Воскресенье, 21 января 2018

Лета, поўнае цудаў…

423

Самая выдатная пара года – час летніх канікул – падыходзіць да канца, пакінуўшы ў мінулым вясёлыя гульні, забавы, лагеры адпачынку, купанне і іншыя радасці летняга жыцця. І каб дзеці не вешалі нос, работнікі дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі для іх выдатную забаўляльную праграму.

20160817_3928_измен.размер

У мінулую сераду малая зала бібліятэкі была напоўнена цудамі: дзяцей сустракалі вясёлае Сонейка, якое не сыходзіла з экрана праектара, велізарная Божая кароўка, якая загарала з кнігай, і танцуючыя ад лёгкага скразняку паветраныя шарыкі. Разам з імі пад наглядам вядучай Галіны Адамаўны Чулец дзеці ажыццявілі дзіўнае падарожжа ў краіну-віктарыну пад назвай «Наадварот», дзе ўсё, у літаральным сэнсе, перавернута дагары нагамі. Можаце сабе ўявіць, кісель там робяць з гумы, шыны – з гліны, цэглу — з малака, а тварог – з пяску…

Можаце не сумнявацца, дзеці адразу знайшлі агульную мову з абарыгенамі. Нядзіўна – яна знаёма ім з ранняга дзяцінства. Вось вы, дарослыя, па-спрабуйце перакласці: «ацнос», «акўарт» ці «косяп». А дзеці адразу здагадаліся, што гэта «сонца», «траўка» і «пясок».

Шмат нябачаных цудаў сустрэлі яны на сваім шляху, шмат чаго давялося вярнуць на свае месцы, але самым загадкавым апынуўся «акэтяілбіб», як вы ўжо здагадаліся – «бібліятэка». Тут усё было ў парадку: тыя ж кнігі, тыя ж героі.

Але цуды на гэтым не скончыліся! Дзяцей чакалі падарункі. Аказваецца, усе яны прымалі актыўны ўдзел у конкурсе «Летам з кнігай я сябрую»: наведвалі бібліятэку на працягу лета, рабілі кніжкі сваімі рукамі і ўдзельнічалі ў фотавыставе «Я без кнігі – не я». І вось надышла пара ўзнагародзіць самых актыўных і стойкіх: з сарака чалавек да фінішу дацягнулі крыху больш за дваццаць.

Вось іх імёны: перамогу атрымаў Уладзімір Белаглаўка, вучань 4 класа СШ №1, аповед якога пра хатніх гадаванцаў здзівіў журы, другое месца падзялілі паміж сабой Станіслаў Брадніцкі (4 клас СШ № 5), Андрэй Каменеў (4 клас СШ № 3) і Лізавета Шопік (5 клас СШ № 4), трэцімі сталі Аляксандра Бароўская (4 клас СШ № 3) і Анастасія Кіпень (4 клас гімназіі). Дарэчы, апошняя дзяўчынка сваю кніжку «выпусціла» па ўсіх правілах выдавецкай справы і ў прадмове ўказала, што прысвяціла яе  малодшай сястрычцы, якая хварэе.

І гэта яшчэ не ўсё! У намінацыі «Сямейнае чытанне» безумоўную перамогу атрымала сям’я Чайкоўскіх: мама Таццяна Віктараўна і дзеці – вучні СШ № 1 Вікторыя і Ілья (яны вызначыліся і на папярэднім конкурсе, калі ў цудоўных касцюмах абаранялі прыдуманыя шакаладныя фанцікі).

20160817_3952_измен.размер

А ў намінацыі «Самая юная ўдзельніца конкурсу» пераможцай аказалася вучаніца 2 класа СШ № 5 Дамініка Барысюк, якая сваімі рукамі зрабіла кніжку загадак.

Больш таго, у гэтым годзе ўдзельнікам конкурсу стаў цэлы клас. На чале з класным кіраўніком Ірынай Аляксандраўнай Цемнасагатай навучэнцы 2 «В» класа СШ № 1 прэзентавалі сваю кнігу пра вайну.

Усе пераможцы атрымалі музычны падарунак ад юных музыкантаў Ліноўскага Дома культуры. Дружнымі апладысментамі гледачы сустракалі вакальныя групы «Вясёлка» і «Фантазёры», а таксама іх салістак  Алену Хоміч, Машу Нікіцюк і Карыну Гумяняк, якія прыўнеслі ў мерапрыемства цудоўныя музычныя хвілінкі.

Выдатна, што ў гэты дзень ніхто з удзельнікаў не застаўся без падарунка, дзякуючы спонсарскай дапамозе, якую рэгулярна аказвае бібліятэцы настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Ігар Мрыхін. Абсалютна ўсе юныя чытачы былі адзначаны каштоўнымі прызамі, галоўным з якіх была, вядома ж, кніга.

20160817_3979_измен.размер

– У гэтым конкурсе няма прайграўшых: кожны адкрыў для сябе нешта новае, нязведанае. І само слова «бібліятэка» роднаснае  самай галоўнай кнізе – Бібліі. Таму любая кніга, любы класічны твор – своеасаблівы шлях да Бога, да пазнання сваёй душы, – адзначыў святар.

Алена Зялевіч

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *