Пятница, 29 марта 2024

Жыве сяло маё роднае!

1 515

Аграгарадкі Роўбіцк і Сухопаль тэрытарыяльна ўваходзяць у адзін — Сухопальскі — сельсавет, таму і іх святы, якія адбыліся  нядаўна, у нечым перасякаліся. Тым не менш, кожнае вылучалася сваім каларытам.

IMG_4178_измен.размер

Роўбіцкі пазітыў

Летам у раёне праходзяць святы вёсак — ці не кожныя выхадныя музыка і песні чутныя ў розных яго кутках. Такое свята адзначылі і ў Роўбіцку – шумна, весела, з песнямі і скокамі, з сапраўдным пушчанскім каларытам – відаць, рыхтаваліся да яго доўга і грунтоўна.

У гэты дзень было шмат вершаў, падарункаў, віншаванняў, якія закранулі сэрцы і душы ўсіх, хто прыйшоў на свята. Вакол былі ўсмешлівыя твары і адчуванне таго, што вёска жыве і пра яе памятаюць. І нават прырода ў гэты дзень радавалася разам з усімі – дзень выдаўся цёплым і сонечным.

Вядучыя свята_измен.размер

Ірына Купраш_измен.размер

Для адкрыцця свята слова далі старшыні Сухопальскага сельвыканкама М.Я. Мартынаву. Міхаіл Яўгенавіч павіншаваў жыхароў і гасцей, успомніў важныя моманты з багатай гісторыі вёскі Роўбіцк, якая налічвае ўжо паўтысячы гадоў. Ён таксама адзначыў, што дзякуючы неабыякавасці і  актыўнасці дружных і працавітых жыхароў вёска мяняецца ў лепшы бок.

Услед за ім з пажаданнем дабра і працвітання выступіў дырэктар ААТ «Роўбіцкае» Мікалай Іванавіч Пстыга:

– Працавітыя і сціплыя, не прывыклыя да славы, вы – сапраўднае ўпрыгажэнне сяла! Я дзякую лёсу за тое, што жыву ў гэтым райскім кутку зямлі, у гэтым блаславёным краі, за тое, што, куды б мяне ні закінуў лёс, душой буду імкнуцца да роднай хаты, да бацькоўскага парога, да самых дарагіх людзей…

Пасля такіх слоў у многіх яго аднавяскоўцаў на вачах выступілі шчырыя слёзы.

У гэты дзень арганізатары мерапрыемства знайшлі цёплыя словы для кожнага жыхара вёскі. Першай прымала падарункі самая маленькая жыхарка Роўбіцка – Настачка Карнялюк, якой 31 жніўня споўніўся месяц. Безумоўна, пакуль у Роўбіцку будуць нараджацца дзеці, ён будзе жыць…

На свяце ўспомнілі таксама ветэранаў, тых, хто прайшоў цяжкімі франтавымі дарогамі і цудам вярнуўся ў роднае сяло. Аб цяжкіх выпрабаваннях 1941 года, якія давялося перажыць жыхарам  Роўбіцка, пра масавыя расстрэлы ў Белавежскай пушчы, пра юнакоў і дзяўчат, вывезеных у канцлагер пад Беласток, аб сагнаных у Германію аднавяскоўцах нагадаў апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Васільевіч Вакула (дасць Бог, у наступным годзе ён будзе адзначаць свой 90-гадовы юбілей).

Цяжкі рахунак прад’явіла і вайна ў Афганістане: не вярнуўся ў родную сям’ю Аляксандр Баран, у гонар якога сёння названа адна з вуліц вёскі. Малады, не пазнаўшы радасць кахання, ён пайшоў са зброяй выконваць загад і застаўся назаўжды юным у памяці сваіх аднавяскоўцаў. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі ўсіх сваіх герояў…

Шмат цёплых і сардэчных слоў было прысвечана старажылам, тым, хто доўгія гады працавалі на карысць роднай вёскі. Самай старэйшай з іх, Ганне Пятроўне Клімец, у гэтым годзе споўнілася 92 гады – такі сталы ўзрост не замінае ёй да гэтага часу выпраменьваць аптымізм.

Ушаноўвалі і шматдзетныя сем’і. У ліку тых, хто пабудаваў дом, пасадзіў дрэва і выгадаваў траіх і больш дзяцей, прымалі падарункі і найлепшыя пажаданні сямейнага дабрабыту і моцнай любові Уладзімір і Алена Кацюкі, Сяргей і Ірына Шчэрбы.

Працаўнікі сельскай гаспадаркі, настаўнікі, выхавальнікі, медработнікі, моладзь, работнікі сацыяльнай сферы і культуры і проста таленавітыя майстравыя людзі – кожны віноўнік урачыстасці не застаўся без увагі і невялікага музычнага падарунка ад самадзейных артыстаў Роўбіцкага СДК.

Дадалі разнастайнасці ў святочную праграму і вясёлыя конкурсы, удзельнікі якіх атрымалі заслужаныя прызы. Атмасферу свята падтрымалі і дзіцячыя атракцыёны, і шчодрыя пачастункі. Прагаладацца ў Роўбіцку не далі нікому – нездарма аб гасціннасці і шчодрасці жыхароў гэтай вёскі ходзяць цэлыя легенды! На працягу ўсяго свята панавала лёгкая, душэўная і пазітыўная атмасфера, спакой якой парушыў салют.

– Дай Бог нам сустракацца кожны год, прыязджаць сюды, прывозіць дзяцей і ўнукаў! – казалі на развітанне госці, якія раніцай раз’ехаліся  хто куды: у Брэст, Гродна, Мінск, павезлі з сабой тое, што нельга знайсці ні ў адным сталічным супермаркеце – любоў да роднай зямлі.

На здымках: Нечаканыя падарункі атрымалі жыхары Роўбіцка і Сухопаля ад спевака Генадзя Станіславенкі, які нядаўна пасяліўся ў вёсцы Глыбокі Кут: падчас святаў кожнай з вёсак маскоўскі шансанье парадаваў сабраўшыхся сваімі песнямі; вядучыя свята; юная спявачка Іра Купраш.

Алена Зялевіч

Сухопальскі юбілей

Сухопаль адзначыў сваё 375-годдзе. Да гэтай даты і было прымеркавана святкаванне. Рыхтаваліся да яго грунтоўна: пагутарылі са старажыламі,  вывучылі краязнаўчыя матэрыялы. Аказваецца, гісторыя гэтай вёскі цесна звязана з Белавежскай пушчай. З вуснаў у вусны перадаецца сярод мясцовых жыхароў паданне, як чатыры гаспадары, якія прыйшлі ў Клятнянскі лес з сякерамі – нарыхтоўваць драўніну – сталі заснавальнікамі Сухопаля.

IMG_4214_измен.размер

 Падзеі савецкай эпохі ўзгадвалі ўжо не па паданнях: менавіта з калгасам, утвораным тут у 1940 годзе, тым ці  іншым чынам звязаны лёсы і цяперашніх сухопальцаў. “Іскра” (такую назву насіў калгас з 1957 да 2008 года) пэўны час была адным з раённых лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці. Адпаведна ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут з‘явілася шмат новых будынкаў, у тым ліку Дома культуры, школы, рос дабрабыт вяскоўцаў. Прагучалі прозвішчы былых кіраўнікоў калгаса І.Р.Негірыша,  М.Ф.Клімовіча, У.І.Астапчыка, Героя Сацыялістычнай Працы свінаркі Антаніны Іосіфаўны Прытульчык. Пасля рэарганізацыі Сухопаль далучылі да ААТ “Жураўлінае”,  дзякуючы дапамозе якога адбылося свята вёскі.

Вядучыя ўзгадалі былых педагогаў і медработнікаў, работнікаў мясцовага спажывецкага таварыства і вясковай сталоўкі, што некалі славілася на ўсю акругу, назвалі і тых, хто сёння вучыць і лечыць сухопальцаў, аказвае ім разнастайныя паслугі, арганізоўвае вольны час. У іх гонар спявалі аматары самадзейнасці.  Падвялі і вынікі конкурсу “Квітнеючы Сухопаль” – лепшым кветкаводам уручылі падарункі старшыня Сухопальскага сельвыканкама М.Я.Мартынаў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Жураўлінае” З.М.Усік.

IMG_4215_измен.размерАле ўсё гэта было толькі малой часткай сапраўднага свята, якое дазволілі сабе ў гэты дзень працавітыя сухопальцы. У рамках яго праводзіўся парад калясак – менавіта ў дзетках будучыня аграгарадка,  ляцелі ў неба паветраныя шары, наладжваліся гульнявыя і спартыўныя праграмы для дзяцей і дарослых, дыскатэка, з канцэртам выступілі вакальная група “Надзея” са Сланімцоўскага сельскага клуба і госці са Слабудскага СДК, а калі сцямнела, на пляцоўцы перад Домам культуры затанцавалі агні фаер-шоу.

Жыві, наша малая радзіма! Заставайцеся па-ранейшаму, шаноўныя землякі, добрымі, шчырымі, з моцнымі характарамі людзьмі, якія паважаюць сябе і блізкіх, якія ўмеюць аддана працаваць і весела святкаваць!

Ірына БУШКО,

дырэктар Сухопальскага сельскага Дома культуры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *