Понедельник, 24 сентября 2018

Деньги новые, а мошенники прежние

544

Як і іншыя эканамічныя і фінансавыя змяненні, грашовая дэнамінацыя ў Беларусі прыцягвае розных махляроў і фальшываманетчыкаў. Як зазначае начальнік райаддзела міліцыі А.В.Гук, супрацоўнікі праваахоўных органаў папярэджаны аб неабходнасці звяртаць на гэта ўвагу.money

— Нягледзячы на тое, што дэнамінаваныя грошы ўзору 2009 года сталі даступнымі толькі з  1 ліпеня, яшчэ да гэтага рэгістраваліся розныя факты махлярства,— расказвае Аляксандр Васільевіч.— У нашым раёне з пачатку года зарэгістраваны два выпадкі падману людзей, прычым у адным з іх жыхарцы вёскі заезджыя «гандляры» прапанавалі як мага хутчэй пазбаўляцца ад старых грошай, а менавіта набыць «танна» посуд. І гаспадыні ён увогуле не патрэбны быў, але госця знайшла псіхалагічны падыход і, як кажуць, задурыла галаву.

У групу рызыкі ўваходзяць менавіта састарэлыя людзі. Аднойчы жыхару нашага раёна замест расійскіх рублёў  махляр падсунуў сенегальскія купюры.

Наогул, нельга пагаджацца на любы абмен грошай, што прапануюць незнаёмцы. І не таму, што гэта забараняецца законам, а таму, што не мае сэнсу. Па-першае, купюры ўзору 2000 года будуць у абароце яшчэ паўгода паралельна з новымі грашыма, па-другое, на працягу наступных пяці гадоў іх можна будзе спакойна памяняць у банку.

Каб пазбегнуць магчымага ўсплеску фактаў фінансавых махінацый, супрацоўнікі міліцыі зараз сумесна з прадстаўнікамі сацыяльных служб наведваюць састарэлых жыхароў раёна і тлумачаць усе нюансы чакаемай дэнамінацыі. Такія ж размовы вядуцца з кіраўнікамі і работнікамі сельвыканкамаў, вясковымі старастамі і дружыннікамі, каб яны кантралявалі сітуацыю і своечасова інфармавалі праваахоўныя органы ў выпадку парушэння законнасці. Асаблівая ўвага звяртаецца на неабходнасць своечасовага паведамлення аб учыненых злачынствах.

— Калі вы атрымалі прапанову памяняць грошы «на даму», ведайце — гэта махлярства. Абавязкова адразу патэлефануйце ў дзяжурную часць па нумары 102 з любога тэлефона,— заклікае А.В. Гук.— У нас ёсць выпадкі, калі грамадзяне звяртаюцца ў міліцыю з просьбай адшукаць махляра праз месяц і больш. Але ж таму часам дастаткова сутак, каб схавацца ў іншай краіне. Напрыклад, летась толькі дзякуючы аператыўнаму паведамленню была затрымана ў Брэсце група жанчын з Крыма, якія займаліся махлярствам. А вось грамадзянку Украіны, якая на станцыі Аранчыцы падманула каля дзясятка чалавек, прапануючы дапамогу ў афармленні  віз, па гарачых слядах арыштаваць не ўдалося, бо пацярпелыя паведамілі пра факты вельмі позна.

Варта папярэдзіць і тых асоб, хто мяркуе разжыцца такім чынам: у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам за махлярства прадугледжана крымінальнае пакаранне па ч.2 арт.209 да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *