Суббота, 20 января 2018

Як жывеш, глыбінка?

851

Вёскі з прыгожымі, а часам загадкавымі назвамі, якія месцяцца ў самай глыбіні Белавежскай пушчы, паступова паміраюць. Карэнных жыхароў становіцца ўсё менш. Старыя адыходзяць, маладыя па зразумелых прычынах у родных мясцінах не застаюцца — з’язджаюць у гарады, там наладжваюць сваё жыццё. Перыядычна з’яўляюцца чуткі, што ў ваколіцах пушчы актыўна скупляюць дамы. Так было пасля ўвядзення ў строй  аб’язной дарогі ўздоўж Нацыянальнага парку. Захацелася паехаць туды, каб паглядзець на свае вочы, што ж робіцца ў тых вёсках, паслухаць людзей, што жывуць у іх.

20160810_3412_izmen.razmer

Рэдкі турыст са Швейцарыі

Белы Лясок — у пэўным сэнсе край Пружанскага раёна. У канцы вёскі — агароджа і шлагбаум з КПП. Надпіс папярэджвае, што заезд на тэрыторыю Нацыянальнага парку ажыццяўляецца толькі па пропусках. А сама вёска, некалі вялікая і шматлюдная, цяпер мае больш сціплыя характарыстыкі. Праўда, сюды вядзе цудоўная асфальтаваная дарога. У Белым Ляску размяшчаецца лясніцтва Нацыянальнага парку, з сацыяльных аб’ектаў засталася крама. Але ж нездарма сказана: калі зачыняюць школу — у вёсцы пачынае згасаць жыццё.

Першай, з кім мы разгаварыліся, была Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч. У далёкім 1954 годзе маладой настаўніцай па накіраванні Шарашоўскага райаддзела адукацыі яна дабралася на папутках у Белы Лясок. Тады думала: на тры гады, адпрацаваць размеркаванне. Аказалася — на ўсё жыццё.

20160810_3408_izmen.razmer

Марыя Сцяпанаўна падрабязна расказвае пра настаўнікаў, што працавалі побач, пра гаспадыню, у якой яна кватаравала, пра амаль дэтэктыўную гісторыю свайго замужжа. У яе, маладую навучэнку педагагічнага вучылішча, закахаўся масквіч, што служыў у арміі ў Пружанах. Зваў пасля службы з сабой у Маскву, прыязджаў у вёску ў рэдкія звальненні, дасылаў лісты. Але вясковы зух Сяргей вырашыў адбіць вучыцельку ў чужака. І быў вельмі настойлівы, стварыў групу падтрымкі з дзяўчат-каляжанак Марыі. Аднойчы нібы жартам завёў яе ў сельсавет, дзе ўсё было падрыхтавана, і гэтак жа нібы жартам яны і распісаліся. І пражылі ў згодзе і ладзе 52 гады. Пабудавалі дом, выгадавалі дзяцей.

Зараз, калі бабуля Марыя засталася адна, яе падтрымліваюць дочкі, унукі. Наведваюць кожныя выхадныя, прывозяць прадукты і лекі. Але пераехаць да дзяцей назусім Марыя Бартасевіч пакуль не адважваецца.

— Надта ж цяжка ў маім узросце карэнным чынам мяняць жыццё, прывыкла ў сваёй вёсцы, — разважае жанчына. — І вёску мне шкада: усё менш жыхароў тут застаецца. А яшчэ бяда спасцігла людзей — многія сталі захапляцца выпіўкай. Не так далёка ад мяне жывуць жанчыны, адной 49 гадоў, другой 47. І прыгожыя, і недурныя, сама працаваць, дбаць пра дабрабыт сем’яў, а яны за гарэлкаю ўпадаюць. Колькі з імі гаварыла, выхоўвала, пераконвала — марна. Вось гэта навала нашага часу, бо ў вёсцы такога раней не было…

А прыезджых, хто купіў апошнім часам дамы ў Белым Ляску, пенсіянерка не ўспомніла. Праўда, нядаўна на вёску патрапіў швейцарац, згадала Марыя Сцяпанаўна. Жанчыны яе веку сядзелі на лаўцы, калі да іх падышоў незнаёмы мужчына, на ламанай рускай мове стаў распытваць пра лес, ягады, грыбы. Разгавары-ліся, высветлілі, што тут пражываюць сваякі яго беларускай жонкі. Яны якраз і купілі лецішча ў суседняй вёсцы, запрасілі іх з жонкай пагасціць.

— А мае пільныя суседкі адразу зашапталіся: можа, шпіён які? — смяецца Марыя Сцяпанаўна. — Але ж мы падрабязна высветлілі, у якой вёсцы хто з яго сваякоў жыве, прыйшлі да высновы, што гэты швейцарскі госць — турыст.

Турыстаў праз Белы Лясок праязджае нямала. А вось пастаянных жыхароў, паводле ўліку сельвыканкама, значыцца 94.

Новая фармацыя жыхароў

Лясная маляўнічая вёска Акольнік  шмат у чым асаблівая, тут уражвае размах гаспадароў, былых і цяперашніх. Людзі будаваліся не адзін побач з адным, а на адлегласці. У кожнага сядзіба з вялікім дваром, такім жа садам, што сведчыла пра заможнасць.

Вёска адпавядае пушчы, яе прасторам, маштабам. Такія ж людзі ў ёй жылі — напрыклад, Аляксандр Жэдзь. Як вобразна сказаў сын, бацька пажыў у дзевяці дзяржавах, не выходзячы з хаты. І стаў пералічваць: нарадзіўся ў Расійскай імперыі, потым нямецкая акупацыя, Польшча, Саветы, зноў акупацыя, потым пасляваеннае перакройванне межаў і гэтак далей. Памёр жыхар Акольніка ва ўзросце 98 гадоў у незалежнай Беларусі.

20160810_3430_izmen.razmer

А сын Валерый Аляксандравіч пасля выхаду на пенсію пакінуў Мінск і пераехаў у бацькоўскую хату. Гэта ўжо новая фармацыя жыхароў вёскі — спадчыннікаў моцных духам пушчанцаў. Ну хоць бы той жа Аляксандр Жэдзь: ён не толькі адчуў на сабе розніцу ўладаў, але і моцна нацярпеўся. Пры Польшчы яго, камсамольца-падпольшчыка, расстрэльвалі, цудам застаўся жывы. З вайны прыйшоў у 1945-м кавалерам ордэна Славы. А ў 48-м, толькі паставіў свой дом, — атрымаў 25 гадоў лагераў разам з трыма аднавяскоўцамі па абсурдным даносе. Пасля 53-га года справы пераглядалі, у 55-м адпусцілі і жыхароў Акольніка.

Валерый і яго жонка Валянціна былі ў ліку першых выпускнікоў Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Па размеркаванні выбралі «блізкую» Малдавію, аднакурснікі паехалі нават у Самарканд. Паводле слоў Валянціны Сяргееўны, там добра жылося і добра працавалася, але вядомыя падзеі на рубяжы стагоддзяў прымусілі сям’ю пакінуць звыклае месца. Прадалі дзве добрыя кватэры і ўсю астатнюю маёмасць, за гэта ледзьве купілі невялічкую кватэру ў Мінску.

У сталіцы таксама знайшлі работу. Праўда, з сям’ёй сына стала цеснавата ў адной кватэры. А тут бацька Валерыя Аляксандравіча ў вёсцы расхварэўся, яму быў патрэбны догляд, і сын перабраўся ў Акольнік. Потым зарэгістраваўся тут і не захацеў ехаць назад у сталіцу. Так і жывуць на два дамы: Валерый Аляксандравіч большую частку года ў вёсцы, Валянціна Сяргееўна — наездамі, пераважна летам.

— Ну не маё гэта, — тлумачыць карэнная гараджанка. —Выпадзе снег зімой — і вакол дома ніводнага следу, няма людзей, няма ніякага руху. Выйдзеш з дому — няма з кім гаварыць.

— Пра след ты ўжо занадта, — не згаджаецца муж. — Пяць разоў на тыдзень прыязджае пошта, два разы на тыдзень — аўтакрама. Ёсць тэлефон, хуткасны інтэрнэт для сувязі з усім светам. А сляды суседкі бабы Анюты — зусім побач.

Вельмі тыповая гісторыя суседкі Жэдзяў. Дзеці нарэшце ўгаварылі старую пераехаць у горад. Прыехалі машынай, сабралі рэчы, яна развіталася з суседзямі, паехала. Усё, што змагла, — гэта два дні выседзець на паверсе, і запатрабавала адвезці дадому. І зноў штодзённым клопатам Валерыя Жэдзя стала праведаць суседку.

А работы ў законнага жыхара вёскі Акольнік хапае. Валерый Аляксандравіч разводзіць пчол, мае свой мёд. Расце шмат вінаграду, — каб не прападалі ягады, робіць віно, кажа, вось толькі няма каму піць. Даглядае агарод.

У двары маю ўвагу прыцягнуў незвычайны, даволі прасторны, двухпавярховы будынак. Яго гаспадар узвёў з… колатых дроў. Ніколі не бачыла дроў у якасці будаўнічага матэрыялу. Ён заўсміхаўся, сказаў, што адразу задумваў павець для машыны. Потым прыйшло ў галаву зрабіць лёгкія сцены. Вось і выкарыстаў дровы, якія папярэдне замацоўваюцца растворам. Такім чынам атрымаўся крэатыўны гараж з лазняй, прасторным падсобным памяшканнем, а на другім паверсе размясцілася майстэрня.

У Акольніку засталося 12 пастаянных жыхароў. Валерый Жэдзь лічыць, што пушчанскія вёскі згаснуць.

Галоўная ўмова падтрымання жыцця ў іх — наяўнасць работы для маладога пакалення. Была б работа — жылі б сем’і, нараджаліся б дзеці. А так, яскравы прыклад — вёска Дзедаўка недалёка адсюль. Там не засталося нікога.

Дзед і ўнук

У вёску Ясень з Акольніка можна праехаць па лясной дарозе напрасткі. Гэта ўсяго пяць-шэсць кіламетраў. Вакол векавы лес і запаведная зона — значыць, ніхто не прыбірае паваленыя ветрам або старасцю дрэвы. І такія высокія сосны, што праз іх, здаецца, не відно неба. «Відаць, у гэтым лесе лёгка заблукаць?» — спыталі мы ў Фёдара Канстанцінавіча Саевіча. «Вам лёгка, а не мне», — адказаў лесавод, які больш за паўстагоддзя праслужыў гэтаму лесу.

20160810_3461_izmen.razmer

Фёдар Канстанцінавіч працаваў лесніком, егерам, доўгі час узначальваў Ясеньскае лясніцтва ў пушчы. Паводле яго слоў, ён адзін з тых егераў, хто арганізоўваў паляванні Хрушчова са світай. Лесавод згадаў, што Мікіта Хрушчоў больш любаваўся прыродай, чым быў заўзятым паляўнічым.

Фёдар Саевіч не марна бавіць час на пенсіі, ён піша кнігі. Апошняя, што ўбачыла свет летась, называецца «Белавежская пушча: век ХХ». Яна расказвае гісторыю парку і людзей, патомных лесаводаў, якія прысвяцілі жыццё гэтаму лесу. Фёдар Канстанцінавіч запісаў успаміны калег-землякоў: ляснічых, егераў — пра іх жыццё і работу. Многіх напаткаў вельмі цяжкі, а то і трагічны лёс. Пасля ўсталявання савецкай улады многіх работнікаў лесу, як адносна заможных людзей, вывезлі разам з сем’ямі ў Сібір. Хто вярнуўся, а хто і згінуў на чужыне. Пра гэтых сваіх калег, а таксама пра знаёмых больш позняга часу аўтар піша з вялікай любоўю.

Вельмі рады былы ляснічы, што ёсць каму пакінуць не толькі свае кнігі і ўспаміны, але і сваю справу. Пасля заканчэння ВНУ ў Белавежскую пушчу на працу прыехаў яго ўнук-мінчанін, поўны цёзка — таксама Фёдар Канстанцінавіч Саевіч. Малады прадстаўнік дынастыі ўзяў участак насупраць дзедавай хаты і будуе сабе дом. Дарэчы, у невялікай вёсцы Ясень апошнім часам пасля зносу старых трухлявых дамоў шэсць участкаў набылі грамадзяне пад будаўніцтва дамоў, два ўчасткі знаходзяцца ў стадыі афармлення.

А перспектыва якая?

Паводле слоў намесніка начальніка землеўпарадкавальнай службы Пружанскага райвыканкама Наталлі Неміровіч, назіраецца ўсплеск актыўнасці ў плане набыцця ўчасткаў у прыпушчанскіх вёсках. Нядаўна аформлены ўчасткі ў і Белым Ляску. Але ж трэба адзначыць, што ўчасткі бяруць жыхары вялікіх гарадоў, у асноўным брастаўчане, мінчане. Яны маюць намер будаваць дамы для сезоннага пражывання — па сутнасці, добраўпарадкаваныя дачы. Але і гэта, паводле меркавання Наталлі Георгіеўны, станоўчая тэндэнцыя ў справе захавання вёсак. Некаторыя будучыя гаспадары гаварылі, што паспрабуюць стварыць аграсядзібы.

Намеснік начальніка Пружанскага філіяла Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Віталь Кемеж лічыць, што вёскі ў пушчанскай зоне яшчэ доўга будуць жыць, а вось перспектывы яны не маюць. Па словах Віталя Паўлавіча, пакрысе людзі купляюць дамы, нейкі час нават расіяне набывалі пустыя пабудовы для адпачынку. Для ўстойлівага ж развіцця населеных пунктаў патрэбная занятасць жыхароў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Ірыны Сядовай

На здымках: Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч. Валянціна і Валерый Жэдзі смяюцца: «Шырока жылі ў Акольніку, некалі і ўвесь гэты вялізны ўчастак, і лесу кавалак быў уласнасцю продкаў». Фёдар Канстанцінавіч Саевіч-старэйшы.

 

Один комментарий

  • Алкусандр

    Интересно,а что это за ЧЕТЫРЕ(!!!!!!!!)ромбика о законченном высшем образовании на парадном мундире???!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *