена ў тым, каб музей працаваў. Праблем, у тым ліку матэрыяльных, дастаткова многа, але ў нас ёсць планы, у нас ёсць задумкі. І я лічу, што музей Тарасюка павінен і будзе працаваць”.img_8099

Усім прысутным (і духу Міколы Тарасюка, які, здаецца, так і лунае над наваколлем) спявалі цудоўныя фальклорныя групы “Чабатухі” з вёскі Сташаны Пінскага раёна і “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкі. Апошнія, дарэчы,  на тым жа дыялекце, што размаўляў Тарасюк. Кіраўнік групы Наталля Дырман кажа: “Він любыв той куток, дзе родывся-прыгодывся, ён не покынув яго. Він любыв жызнь і свою роботу. Я нэ думаю, каб він лічыв, што робыць нешта асаблівае: просто жыв і робыв чэсна, талантліво. Так можна пра його і сказаты: робы, што хочаш, і любы, што робыш”.img_8220

Не толькі пленэрам   уразіў прысутных гэты  яшчэ па-летняму цёплы вераснёўскі дзень. Фактычна тут перапляліся адразу некалькі  накірункаў. Калі сацыяльны праект “Сцежкамі Міколы Тарасюка” сёлета  стаў пераможцам  (плюс атрымаў прыз глядацкіх сімпатый) у конкурсе “Social Weekend”, то “Вясковы рэнесанс” быў пачаты ў Стойлах яшчэ ў 2014 годзе. Галоўнай яго мэтай называецца адраджэнне Стойлаў. У рамках праекта была складзена і ўстаноўлена на ўездзе карта вёскі.img_8083-mozhet-etu-cvet

Другой ступенню стаў культурна-адукацыйны цэнтр “Вясковы рэнесанс”, урачыста адкрыты на аграсядзібе “Стулы”. Вялікі драўляны павільён-альтанка шматфункцыянальны: прызначаны і для творчых сустрэч, і для выстаў-вернісажаў, майстар-класаў, і для сяброўскіх застолляў.img_8131

Ларыса Мікалаеўна кажа: “Калі мы пачалі займацца сацыяльнымі праектамі, зразумелі, наколькі гэта адказна. Гэта класна, калі за цябе галасуюць, табе ставяць шмат лайкаў у інтэрнэце. Але тут справа не ў лайках: сацыяльныя праекты  раскрываюць  чалавечыя адносіны, глыбіні чалавечай душы”.img_8206

Цёплым было не толькі надвор‘е — уся  атмасфера сустрэчы, прасякнутая творчасцю, радасцю сумеснай добрай справы. Не часта сустракаешся цяпер з такой колькасцю не “арганізаваных”, не запісаных на паперцы, а ад душы сказаных адзін аднаму слоў удзячнасці. Але і сапраўды, падобныя  сацыяльныя праекты і трымаюцца на шчырасці, дабрыні, імкненні зрабіць дабро.img_8067

Як лічыць Галіна Верамейчык  – кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў: “Мы, людзі 21-га стагоддзя, вельмі прагматычныя, і калі нешта робім, гэта павінна быць некаму на карысць. У дадзеным выпадку — наступным пакаленням, нашчадкам”.

 Ірына Сядова. Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *