Четверг, 24 мая 2018

Как выбрать арбуз, который не повредит здоровью? Читатель «РБ» столкнулся с трудностями

512

Як выбраць смачны кавун? Адказ на гэтае пытанне, здаецца, ведае нават малое дзіця: агледзець «хвосцік» на прадмет сухасці, праверыць на слых, пастукаўшы па ягадзе. Але як выбраць кавун, які не пашкодзіць здароўю? Вызначыць наяўнасць і ўзровень утрымання нітратаў — соляў азотнай кіслаты — на вока немагчыма.

Самыя дасведчаныя, канешне, скажуць:  спосаб засцерагчы сябе ад нітратаў — купляць не толькі кавуны, але і любую агародніну, садавіну на спецыялізаваных рынках, дзе ў прадаўца ёсць адпаведная даведка з лабараторыі. Але, як паказвае жыццё, рынак — не панацэя ад няякаснай бахчы…arbuzom2-350x260

Незалежны эксперымент паказаў

Перш чым падзяліцца з карэспандэнтам «раёнкі» сваёй гісторыяй, гараджанін Віктар Іванавіч робіць невялікае адступленне: «Я не дзеля склокі вырашыў правесці свой незалежны эксперымент: заўсёды прытрымліваўся актыўнай грамадзянскай пазіцыі, і мне не ўсё роўна, што адбываецца ў горадзе, дзе глыбока пушчаны мае карані».

А падштурхнула пружанца прыйсці ў рэдакцыю вось што. 11 верасня наш чытач хацеў паласавацца кавуном: прыйшоў на гарадскі рынак, падышоў да машыны, дзе прапаноўвалі смачную ягаду, як запэўніваў прадавец, астраханскую. Расплаціўшыся за пакупку, Віктар Іванавіч паспяшаўся дамоў. Адразу есці кавун не стаў — вырашыў выпрабаваць свой новы прыбор — экатэстар «СОЭКС» — і заадно праверыць ягаду на нітраты. Да ведама: такі прыбор спалучае ў сабе дзве функцыі — нітратамера, што дазваляе хутка ацэньваць бяспеку свежых агародніны і садавіны па ўтрыманні ў іх нітратаў, і дазіметр, які дае імгненную адзнаку радыяцыйнага фону як прадуктаў, так і паветра, любых прадметаў. Вынік, мякка кажучы, шакіраваў мужчыну: утрыманне соляў азотнай кіслаты ажно ў тры разы перавышала дапушчальнае — 184 мг/кг замест максімальных 60 мг/кг для кавуноў. Ашаломлены вынікам даследавання, Віктар Іванавіч адправіўся на рынак, каб вярнуць няякасны кавун прадаўцу.nitraty4

— Да таго часу прадпрымальны гандляр паспеў рэалізаваць палову свайго тавару, — расказвае пакупнік. — Я папрасіў прадаўца кавуноў забраць свой тавар, прадэманстраваўшы перад людзьми, якія стаялі ў чарзе, прычыну вяртання пакупкі, і даць тлумачэнне. Але дакументаў ніякіх ён не мог паказаць.

Якім чынам кавуны, «перакормленыя» хіміяй, трапілі на прылавак, гараджанін хацеў даведацца і ў лабараторыі, што працуе на рынку. Але адказам кантралёра застаўся незадаволены.

— Час набліжаецца да поўдня, а мне тлумачаць: маўляў, гэты прадавец проста яшчэ не прайшоў праверку. Я так разумею, што людзі, якія рэалізуюць прадукты харчавання, увогуле не павінны дапускацца да гандлю з неправераным таварам.20160912_7419

Аналіз кавуноў у лабараторыі ўсё-такі зрабілі, без прысутнасці пабочных асоб: перавышэнне NO3, хаця і не такое вялікае, але таксама было — 89,8 мг/кг. Паводле слоў Віктара Іванавіча, даведку з адпаведнымі вынікамі, праўда, спачатку не хацелі яму выдаваць. Але адказаў на свае пытанні: чаму мела месца гэтая сітуацыя і якім чынам наладжаны лабараторны кантроль на пружанскім рынку, — мужчына не атрымаў.

Віктар Іванавіч правёў яшчэ некалькі сваіх «незалежных праверак». У магазіне «MART INN» уся агародніна аказалася абсалютна безнітратнай, а вось у  пэўнай частцы  сельгаспрадукцыі з уласных прысядзібных участкаў жыхароў раёна, якая прадавалася на рынку, яго прыбор паказаў павышаныя дозы азоту.

Як павінен адбывацца гандаль кавунамі?

Аб гэтым мы папрасілі расказаць урача-гігіеніста Пружанскага РЦГЭ Л.Л.Бяліцкую.

— Справа ў тым, што ў лабараторыі, якая працуе на гарадскім рынку, ёсць магчымасць праводзіць вельмі абмежаваны спектр даследаванняў. У прыватнасці, утрыманне радыенуклідаў і нітратаў можна вызначыць хіба што толькі ў прадуктах, традыцыйных для нашых прысядзібных участкаў.

Што тычыцца кавуноў, як зазначыла Людміла Леанардаўна, праверыць іх на канцэнтрацыю соляў азотнай кіслаты ў пружанскай лабараторыі праблематычна. Увогуле, адпаведнасць якасці гэтага тавару вызначаецца ў акрэдытаваных лабараторыях, дзе ёсць магчымасць вымераць цэлы пералік шкодных рэчываў. А гэта значыць, што на кавуны ў прадаўца яшчэ пры ўвозе на тэрыторыю краіны павінны быць адпаведныя дакументы — пратаколы даследаванняў, якія засведчваюць бяспеку і якасць ягады.

— А паказанні, якія атрымаў мужчына падчас сваёй экспертызы, на жаль, нельга браць у разлік, калі гэты прыбор пасля пакупкі не прайшоў паверку ў Цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.

У выніку, канешне, пытанне так і засталося адкрытым: як так атрымліваецца, што на прылаўках, «чыстку» якіх павінны рабіць паўнамоцныя асобы, аказваюцца прадукты з перавышэннем дапушчальных нормаў нітратаў? Калі вынікі замераў бытавымі прыборамі не з’яўляюцца нагодай для рэагавання, чаму да гандлю дапусцілі прадаўца, які нават не змог прадаставіць пакупніку дакументаў, якія пацвердзілі б адпаведнасць тавару нормам?1435331475_1310968807

Чым шкодныя нітраты?

Нітраты — гэта солі азотнай кіслаты. Асноўнай крыніцай паступлення нітратаў у чалавечы арганізм з’яўляюцца прадукты расліннага паходжання і вада. Увогуле, сама па сабе прысутнасць нітратаў у арганізме чалавека натуральная.

Усё вырашае колькасць: шкоду наносіць лішак гэтых рэчываў — перш за ўсё пераўтварэннем у атрутныя нітрыты і нітразаміны, што адбываецца як у саміх прадуктах харчавання, так і ў арганізме чалавека. Разам са шчодрай дозай нітратаў чалавек атрымлівае шэраг праблем са здароўем. Самая бяскрыўдная небяспека, якая існуе пры перавышэнні максімальнага парогу ўтрымання ў прадукце, — атручванне. Прыкметы вострага атручвання могуць узнікаць праз адну-шэсць гадзін пасля паступлення таксічных доз у арганізм. Атручванне солямі азотнай кіслаты суправаджаецца млоснасцю, расстройствам кішэчніка, павелічэннем печані і болямі пры яе абмацванні, паніжэннем артэрыяльнага ціску. Могуць з’явіцца і больш сур’ёзныя сімптомы: галаўны боль, шум у вушах, сутаргі мышцаў твару, пагоршаная каардынацыя рухаў, страта прытомнасці і нават кома. У лёгкіх выпадках справа можа абмежавацца расстройствам кішэчніка, санлівасцю і прыгнечаным станам псіхікі.

Праверка на нітраты ў хатніх умовах

Ёсць некалькі прымітыўных спосабаў, якія носяць рэкамендацыйны характар, каб праверыць кавун на нітраты ў хатніх умовах. Паверцы, як, напрыклад, прыбор «СОЭКС», яны не падлягаюць, так што застаецца верыць на слова тым, хто гэта раіць.

* Цэлы кавун можна апусціць у ёмістасць з вадой (напрыклад, у ванну): калі ягада ўсплыве, значыць яна якасная, калі пойдзе на дно — з нітратамі.

* Калі зрэз кавуна няроўны, з крупінкамі — гэта добра. А гладкі зрэз можа сведчыць пра высокае ўтрыманне нітратаў.

* Буйныя жаўтаватыя ці бялёсыя пражылкі на разрэзе — відавочная прыкмета таго, што кавун «перакармілі» ўгнаеннямі.

* Кавалачак мякаці кавуна можна апусціць у чыстую ваду і пакінуць на 15 хвілін. Калі вада проста стане каламутнай ад мякаці — кавун нармальны, а калі афарбуецца ў яркі ружовы ці чырвоны колер — кавун перакормлены або падфарбаваны.

Ужыванне кавуна

Варта памятаць і элементарныя правілы ўжывання кавуна.

* Кавун — самастойная страва. Таму есці яго лепш за дзве га-дзіны да альбо праз дзве гадзіны пасля асноўнага прыёму ежы. Спалучэнне кавуна з іншай ежай можа перагрузіць страўнік.

* Перад ужываннем кавун неабходна старанна вымыць чыстай вадой.

* Больш за ўсё нітратаў назапашваецца ў лупінах пладоў, таму не варта выядаць кавун да самай лупіны.

Майце на ўвазе!

Дапушчальнае ўтрыманне нітратаў у некаторых пладах

 

Кавуны, яблыкі,

вінаград,  грушы                                     60 мг/кг

Дыня                                                         90 мг/кг

Таматы грунтовыя                              100 мг/кг

Таматы цяплічныя                              200 мг/кг

Агуркі грунтовыя                                 150 мг/кг

Агуркі цяплічныя                                  300 мг/кг

Бульба                                                      150 мг/кг

Капуста

         белакачанная                                400 мг/кг

Морква                                                    200 мг/кг

Цыбуля рэпчатая                                   80 мг/кг

Цыбуля-пяро

            цяплічная                                   800 мг/кг

Буракі                                                    1400 мг/кг

Радыс                                                     1500 мг/кг

Кабачкі                                                    400 мг/кг

Зеляніна  2000 мг/кг

Падрыхтавала Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *