Среда, 19 сентября 2018

Пружанец, чатыры танкісты і сабака

592

Вось ужо амаль стагоддзе яны ідуць наперадзе ўсіх войскаў, пракладваючы сабе дарогу гусеніцамі… Заўтра ў Беларусі будуць адзначаць Дзень танкіста, і ў пружанцаў, як аказалася, нямала падстаў для таго, каб святкаваць яго з асаблівымі пачуццямі.

chatyry-tankisty-i-sabaka_izmen.razmer

І справа тут не толькі ў гісторыі славутай 30-й танкавай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка С.І.Багданава, самая яркая старонка якой напісана пад Пружанамі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, калі байцы, праявіўшы мужнасць і стойкасць, далі дастойны адпор ворагу і, нягледзячы на яго значную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, прымусілі нямецкія танкі адкаціцца да Відамлі.

У нас ёсць яшчэ адна нагода для гонару. Пружанцы маюць непасрэднае дачыненне да стварэння аднаго з лепшых фільмаў пра вайну – польскага чорна-белага тэлевізійнага серыяла, знятага па аднайменнай аповесці Януша Пшыманоўскага «Чатыры танкісты і сабака». Якім чынам, спытаеце вы? Ды справа ў тым, што аператарам гэтага прыгодніцкага фільма пра баявыя будні экіпажа танка «Руды» і сабакі па мянушцы Шарык быў адзін з лепшых еўрапейскіх кінааператараў Рамуальд Кропат.

А нарадзіўся ён менавіта ў Пружанах 9 сакавіка 1927 года (тады Палескае ваяводства Польшчы). У перыяд з 1943 па 1945 год працаваў фоталабарантам у адной з устаноў на тэрыторыі Савецкага Саюза, пасля вайны рэпатрыяваўся ў Польшчу і пачаў вучобу ў сусветнавядомай Гданьскай кінашколе. Пазней скончыў не менш вядомую кінашколу ў г. Лодзь. У цэлым у фільмаграфіі Кропата  значацца больш за трыццаць мастацкіх карцін і дзясятак дакументальных фільмаў, самыя вядомыя з якіх: «Дзве брыгады» (1950), «Зоркі павінны гарэць» (1954), «Дзеці з нашай школы» (1968), «Гарышча» , «Rancho Texas» і іншыя.

Акрамя таго,  Рамуальд Кропат праславіўся і як таленавіты фатограф, удзельнічаў у шматлікіх выставах у Польшчы і за мяжой. Шэраг сваіх вядомых фотасерый зрабіў падчас здымак дакументальных стужак.

na-semkax_izmen.razmer

na-semkax-3_izmen.razmer

na-semkax-2_izmen.razmer

Атрымаў мноства ўзнагарод у галіне кіно і фатаграфіі, у ліку якіх Дзяржаўная прэмія Польшчы за працу над фільмам «Зоркі павінны гарэць» і прэміі ад польскіх міністэрстваў культуры і нацыянальнай абароны за «Чатыры танкісты і сабака».

ramuald-kropat_izmen.razmer

Рамуальд Кропат памёр 6 ліпеня 2008 года, пакінуўшы багатую калекцыю фотаздымкаў, негатываў. Фільм пра танкістаў, паводле апытанняў тэлегледачоў, і сёння застаецца адным з любімых фільмаў мінулага. Праўда, апошнія восем гадоў жыцця Кропату, як і іншым стваральнікам стужкі, прыйшлося цярпець рэгулярныя нападкі ад ветэранаў Арміі Краёвай, якія разглядзелі тут сляды савецкай прапаганды.

У гэтым годзе, дарэчы, споўнілася 50 гадоў з дня яго выхаду на тэлеэкраны. Фільм штогод трансляваўся ў СССР ажно да 1989 года. Успомніце, мы, тады яшчэ дзеці, кідалі ўсе свае гульні і, затаіўшы дыханне, сачылі за прыгодамі адважнага экіпажа “рудага” танка Т-34. Ды і сёння гэты фільм выклікае толькі добрыя пачуцці і ўсмешкі.

    Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *