Калісьці старажытны грэчаскі філосаф Дыяген Сінопскі запаліў днём ліхтар і пайшоў з ім па горадзе ў натоўпе «шукаць чалавека». Нарадзіся ён сёння, то цяжка бы яму давялося адшукаць сям’ю – сапраўдную, паўнавартасную, дасканалую: словам «сям’я» сёння называюць з’явы вельмі розныя, часам нават супрацьлеглыя.
Масавая культура, у якой усё менш месца хрысціянскім ідэалам і сямейным каштоўнасцям, навязвае свае стэрэатыпы і ўстойлівы погляд на сям’ю як на гульню партнёраў, а любая гульня, вядома, рана ці позна заканчваецца – заканчваюцца і сем’і. Але дэградацыя інстытута сям’і непазбежна пацягне знікненне нацыі. Калі верыць статыстыцы, якую прыводзіць начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Н.Р. Цібароўская, – у нас трывожныя перспектывы.
Давайце ўдакладнім, гаворка будзе ісці толькі аб тых шлюбаразводных працэсах, якія знаходзяцца ў нашай кампетэнцыі. Нагадаю: з 1 студзеня 2013 года органы ЗАГС пачалі рэгістраваць скасаванні шлюбаў у выпадку ўзаемнай згоды мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці. Усе астатнія выпадкі, а іх, на жаль, значна больш, вырашаюцца ў судовым парадку.
Дык вось, у 2013 годзе намі быў аформлены 31 запіс актаў аб скасаванні шлюбу (судом – 136). У выніку на 414 шлюбаў аказалася 167 разводаў, а гэта больш за 40%. У 2015 годзе адбылося рэзкае пагаршэнне статыстыкі: на 362 шлюбы прыйшлося 172 разводы, а гэта ўжо 47%. Несуцяшальная тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. У цэлым па краіне сітуацыя яшчэ горшая: у некаторых раёнах Мінскай і Віцебскай абласцей паказчык дасягае 68%.
Сёння па паказчыку разводаў на тысячу жыхароў наша краіна займае другое месца ў свеце. І гэта без уліку колькасці разарваных так званых «грамадзянскіх шлюбаў».
– Наталля Радзівонаўна, адразу спытаю: як Вы асабіста ставіцеся да «грамадзянскага шлюбу»? Ці так важны сёння штамп у пашпарце?
– Тое ўтварэнне, якое сёння так прыгожа называюць «грамадзянскім шлюбам», ні з майго, ні з юрыдычнага пункту гледжання сям’ёй не з’яўляецца. Гэта не альтэрнатыва і нават не рэпетыцыя шлюбу. Хутчэй – дарога ў нікуды. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што прынцыповых прыхільнікаў традыцыйных шлюбных адносін становіцца ўсё менш і менш.
– Якая ўзроставая катэгорыя шлюбу паводле статыстыкі паказала сябе найбольш уразлівай?
– Тут цяжка прадбачыць. У 2013 годзе часцей за ўсё распадаліся маладыя сем’і (да аднаго года), якія так і не змаглі перажыць першы крызісны перыяд сумеснага жыцця. Сумна, але ёсць выпадкі, калі літаральна праз некалькі дзён пасля разводу былыя сужэнцы зноў прыходзяць да нас і падаюць заяву на рэгістрацыю шлюбу з іншымі абраннікамі. Для іх развесціся – пераадолець маленькае непаразуменне, а сям’ю стварыць, што кубак кавы выпіць.
У 2014-15 гадах непераадольным для большасці разведзеных сем’яў стаў крызісны перыяд у тры гады, калі моцны эмацыйны ўсплёск, які выклікаў першае зачараванне закаханасці, практычна цалкам сыходзіць.
Але запомнілася і пара, якая пражыла разам амаль 45 гадоў. Здавалася б, яшчэ трохі і «дацягнуць» да залатога вяселля. Ініцыятарам разводу выступіла жанчына. У першым паўгоддзі сёлета, на жаль, распаліся ўжо тры пары, якія перасягнулі 30-гадовы рубеж сямейнага жыцця.
– А якія найбольш частыя прычыны разводаў?
– Мы не маем права высвятляць глыбінныя прычыны скасавання шлюбу. Але часцей за ўсё чуем: «не сышліся характарамі», «злоўжывае спіртнымі напоямі» і «здраджвае». Бывае, што людзі, асабліва маладыя пары, разво-дзяцца пры найменшым павеве халоднага ветрыку – невялікай сварцы, і няздольныя прасіць адзін у аднаго прабачэння. Мы робім усё, каб прымірыць бакі.
– Хто часцей, мужчыны ці жанчыны, падаюць на развод?
– Як паказвае агульнарэспубліканская статыстыка, у 68% выпадкаў на развод падаюць жанчыны, але Пружаны тут сталі выключэннем: у першым паўгоддзі ў ЗАГС па «свабоду» часцей прыходзілі мужчыны. Самая небяспечная ўзроставая катэгорыя для іх – 41-45 гадоў. Жанчыны часцей за ўсё шлюбаразводны вопыт атрымліваюць, пераступіўшы трыццацігадовы парог. Не стаў выключэннем і 2016 год.
– Але, як для работніка ЗАГСа, для Вас кожны развод можа разглядацца як патэнцыяльна дзве новыя сем’і…
– У мяне на вачах сям’і ствараюцца, і іх распад я ўспрымаю, як маленькую чалавечую трагедыю. Людзі развучыліся ахвяраваць, больш таго, многія ўжо не здольны бескарысліва мець патрэбу адзін у адным, дзяліць на дваіх і радасці сумеснага жыцця, і агульныя нягоды і беды.
– Ці можаце Вы, гледзячы на пару, прадбачыць яе будучыню?
– Гэта немагчыма. Але сапраўды ёсць пары, у дзень рэгістрацыі шлюбу якіх чамусьці не адчуваеш радасці моманту.
– Часта даводзіцца бачыць слёзы і высвятленні адносін падчас разводу?
– Нягледзячы на тое, што ЗАГС рэгіструе разводы «па ўзаемнай згодзе», мы разумеем, што адзін проста саступіў другому. Усякія сітуацыі бываюць. Пары розныя: для кагосьці развод – гэта боль страты, а для іншага – вызваленне і выпраўленне дапушчанай у спешцы памылкі. Былі выпадкі, калі плакалі нават мужчыны.
– На Вашу думку, папулярны зараз «шлюбны дагавор» можа служыць гарантам больш працяглых адносін?
– Калі мужам і жонкай успрымаецца як аснова і гарант саюза не каханне, а шлюбны дагавор, то гэта таксама, як і «грамадзянскі шлюб», мала падобна на сям’ю, хутчэй – на спажывецкія адносіны паміж бізнэс-партнёрамі.
– Як Вы ставіцеся да спрошчанай працэдуры скасавання шлюбу ў ЗАГСе?
– Я заўсёды на баку шлюбу і веру, што чым больш часу даецца на роздум паміж напісаннем заявы на развод і працэдурай скасавання, тым вышэй верагоднасць, што сям’я будзе выратавана. І ў нас здараецца, што праз месяц-другі некаторыя перадумваюць разводзіцца.
– Хочаце сказаць, бывалі выпадкі, калі людзі не прыходзілі на рэгістрацыю скасавання шлюбу?
– Калі ў пазначаны дзень заяўнік або абодва па невядомых абставінах не прыйшлі, заява анулюецца і шлюб захоўваецца. У 2015 годзе было шэсць падобных выпадкаў, калі муж і жонка давалі адзін аднаму другі шанц.
– Наталля Радзівонаўна, які рэгіён раёна ўсё ж можна сёння назваць фарпостам моцнай традыцыйнай сям’і?
– У 2013 годзе самыя нізкія паказчыкі разводаў былі ў г.п. Шарашова (11%), у 2014 го-дзе — у Ружанах (9%). Але сёння, на жаль, адмоўныя паказчыкі і сярод гарадскога, і сярод сельскага насельніцтва зраўняліся.
– Разводы якіх сем’яў успрымаюцца Вамі найбольш цяжка?
– Вельмі шкада самых юных – ім здаецца, што цяжкасці, якія існуюць сёння, застануцца ў іх жыцці назаўсёды. Толькі мы ж ведаем, што ўсё пераадольнае. Імкнуцца быць разам, нягледзячы на рознасць характараў і звычак, – гэта сапраўднае мастацтва. І яму трэба вучыцца.
Гутарыла Алена Зялевіч