Пятница, 21 сентября 2018

Атлантыда, або Страчаны свет Забаб’я

671

Самаўпэўненасць — сястра гардыні. І, як любы грэх, бывае пакарана. Так яно і здарылася.

Каля чатырох гадоў таму нарадзіўся мой першы артыкул з цыкла “Святары і святыні”. Калі дасведчаны чытач памятае, у ім праводзілася своеасаблівае гістарычнае расследаванне і расказвалася пра неіснуючыя цяпер цэрквы ў вёсцы Котра і на Пескаўскіх могілках і лёс мучаніка-святара Рамана Рапацкага.

Дастаткова было пацягнуць за нітачку, як пачаў размотвацца цэлы клубок: біяграфіі, падзеі, паданні… Як аказалася, царкоўнае краязнаўства захоўвае шмат таямніц. Каб разгадаць хай і невялікія загадкі мінулага, спатрэбілася і з архіўнымі дакументамі працаваць, і ў старых фотаздымках разбірацца, і надмагільныя помнікі на могілках шукаць. Перагартаўшы падшыўкі “Гродзенскіх епархіяльных ведамасцяў” за паўтара дзясяткі гадоў і пратаптаўшы сцежкі па палове пагостаў раёна, яшчэ гэтай зімой была ўпэўнена, што вельмі нядрэнна арыентуюся ў гісторыі мясцовых цэркваў. І адразу атрымала пстрычку па носе…

У сакавіку ў якасці цікавага чытання я выбрала нядаўна выдадзеную кнігу маладога гісторыка Дзяніса Лісейчыкава “Святар у  беларускім соцыуме”– грунтоўнае навуковае даследаванне жыцця і дзейнасці ўніяцкага духавенства. У першую чаргу, зразумела, звяртала ўвагу на мясціны і прозвішчы, якія тычацца Пружаншчыны.

Уніяцкіх цэркавак на тэрыторыі раёна аказалася шмат, у асноўным, прадцечы сённяшніх праваслаўных храмаў: у Аранчыцах, Вяжным, Зельзіне, Сухопалі… І раптам сустрэлася незнаёмая назва: Забаб‘е. Дакладна ведаю, што няма ў нас такой вёскі, а тут сцвярджаецца: не толькі была, але і царква ў ёй стаяла.

Амбіцыі гучна закрычалі: “Гэта памылка!” Цікаўнасць сціпла падштурхоўвала: “Шукай”. Ужо не ведаю, як там яны дамаўляліся паміж сабой, але ў рэшце рэшт давялося ўзяцца за геаграфічныя карты і энцыклапедыі, каб зноў згуляць у займальную гульню ў пытанні і адказы.

«Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», складзены напрыканцы XIX стагоддзя, вызначыў ажно тры значэнні назвы Забаб‘е: першае — маёнтак у гміне Руднікі Пружанскага павета, другое — аднайменны фальварак там жа, які ўваходзіў у маёнтак Сялец, і трэцяе – іншая назва вёскі Казлы.

Паверым слоўніку. Тым больш, што і сёння, як растлумачылі мне ў Мокраўскім сельвыканкаме, бліжэйшую да суседніх Сілічаў частку вёскі мясцовыя старажылы называюць Забаб‘ем. Але ні ў якіх даведніках і энцыклапедыях не знайшла аповядаў аб росквіце і знікненні вёскі, будаўніцтве і зруйнаванні мясцовай царквы. Аб гэтым, як і аб трагічным лёсе яе апошніх насельнікаў,  давялося даведвацца паступова, па розных крыніцах.

Спачатку знайшоўся  ўпамін аб Забаб‘і ў дакументах першай паловы XVI стагоддзя. У актавай кнізе прывілеяў, дадзеных шляхце і святарам Пінскага павета, складзенай у 1554 годзе, занатавана, што паны Дашко і Пракоп Сілічы маюць прывілей “слаўнай памяці каралевы і вялікай княгіні Боны на маёнтак і сяло Забаб‘е, дадзенае за выслугу ад пана Станіслава Віштарта дзеду іх Васку Пракудзе”.

У грамаце каралевы Боны, пазначанай  6 студзеня 1529 года, гаворыцца, што бацька Дашка і Пракопа зямянін Сіла Антонавіч атрымаў ад свайго дзядзькі баярына Сялецкага Васка Пракуды Меляховіча завя-шчанне, у якім той адпісвае пляменніку (на ўмовах, што той дагледзіць і пахавае яго і ягоную жонку нібы ўласных бацьку і маці) вотчыну ў Бортнавічах і выслугу, дадзеную панам Станіславам Віштартам, у Хараве. Прывілеем агаворваюцца ўваходы з гэтай аселасці “ў пушчу яго міласці гаспадарскую Лыскаўскую”, у тым ліку: “І на гэтым баку Ясельды дрэва бортнае памежнае з падданымі яго каралеўскай міласці сяла Забабскага…”

Падобна, памяць аб сынах Сілы Антонавіча – шляхціцах, якія абавязваліся каралеве Боне “служыці конна і збройна, як і іх продкі служылі”, засталася дагэтуль, у назве вёскі Сілічы.

На дадзеным этапе  магу толькі рабіць згадкі, калі ў Забаб‘і з‘явілася царква: звестак аб гэтым не знайшла. Дакладна можна сцвярджаць толькі аб тым, што ў першай чвэрці XVIII стагоддзя яна ўжо існавала: сярод прозвішчаў   уніяцкіх святароў, прыве-дзеных у працы Дзяніса Лісейчыкава, узгадваецца, што з лістапада 1725 па снежань 1729 года адным з двух адміністратараў Забабскай царквы быў Юры Сяцкевіч, а па стане на снежань 1729 года – яшчэ і Геранім Васілеўскі.

Ёсць і ўскосныя звесткі. У 1759 годзе цэрквы Брэсцкага дэканата, у тым ліку і Пружанскай дыяцэзіі, наведаў Антоній Караньчэскі, афіцыял і візітатар брэсцкі. Спадар Лісейчыкаў (вельмі яму ўдзячна) у адказ на мае пытанні даслаў файлы   аблічбаваных рукапісаў-візітацый, дзе гаворка ідзе пра цэрквы Пружаншчыны: чытайце.vizitaciya

Канкрэтнай даты і тут, на жаль, не аказалася. Візітатар піша толькі, што царква ў гонар Святога Георгія Мучаніка ў Забаб‘і была пабудавана яснавяльможным панам Сапегам, падканцлерам ВКЛ, але ні імя, ні год не ўказваюцца. Магчыма, можна неяк  іх «вылічыць»? Мы ведаем, што Сапегі ахвотна ўкладвалі сродкі ў будаўніцтва храмаў. Згодна з дадзенымі на 1703 год, прадстаўнікі гэтага вялікага роду сталі фундатарамі 32 цэркваў. Але пасаду падканцлера, калі верыць Вікіпедыі, займалі ў розныя часы толькі трое з Сапегаў: Леў Іванавіч (у 1585-1589 гады), Павел Стэфан (1623-1635 гг.) і Казімір Леан (1645-1656 гг.).kazimierz_lew_sapieha

Тэарэтычна, заснавальнікам Забабскай царквы мог быць любы  з гэтых трох. Але на цяперашнім этапе здагадак і меркаванняў схіляюся да асобы Казіміра Леана. Сыну Льва Іванавіча Сапегі былі не па чутках знаёмы гэтыя мясціны. Пасля смерці бацькі і старэйшага брата ён валодаў Ружанамі і шматлікімі навакольнымі землямі. Так-так, гэта той самы магнат, які  пышна сустракаў у Ружанскім палацы караля Уладзіслава IV (інсцэніроўку  сустрэчы  робяць тутэйшыя музейныя работнікі падчас урачыстых рэгістрацый шлюбаў «пад старажытнасць»).  Пры Казіміры Леане мястэчка атрымала Магдэбургскае права і  абзавялося гербам з постаццю Святога Казіміра ў ружовым вянку. Пэўны час ён выконваў абавязкі адміністратара Берасцейскай эканоміі – вялікай каралеўскай гаспадаркі, у склад якой уваходзіла значная частка цяперашняй Пружаншчыны, і многае рабіў для яе працвітання.  Нават пахаваны  быў непадалёку — у фактычна ім жа закладзеным картэзіянскім манастыры ў Бярозе, якая таксама адносілася да яго ўладанняў.

Што яшчэ пра Забабскую царкву можна даведацца з “Візітацый” 1759 года?

Тут падрабязна апісваецца знешні і ўнутраны выгляд, начынне для богаслужэнняў, вопратка ксяндза. Па іх можна зрабіць вынік, што рашэнні Замойскага сабора 1720 года, які зацвердзіў яшчэ большае набліжэнне богаслужэбнага абраду і афармлення ўніяцкай царквы да рыма-каталіцкай, мясцовыя святары  дакладна выконвалі.

Цэркаўка была, зразумела, драўлянай. Назваць яе шыкоўнай і багатай немагчыма. Хаця сцены і столь на момант праверкі знаходзі-ліся ў нядрэнным стане, але дах — кепскі, часткова саламяны, часткова папсаваны гонтавы, з двума купаламі, у адным з якіх вісіць звон. Уласна званіцы няма, толькі на галіне вялікай ліпы — сігнатурка (напэўна, засталася ад званіцы ці то вежка, ці то выява, якой заканчвалася некалі яе наверша). Але цвінтар агароджаны добрым плотам з усіх бакоў і плябанія побач у парадку: белая хата з прыбудоўкай-пякарняй, бровар, камора, стадола, сховішча для зерня, павеці для інвентару, агарод…

Адным словам,  усё неабходнае і  для вядзення гаспадаркі, і для апрацоўкі належачай царкве па фундушы ўвалокі  зямлі (прыкладна 21 гектар, падзелены на тры ўчасткі — севазварот рабіўся па трохпольнай сістэме).

Як бачым, цэркаўка была падобнай на многія ўніяцкія бедныя вясковыя храмы таго часу. Над адной з двух дзвярэй на жалезных завесах – хоры з лесвіцай на іх. Лавак усяго пяць, спавядальня старая і паламаная. У вялікім алтары – пасярэ-дзіне вельмі стары абраз Святой Дзевы ў драўлянай чорнай раме і даразахавальніца са святымі рэлік-віямі. З двух бакоў алтара — іконы Святога Мікалая і Божай Маці Чанстахоўскай, пры якіх маленькія п‘едэсталы простай работы з укрыжаваннямі. Царскія вароты таксама простыя, драўляныя, справа маленькі алтарык Святога Георгія Мучаніка, злева ікона Сканання Святога Іосіфа. Замест Дэісуса пасярэдзіне прыбіты абраз Хрыста ўкрыжаванага, намаляваны на палатне, ёсць таксама маляваная ікона Божай Маці Жыровіцкай і яшчэ з дзясятак розных выяў на паперы і нават на блясе, чатыры харугвы. Посуд для богаслужэнняў у асноўным больш  танны, алавяны, з сярэбранага начыння — толькі кубак пазалочаны з талерачкай-паценай, лыжачка ды некалькі шыльдачак і  накладак на Евангелле. І два сярэбраныя пярсцёнкі – адзін са ўстаўкай з зялёнага шкла, другі – з жаўтаватага.

Богаслужэбнай літаратуры ў апісанні таксама небагата, у асноўным, уніяцкія выданні на славянскай мове: Евангелле і Трэбнік Супрасльскага друку, Ірмалогій, Апостал, Псалцір. На польскай – толькі адно Евангелле, для асаблівых урачыстасцей. Нездарма візітатар зрабіў заўвагу ў плане выканання рэфармацыйнага дэкрэта: святар павінен купіць неабходныя кнігі (маўляў, магчымасці прыходу гэта дазваляюць) і запрасіць добрага дзяка.

Сярод іншых заўваг – неабходнасць захоўваць фундуш на царкоўныя ўладанні і іншыя дакументы ў лепшых умовах (мяркуючы па тым, што мы маем такія дробязныя звесткі пра Забабскую царкву, святар Рыгор Махацэвіч так не прыняў гэта да ўвагі).

У прыход  уваходзілі 24 навакольныя вёскі — усяго 266 хат, 982 жыхары, “годныя да споведзі” — Казлы (як бачым, усё ж не варта лічыць, што Забаб‘е і Казлы – адна і тая ж вёска пад рознымі назвамі), Замошша, Шаняўцы, Труханавічы, Касіншчына, Залессе, Баравікі, Навадворцы, Мельнікі, Руднікі, Вашчынічы, Калядзічы, Ражковічы, Бельчыцы, Сілічы, Несцяркі, Стаі, Грынявічы і яшчэ некалькі назваў, якія  зніклі назаўсёды з карты. На працягу XVIII стагоддзя тут служылі святары Юры Сяцкевіч, Геранім Васілеўскі, Рыгор Махацэвіч, якіх я ўжо называла, а таксама Гаўрыіл і Міхал Махацэвічы (падобна, сыны Рыгора) і Бенядзікт Лядзецкі.

У падатковай ведамасці за 1780 год таксама фігуруюць і Забабская царква, і вёска пад гэтай жа назвай, і маёнтак, які па-ранейшаму ўваходзіў у склад Сяльца і належаў на той час пану Мікульскаму. А вось далей незразумелым чынам цэнтр прыходу перамяшчаецца ў вёску Руднікі.

***dsc03860 dsc03857 dsc03854

Нядаўна давялося пабываць у музеі народнай архітэктуры і  побыту ў Строчыцах пад Мінскам. Старажытныя пабудовы, у тым ліку ўніяцкія цэрквы 17-18 стагоддзяў, «выстаўленыя» тут, дазваляюць убачыць, як жылі нашы далёкія продкі, і прасякнуцца духам часу. Думаю, што цэркаўка ў Забаб‘і была падобнай на гэтую і знешне, і ўнутры.

 (Працяг будзе).

Ірына СЯДОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *