Вторник, 23 января 2018

Даведнік выбаршчыка: топ-6 часта задаваемых пытанняў

250

Напярэдадні адметнай падзеі ў жыцці краіны — выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання — нагадаем грамадзянам пра прынцыпы выбарчай сістэмы, правы выбаршчыкаў, а таксама раскажам, хто і як можа рэалізаваць сваё электаральнае права.

vybPar-rb-2016-site

Хто і дзе галасуе?

Удзельнічаць у выбарах могуць толькі паўналетнія грамадзяне краіны, якім ужо споўнілася ці спаўняецца ў дзень выбараў 18 гадоў. У спісы выбаршчыкаў не ўключаюць тых беларусаў, якія ў судовым парадку прызнаны недзеяздольнымі, а таксама людзей, што адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі і ўтрымліваюцца пад вартай.

Выбаршчыка ўносяць у спіс толькі на адным участку для галасавання — па месцы рэгістрацыі. Грамадзян, зарэгістраваных па месцы знаходжання (напрыклад, студэнты вочнай формы навучання) уключаюць у спісы на ўчастку па месцы знаходжання.

Калі выбаршчыка па нейкай прычыне не ўнеслі ў спіс, яго ўключаць туды пасля прад’яўлення пашпарта і наяўнасці рэгістрацыі па месцы жыхарства на тэрыторыі ўчастка (або рэгістрацыі па месцы знаходжання).

Як прагаласаваць датэрмінова?

Калі выбаршчык па нейкай прычыне не можа прыйсці на выбарчы ўчастак у дзень выбараў, ён мае права аддаць свой голас загадзя. Для датэрміновага галасавання адводзіцца пяць дзён напярэдадні даты выбараў. У бягучую выбарчую кампанію гэта тэрмін з 6 па 10 верасня.

Патрабаваць ад выбаршчыка нейкіх афіцыйных папер ці тлумачэння аб прычынах датэрміновага галасавання ніхто не мае права.

Што рабіць, калі няма магчымасці прыйсці на ўчастак?

Калі па стану здароўя ці па іншай уважлівай прычыне грамадзянін не можа прыйсці ў дзень выбараў на ўчастак для галасавання, ён мае права ў пісьмовай ці вуснай форме звярнуцца ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць для яго галасаванне па месцы знаходжання ў дзень выбараў — на даму.

Такі зварот можна накіраваць і са старонняй дапамогай (напрыклад, праз сваякоў) ва ўчастковую камісію. У дзень галасавання такі зварот будзе задаволены, калі паступіць не пазней як за дзве гадзіны да закрыцця ўчастка. Афіцыйна пацвярджаць прычыну, па якой немагчыма прыйсці ў памяшканне для галасавання, не патрэбна.

Якія правілы выбару?

Абавязковая ўмова для атрымання бюлетэня для галасавання — прад’яўленне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь альбо іншага дакумента, які засведчвае асобу (гэта можа быць ваенны білет, даведка з органаў унутраных спраў, службовае пасведчанне дзяржслужачага, студэнцкі білет, вадзіцельскае пасведчанне і іншыя дакументы, у якіх  ёсць фотаздымак).

Кожны выбаршчык павінен асабіста скарыстацца сваім электаральным правам: галасаванне за іншых асоб не дапускаецца заканадаўствам. Бюлетэнь запаўняецца ў кабіне ці пакоі для тайнага галасавання без прысутнасці іншых асоб.

Аддаць свой голас можна толькі за аднаго з кандыдатаў, паставіўшы ў пустым квадраце справа ад яго прозвішча любы знак. Знак, пастаўлены справа ад радка «Супраць усіх кандыдатаў», абазначае, што выбаршчык не аддае свой голас нікому з кандыдатаў. Запоўнены бюлетэнь апускаецца ў скрыню для галасавання.

А калі памыліўся?

Калі выбаршчык сапсаваў бюлетэнь: напрыклад, пазначыў не таго кандыдата, якому хацеў аддаць свой голас, — можна замяніць бланк на новы.

Сапсаваны экзэмпляр з асабістым подпісам трэба здаць ва ўчастковую камісію, якая зробіць адпаведную адзнаку аб дапушчанай памылцы і паўторнай выдачы бланка.

Як праверыць сябе ў спісе?

Праверыць сябе ў спісе выбаршчыкаў можна на сваім участку для галасавання за 15 дзён да выбараў (у дадзеным выпадку — з 26 жніўня).

Падрабязную інфармацыю аб участковых камісіях, іх тэлефонах можна знайсці ў «раёнцы» за 30 ліпеня і  3 жніўня, а таксама на сайтах Пружанскага райвыканкама і Цэнтрвыбаркама.

Выбаршчык мае права праверыць правільнасць указаных пра яго звестак і ўдакладніць іх.

Не ўключэнне, няправільнае ўключэнне грамадзяніна ў спіс, а таксама іншыя недакладнасці ў інфармацыі можна абскардзіць. Заява з адпаведным зместам разглядаецца ўчастковай камісіяй у двухдзённы тэрмін, пасля чаго пры станоўчым рашэнні неадкладна ўносяцца змяненні. Пры адмове нязгодны з адказам выбаршчык можа звяртацца ў вышэйстаячую камісісю альбо, калі да выбараў застаецца не менш пяці дзён, у суд.

Варта ведаць…

***

Ваеннаслужачыя і члены іх сем’яў галасуюць на выбарчых участках у воінскіх часцях. Для гэтага ў краіне ўтвораны 21 участак.

***

Грамадзяне, якія ў дзень выбараў будуць знаходзіцца ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных арганізацыях аховы здароўя, змогуць галасаваць па месцы свайго часовага знаходжання.

***

Беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы альбо знаходзяцца ў працяглай замежнай камандзіроўцы, могуць прыйсці на ўчасткі для галасавання, якія знаходзіцца за межамі краіны. У гэты спіс пры звароце ўключаюцца і грамадзяне, якія збіраюцца за мяжу ў прыватную, службовую, дзелавую ці турыстычную паездку. За межамі Беларусі можна будзе прагаласаваць на 47 участках, якія ўтвораны пры дыппрадстаўніцтвах.

 

Падрыхтавала Марына Вакульская

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *