Вторник, 14 августа 2018

Гісторыя ў цэгле

529

Дзе толькі не наслядзіла бабулька-гісторыя?! У літаратуры і музыцы, на дрэве і палатне… Але самы глыбокі і даўгавечны след, мне здаецца, яна пакінула на камені і цэгле. Даўно ўжо няма многіх пабудаваных чалавецтвам сцен, стройныя шэрагі сведкаў часу — дамоў рассыпаліся ў пыл, а адзінокія цаглінкі ўсё ляжаць у зямлі — нібы чакаюць свайго даследчыка…

20160814_3545_измен.размер

Нехта скажа: «Што цікавага ў гэтым смецці? Звычайная сумесь з гліны і вады». У тым, што гэта не так, вы зможаце пераканацца, наведаўшы выставу, якая працуе ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».

Больш за шэсцьдзесят рэдкіх экспанатаў прадставілі пружанскай публіцы брэсцкія аматары даўніны і знатакі старадаўніх тэхналогій Сяргей Грынь і Іван Чайчыц. Вось ужо некалькі гадоў яны калекцыяніруюць старадаўнюю цэглу. Не проста збіраюць — зазірнулі ў яе глыбіні і знайшлі там шмат таямніц. Аказваецца, цэгла – не толькі адзін з самых універсальных будаўнічых матэрыялаў усіх часоў і народаў, які годна прайшоў выпрабаванне часам, агнём і зменлівай модай. Гэта яшчэ і бясцэнны скарб успамінаў. За кожнай старэнькай, абпаленай цаглінкай — гісторыя завода, на якім яна была калісьці выраблена, сям’і, якая валодала заводам, будынка, які быў пабудаваны з гэтай цэглы…

Шмат «цагляных гісторый» распавялі калекцыянеры. Перш за ўсё, адзначылі, што значная частка калекцыі знойдзена ў Брэсце і яго ваколіцах. Можна сказаць, што перад гледачом разгарнуўся «каменны летапіс» г.Брэста. А каб яго было лягчэй прачытаць, выставу дапаўняюць 20 чорна-белых і каляровых фатаграфій краязнаўцы Алега Малейкі, якія дазваляюць убачыць, як выглядалі пабудаваныя з прадстаўленай цэглы будынкі Брэста.

Большасць цаглін, чарапіцы, падлогавай  і пячной кафлі адзначаны клеймамі майстроў і заводаў, што дазваляе шмат даведацца аб гандлёвых і дзелавых сувязях горада. У асноўным, клеймы пастаўлены на фабрыках Польшчы і Расійскай імперыі. Дарэчы, штампуючы свой выраб, вытворца даваў своеасаблівую гарантыю пакупніку: у выпадку разбурэнняў можна было вызначыць вінаватага.

Вось цагліны з клеймамі «Prima», «London», «Аlfa», «Ramsay». Вядома, што яны вырабляліся ў міжваеннае дваццацігоддзе на Валыні. Тут можна сустрэць таксама імёны ўладальнікаў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў прамысловай эліты краіны.

IMG_2220_измен.размер

IMG_2219_измен.размер

IMG_2217_измен.размер

IMG_2216_измен.размер

IMG_2214_измен.размер

IMG_2209_измен.размер

IMG_2206_измен.размер

Дарэчы, першую цагліну з кляймом краязнаўца Сяргей Грынь знайшоў… у двары свайго дома. Спачатку планаваў выкарыстаць яе для дэкору інтэр’еру.  А потым пры разборцы ў абласным цэнтры старых дамоў і ў пойме абмялелага Мухаўца стаў знаходзіць іншую старадаўнюю цэглу з клеймамі і адбіткамі фармоўшчыка — яна і стала пачаткам калекцыі.

Падобным спосабам пачаў калекцыяніраванне i  Iван Чайчыц. Збіраў цэглу літаральна пад нагамі або ў будаўнічым смецці – менавіта на сметніку знайшоў кафлю, зробленую на фабрыцы Белькеса, якая працавала ў Брэсце «за польскім часам». У яго калекцыі шмат цаглін з кляймом «БЛК» і датай – вядома, што іх выкарыстоўвалі пры будаўніцтве Брэст-Літоўскай крэпасці.

Улічваючы, што кляймом адзначалі толькі кожную 250-ю цагліну ў партыі, знайсці такую цяпер – вялікі поспех. Нядзіўна, што гэты від калекцыянавання атрымаў нават сваю ўласную назву – «брыкафілія» (ад англійскага brick – цагліна).

Керамічныя і сілікатныя, лякальныя і радыяльныя, агароджавыя і трубныя, калодзежныя і вогнетрывалыя – усе яны адрозніваюцца не толькі вонкава, але і па структуры. Многія з іх выраблены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў на казённых і прыватных цагельнях.

IMG_2196_измен.размер
IMG_2198_измен.размер

IMG_2218_измен.размер

IMG_2195_измен.размер

На выставе можна ўбачыць і больш старажытныя ўзоры – так званыя цагліны-«пальчаткі», якім  больш за 500 гадоў. Адной з характэрных рыс іх з’яўляюцца разоркі на «пасцелі» (так называецца шырокая грань цэглы), пакінутыя пальцамі на сырой гліне. Ёсць і вялізная цагліна з адбіткам далоні — такую яшчэ называюць «слізавай» або «склізавай». Для яе фармоўкі ўжывалі ручную драўляную форму (таксама можна ўбачыць на выставе), так званую «пралетку» – раму без дна з тонкіх дошак, умацаваную жалезам, для таго, каб гліна не прыліпала да дошак, яе змочвалі вадой і пасыпалі пяском.

IMG_2192_измен.размер

Ёсць з дзясятак не менш цікавых цаглін, якія захавалі адбіткі каціных, сабачых і ваўчыных лап, капыцца казуль і дзікоў. Адкуль на цаглінах сляды жывёл? На гэты конт у краязнаўцаў розныя меркаванні. Адны лічаць, што яны ўстаноўлены выпадкова, маўляў, цэглу нярэдка выраблялі ў зусім прымітыўных умовах і пакідалі сушыцца прама поруч вясковай хаты, дзе звяры і натапталі. Іншыя, і іх большасць, сцвярджаюць, што гэта свядома пастаўленае кляймо: альбо натуральнай «матрыцай» – высушанай канечнасцю жывёлы, альбо спецыяльна вырабленай формай.

IMG_2207_измен.размер

Годнае месца ў экспазіцыі займае саляная цэгла, якую, па словах уладальніка, ужо спрабавалі лізнуць наведвальнікі на папярэдніх выставах (спадзяюся, што пружанскія гледачы ўсё ж праявяць стрыманасць у гэтым плане). Калекцыянеры знайшлі гэты цуд у руінах аднаго са старых панскіх дамоў – падвал  быў выкладзены салянымі цаглінамі. Магчыма, ён выкарыстоўваўся як халадзільнік для захоўвання мясных запасаў. Ці, можа, як пакой для аздараўлення па вобразу «саляной шахты», бо ўжо напачатку XIX стагоддзя ў Польшчы праводзіліся даследаванні ў саляных шахтах пад Кракавам, работнікі якіх не мелі лёгачных захворванняў.

IMG_2193_измен.размер

Яшчэ адзін цікавы прыклад цэглы – «пустотная» (са скразнымі адтулінамі), якая выкарыстоўвалася для ўцяплення сцен. Атрымліваецца, старажытным будаўнікам было вядома, што пустэчы памяншаюць цеплаправоднасць матэрыялу, пры гэтым ніяк не ўплываюць на яго трываласць.

Дарэчы, аб трываласці старажытнай цэглы. Як запэўніваюць калекцыянеры, рарытэты, што праляжалі ў сцяне па некалькі стагоддзяў, будуць мацней зробленых 20 гадоў таму. Іх немагчыма нават раскалоць на часткі. Сапраўды, рабілася на вякі.  Мяркуючы па ўсім, менавіта іх меў на ўвазе Міхаіл Булгакаў, калі пісаў, што «яны ні з таго ні з сяго, ніколі і нікому на галаву не зваляцца».

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *