Пятница, 29 марта 2024

Новая агроусадьба в д.Середнее ждет посетителей

4 273

Лета правіць баль. Менавіта летам людзі становяцца больш мабільнымі: едуць адпачываць за мяжу, адкрываюць для сябе новыя мясціны ў роднай Беларусі і нават раёне. І ніякія крызісы ці перамены надвор’я не спыняюць вандроўнікаў, якіх кліча на сваё ўлонне прырода.

Каб не адстаць ад іх, мы таксама паехалі на адпачынак. Не ў горы і не на мора, а ў вёску Сярэдняе (усяго 13 км ад райцэнтра) на хутар да Галіны і Анатоля Шэпеляў. Гэтую старую хатку з гаспадарчымі пабудовамі ў двары жыхарка Пружан Галіна Канстанцінаўна Шэпель атрымала ў спадчыну ад свайго дзеда. Таму аграсядзібу і вырашана было назваць у яго гонар: «У Алеся».
Зялёнае святло сельскаму турызму ў Беларусі афіцыйна было дадзена ў 2006 годзе з падпісаннем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №372. Шэпелі, як бачым, крыху прыпазніліся: узяліся за справу толькі сёлетняй вясною. Але, напэўна, таму так мабілізавалі свае сілы і хутка пусцілі ў справу 60 мільёнаў рублёў крэдыту, ўзятага ў банку, што ў чэрвені капітальна абноўлены «спальны корпус» аграсядзібы ўжо прыняў першых наведвальнікаў.

Звычайная вясковая хатка змянілася да непазнавальнасці. Хто цяпер скажа, што ёй за 90 гадоў? Хаця, адбудоўваючы яе, Шэпелі стараліся да максімуму захаваць «аснову». Пакінулі не толькі старыя сцены, але і вялікую печ з ляжанкай, падлогу: мяняць дабротныя кафлі і дрэва на сучасныя плітку, ламінат і ДСП не мела сэнсу.
Сам майстар на ўсе рукі, Анатоль Уладзіміравіч і сыноў сваіх навучыў карыстацца не толькі пілой ды сякерай. Старая падлога ажно блішчыць, на дзвярах — ніводнай трэшчынкі…

Усё ў доме зроблена Шэпелямі пад кіраўніцтвам галоўнага ў іх талацы будаўніка — бацькі Галіны Канстанціна Васільевіча Шанюка. Унутры сцены абабіты шалёўкай, выдзяляючай тонкі сасновы водар. Ложкі зроблены з дубу. На падлозе — саматканыя ходнікі, на ложках посцілкі ў тон, таксама сатканыя не на фабрыцы. Санвузел — лепшы за іншы гарадскі: тут ёсць нават душавая кабінка, сцены абкладзены прыгожай пліткай…

— І нідзе ні грама фарбы,— зазначае задаволены зробленымі на нас уражаннямі Анатоль Уладзіміравіч.
Цяпер ён шчыруе на будаўніцтве лазні. Сарочка мокрая ад поту, бейсболка набакер. За работай чалавек з шасці гадзін ранку.
У адрозненне ад спальні, лазня новая. Шэпель сам пракладваў усе камунікацыі і ўпэўнены , што і парылка, і душавая кабіна будуць працаваць безадказна, а гарачая вада падавацца бесперабойна. Каб працэдура мыцця-парання дастаўляла і карысць, і задавальненне, для падлогі Анатоль нават прывёз з Расіі сапраўдны сібірскі кедр. Сістэма падачы вады ва ўсе памяшканні і каналізацыя ўжо дзейнічаюць.

А гаспадар усё паказвае і расказвае. Вось сушня з гарышчам, пакуль яшчэ запоўненым сенам.
— Тут,— прывёўшы нас у сушню, дзеліцца планамі Анатоль Уладзіміравіч,— будзе банкетная зала на 60 пасадачных месцаў. Будаўнічыя матэрыялы для яе аддзелкі ўжо падрыхтаваны…
Будынак летняй кухні таксама, як і лазня з сушняй, стаіць паасобку.

— Каб кухонныя пахі не заміналі адпачынку, а пара не псавала аддзелку дома,— тлумачыць Анатоль Уладзіміравіч.
Побач з кухняй — склеп. Такі вялікі, што ў ім, упэўнена гаспадыня сядзібы Галіна Канстанцінаўна, змесцяцца ўсе прыпасы. І, безумоўна, сала з бульбай.
Ад лазні прамая сцяжынка «на пірс». Дарэчы, возера гэта — рукатворнае. Каб з аднаго боку выкапаць у глыбіню ажно чатыры метры, было вывезена больш за 300 аўтамашын пяску.

На пытанне, навошта так глыбока, Анатоль Уладзіміравіч адказвае, не задумваючыся:
— Абавязкова буду яго зарыбляць. А глыбіня патрэбна для таго, каб зімою плотачкі і карасі не загінулі…
Пясок з возера таксама пайшоў на справу: прама ў сасновым лесе выраўнена вялікая пляцоўка, на якой плануецца ўстанавіць спартыўныя збудаванні і розныя трэнажоры.
Непадалёку ляжаць бярвенні і блокі для будаўніцтва яшчэ аднаго спальнага корпуса. У старым адначасова можа адпачываць толькі восем чалавек. А новы будзе разлічаны на сямейны адпачынак. Побач стаяць 24 вуллі — пчалярствам з задавальненнем займаецца бацька.

Потым Анатоль Уладзіміравіч вядзе нас «у ліпы». Гэтыя вялізныя, не менш чым 200-гадовыя дрэвы ён называе галоўнай славутасцю 85 сотак сваёй сядзі-бы. І менавіта пад ліпамі плануе ўстанавіць альтанкі з мангаламі, стол пад павеццю для розных карпаратыўных і сямейных урачыстасцей.

— Гэтыя ліпы,— перакананы Анатоль Уладзіміравіч,— сведчаць аб тым, што, магчыма, некалі на гэтай сядзібе стаяў маёнтак і жылі вельмі заможныя людзі…
На пытанне, ці не спрабаваў ён раскапаць радавыя карані сваёй сядзібы, патлумачыў, што ўжо дакладна ведае: адзін вялікі чалавек тут жыў. Гэта зяць дзядулі Алеся, цяперашні ваенны камісар Хабараўскага краю генерал-маёр Леанід Кузьміч. Дарэчы, сёлета ён прыязджаў на бацькаўшчыну і быў вельмі задаволены, што радавое гняздо пачынае новае жыццё.
Яшчэ адна адметнасць сядзібы «У Алеся» ў тым, што стаіць яна ў цудоўным сасновым лесе. Адсюль пачынаецца дарога ва ўрочышча «Дахлаўка» — вельмі багатае на зайцоў і дзікоў месца. Дарэчы, адкрытае для палявання.
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Один комментарий

  • подскажите пожалуйста номер телефона усадьбы д.Середнее,….для конкретной информации.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *