Среда, 19 сентября 2018

Работников лесного хозяйства поздравляем с профессиональным праздником!

513

5a1919f0ce9344499740c2fc263a558c

Сваё прафесійнае свята адзначаць заўтра работнікі лясной гаспадаркі. З чым сустракаюць яго тыя, хто, аднаўляючы і даглядаючы лес, не толькі клапоціцца пра здароўе нацыі, але і эканамічны дабрабыт краіны? Пра гэта расказвае выконваючы абавязкі дырэктара лясгаса У.У.Жалнерчык.

zholnerchik

— За ўсёй гэтай прыгажосцю: багатымі прыроднымі дарамі барамі і гаямі, — кажа Уладзімір Уладзіміравіч, — стаіць нястомная праца работнікаў лесу. Таму лесаразвядзенне і лесааднаўленне застаюцца прыярытэтнымі накірункамі нашай работы. Сёлета работнікамі лясной гаспадаркі пасаджаны лясныя культуры на плошчы звыш двухсот гектараў. Работа па догляду  праводзіцца на плошчы 450 гектараў. Аб’ём лесанарыхтовак за 9 месяцаў бягучага года склаў каля 95 тысяч кубаметраў драўніны. Экспартная выручка перавыканана амаль у тры разы і склала звыш аднаго мільёна долараў ЗША… Словам, усе паказчыкі лесагаспадарчай і прамысловай дзейнасці лясгасам выкананы.

Застаючыся самымі багатымі на лясы ў вобласці (пры агульнай плошчы лясгаса звыш 76 тысяч гектараў 71 тысячу гектараў у нас займаюць лясы), мы застаемся вернымі сабе па сённяшні дзень. Таму асаблівыя намаганні прыкладаем да лесааднаўлення, актыўна займаючыся вырошчваннем сеянцаў сасны звычайнай. Дзеля гэтага ў нас дзейнічаюць цяпліцы ў Гарадзечненскім, Ліноўскім, Мокраўскім, Ружанскім лясніцтвах, сёлета пабудаваны ў Бярозаўскім і Міхалінскім. Таксама плануецца ўзвя-дзенне цяпліц у Лыскаўскім і Зеляневіцкім лясніцтвах.

Кажучы пра пажаранебяспечную сітуацыю, якая склалася сёлета з-за спякотнага надвор’я, хачу адзначыць выключную работу лясной аховы лясгаса, якая зрабіла ўсё магчымае, каб не дапусціць лясных пажараў. Была ўзмоцнена тэхнічная аснашчанасць лясніцтваў, набыта неабходнае абсталяванне для папярэджання і тушэння пажараў. Своечасова была арганізавана супрацьпажарная рэклама з устанаўленнем шлагбаўмаў і стварэннем мінералізаваных палос уздоўж дарог. Усё гэта папярэдзіла магчымыя ўзгаранні. Пры такой складанай абстаноўцы за ўвесь пажаранебяспечны перыяд у нашых лясах не адбылося ні аднаго пажару. Дарэчы, у сувязі са спякотным вераснем, зараз аб’яўлены чацвёрты клас пажарнай небяспекі, а значыць, лясная ахова па-ранейшаму знаходзіцца на абароне лесу ад агню.

Свае карэктывы ў работу нашай установы ўнесла надвор’е. З-за ўрагану, які гэтым летам нанёс каласальны ўрон лясной гаспадарцы Міншчыны, на ліквідацыю буралому арганізаваны амаль усе лясгасы краіны. Вядома ж, не стаў выключэннем і Пружанскі лясгас. Таму ў дадзены момант нашы работнікі, а іх працуе ў Чэрвеньскім лясгасе звыш трыццаці чалавек на 16 адзінках тэхнікі, асноўныя лесанарыхтоўчыя работы праводзяць у Мінскай вобласці.

Відавочна, што работнікам лясной гаспадаркі адпачываць няма часу. Кожная пара года – адказны перыяд у тым ці іншым накірунку дзейнасці лесаводаў. Бо вырасціць добры і здаровы лес не лягчэй, чым выхаваць дастойнага чалавека. Нашы людзі працуюць у няпростых умовах: мароз, спякота ці дождж – яны заўсёды знаходзяцца ў лесе. Такія ўмовы вытрымае не кожны. На ўсё жыццё ў прафесіі застаюцца толькі тыя, хто сапраўды адданы справе, хто любіць лес і гатовы супрацьстаяць цяжкасцям.

Я хачу падзякаваць усім работнікам лясной гаспадаркі, ветэранам галіны за добрасумленную працу, адказныя адносіны да справы і пажадаць ім дабрабыту, дасягнення пастаўленых мэт і павагі з боку грама-дзян, якія дзякуючы працы лесаводаў жывуць у прыгожай лясамі краіне.

kovalevich

Вадзіцель на вывазцы лесу Анатоль Пятровіч Кавалевіч лічыцца адным з вопытнейшых работнікаў лясгаса. Пры агульным вадзіцельскім стажы ў 37 гадоў у яго не было ніводнай непрыемнасці на дарозе. Вадзіцель, зарплата якога залежыць ад вывазкі, не лічыцца з асабістым часам. Таму тэрмінова парамантаваць замацаваную за ім тэхніку можа ў любы момант, каб вывезці больш лесу. За самаадданую работу Анатоль Пятровіч адзначаны граматай Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

 inzhenery

Работа інжынераў аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення  лічыцца адказнай і скрупулёзнай. Бо ад кантролю за правільнасцю праведзеных рубак на тэрыторыі лясніцтваў, аб’ёмаў нарыхтовак, а таксама  афармлення неабходных дакументаў залежыць канчатковы вынік работы вялікага калектыву. З гэтым паспяхова спраўляюцца начальнік аддзела Ю.С.Свідуновіч, які працуе ў лясгасе звыш дваццаці гадоў, і інжынер І.Р.Дарафяйчук, які прысвяціў рабоце ў лясной гаспадарцы больш за тры дзесяцігоддзі. За гэта работнікі маюць адпаведныя знакі Міністэрства лясной гаспадаркі за бездакорную службу ў лясной ахове.

 kul

Тэрыторыя ў 6 тысяч гектараў, якую  займае Зеляневіцкае лясніцтва, па мерках лесаводаў лічыцца невялікай. Аднак работы ад гэтага не менш, чым у лясніцтвах большых па памерах. Праблем дадаў ураган, які гэтым летам двойчы “пагаспадарыў” над зеляневіцкімі лясамі. У выніку плошча каля сарака гектараў была ў суцэльным бураломе, а на трохстах гектарах  – выбарачна. Аднак,  дзякуючы ўмела пастаўленай рабоце ляснічага першага класа Аляксандра Анатольевіча Куля, цяпер амаль усюды на месцы колішняга буралому наведзены парадак.  А на падрыхтаваных пад пасадку плошчах хутка зноў з’явіцца новы лес.

— Адметнасць нашага лясніцтва, — кажа А.А.Куль, — наяўнасць лясоў, якія знаходзяцца ў санаторна-курортнай ахоўнай зоне каля возера Паперня. А значыць, падтрыманне пастаяннага там парадку — таксама наша задача. 

 

panasevich-1

Сеянцы сасны звычайнай, якія цягнуцца да сонца ў цяпліцы Бярозаўскага лясніцтва, праз шмат гадоў ператворацца ў больш за дзвесце тысяч прыгожых дрэў. Непасрэднае дачыненне да гэтага мае памочнік ляснічага Аляксандра Мікалаеўна Панасевіч, адзначаная знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “10 гадоў бездакорнай службы ў лясной ахове”.

***

Расці, шумі, квітней, зялёны бор!

Наш лёс і лес спляліся каранямі

На доўгія, шчаслівыя вякі.

Прыгожымі і шчодрымі барамі

Заўсёды ганарыліся бацькі.

Такіх лясоў, як у нашай Беларусі,

Напэўна, ўжо не знойдзеш анідзе.

Лунае над Радзімай белы бусел,

А значыць, і жыццё наша ідзе.

Спакон вякоў шумяць у лесе дрэвы,

І добра, што яны яшчэ шумяць.

Пад гэтыя цудоўныя напевы

Нам хочацца тут жыць і працаваць.

Тут б’юць з зямлі празрыстыя крыніцы

І салаўі пяюць на ўсе лады.

Тут смачна пахнуць спелыя суніцы, —

Хай на радзіме будзе так заўжды.

Мы славім лес, бо ён — наша багацце,

Раскінуўся пад небам аж да зор.

Паветрам чыстым дыхаць – гэта шчасце.

Расці, шумі, квітней, зялёны бор!

Аляксандра Панасевіч, памочнік ляснічага Бярозаўскага лясніцтва.

 

Прыбытак ад адпачынку

Ад развіцця агра-экатурызму ў нашым раёне атрымліваюць пэўны прыбытак прыватнікі, якія маюць турыстычныя сядзібы. Аднак тое, што гэта можа быць выгадна арганізацыі, добра ведаюць у ДЛГУ  “Пружанскі лясгас”. Толькі за восем месяцаў гэтага года ад паляўнічагаспадарчай дзейнасці лясгас выручыў звыш 50 тысяч беларускіх рублёў, з якіх 10 тысяч – ад эксплуатацыі паляўнічых комплексаў.

litvinovich-prybytak-dlya-adpachynku

— Наша лесапаляўнічая гаспадарка, — расказвае вядучы паляўніцтвазнавец С.А.Літвіновіч, — займае каля 50 тысяч гектараў. На тэрыторыі налічваецца каля 700 аленяў і 130 ласёў. Колькасць дзікоў стараемся звесці да мінімуму,  згодна з часовым палажэннем Саўміна аб ліквідацыі дзікоў на тэрыторыі Беларусі. Таму для захавання папуляцыі аленя і казулі, якія выклікаюць асаблівую цікавасць у паляўнічых, праводзім пастаянную падкормку і ахову гэтых звяроў. Дарэчы, з 1 кастрычніка пачынаецца загоннае паляванне, якое і складае асноўны прыбытак лесапаляўнічай гаспадаркі.

А каб яшчэ больш павысіць даходнасць, прыцягваем да нас апачываючых. Асабліва прываблівае паляўнічая база на возеры Гута, дзе ёсць усё неабходнае для цудоўнага адпачынку. Там можна ўзяць лодку, рыбалоўныя снасці. Адразу на месцы давесці да ладу здабычу і, вядома, камфортна адпачыць у сучасна абсталяваным паляўнічым доміку.

Аматараў ціхага адпачынку, каго захапляе мала кранутая чалавекам прырода, прываблівае комплекс агра-экатурызму ў в.Хомна. А вось тым, хто жадае часова спыніцца з сапраўднымі гарадскімі выгодамі, даспадобы будзе гасцінічны комплекс па вуліцы Макаранкі ў Пружанах.

Вытворчасць пашыраецца

Пасля перадачы ў 2009 годзе лясгасу былых плошчаў вайсковай часці ў Слабудцы тут быў створаны ўчастак па вытворчасці шчапы і майстэрні па рамонту тэхнікі лясгаса. А значыць, да такой асноўнай дзейнасці, як нарыхтоўка драўніны, далучылася яшчэ і яе перапрацоўка.

— У гэтым годзе, — акцэнтуе ўвагу на зробленым галоўны інжынер В.В.Карніенка, — мы перапрацавалі 39,5 тысячы кубічных метраў шчапы. І хоць сёлета крыху паменшылася яе вытворчасць  з парубачных рэшткаў, аб’ёмы плануем павялічыць і да канца года выйсці на мінулагоднія 60 тысяч метраў кубічных. За 9 месяцаў бягучага года аб’ёмы лесанарыхтовак склалі каля 95 тысяч кубічных метраў. Усе даведзеныя планы выконваюцца намі ў поўным аб’ёме. Асноўныя спажыўцы шчапы  – міні-ЦЭЦ, замежныя экспарцёры, жыллёва-камунальная гаспадарка.

kornienko-vytvorchasc-pashyraecca

Бясспрэчныя выгоды мы атрымалі пасля праведзенай рэканструкцыі  майстэрань, бытавых і іншых рамонтных аддзяленняў. Цяпер неабходны рамонт усёй тэхнікі лясгаса праводзім на сваёй базе. Згодна з патрабаваннямі  тэхнікі бяспекі абсталяваны неабходныя памяшканні і для адпачынку работнікаў. Мадэрнізацыя прадоўжыцца. Наперадзе яшчэ больш грандыёзныя планы – будаўніцтва дрэваапрацоўчага цэха. Дарэчы, па выніках агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры” Пружанскі лясгас быў прызнаны пераможцам сярод лясгасаў вобласці і ўзнагароджаны трактарам МТЗ-982.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *