Четверг, 18 января 2018

Сляды на «Берасцейскім тракце»

688

У жніўні ў Пружанах прайшоў аўтапрабег рэтра аўтамабіляў, які арганізаваў брэсцкі клуб «Адам». Як расказаў адзін з актывістаў гэтай суполкі Ю.М.Бабіч, аматары старой тэхнікі практычна штогод збіраюцца на правядзенне своеасаблівай экскурсіі «Берасцейскі тракт» па дарогах вобласці. Прычым маршрут складаецца такім чынам, каб шлях праходзіў праз знакавыя мясціны Брэстчыны, з багатай гісторыяй і шматлікімі помнікамі. У бягучым годзе стартавай пляцоўкай  аўтапрабегу сталі Пружаны.

20160813_3856_измен.размер

— Клуб аматараў рэтра аўтамабіляў «Адам» дзейнічае з 2000 года,— расказвае Юрый Мікалаевіч.— Зараз ён аб’ядноўвае два дзясяткі пастаянных членаў, але заўсёды прыцягвае на свае мерапрыемствы ўдвая больш удзельнікаў, нават з суседніх краін. Ідэя правядзення мерапрыемства ў такім фармаце ўзнікла параўнальна нядаўна: спачатку мы проста арганізоўвалі выставы старых машын і тэхнікі, пазней жа вырашылі самастойна даехаць да гледачоў. Пачалі складваць маршруты. Але шлях пракладваецца такім чынам, каб і самім вадзіцелям рэтра аўтамабіляў было на што паглядзець.

20160813_3778_измен.размер

Пружаны сёлета ўпершыню сталі адпраўным пунктам  маршруту, які пралягаў таксама праз Ружаны і Косава. Як лічыць Юрый Бабіч, настаў час старым аўтамабілям  рухацца па старадаўняй дарозе, якая існавала, напэўна, спрадвеку, аб’ядноўваючы вёскі і мястэчкі.

Але перад стартам арганізатары аўтапрабегу зрабілі своеасаблівую выставу для жыхароў нашага райцэнтра. На пляцоўцы каля гарадскога парку сабраліся звыш трох дзясяткаў аўтамабіляў рознага «ўзросту». Як зазначыў Юрый Мікалаевіч, «рэтра»-крытэрый не з’яўляецца строгай падставай для членства ў клубе. Тут многа пастаянных удзельнікаў, якія маюць «Масквіч» ці «Волгу» (гэтыя машыны яшчэ ў немалой колькасці рухаюцца па беларускіх дарогах) і нават іншамарку канца  90-х гадоў мінулага стагоддзя. Самае галоўнае — апантанасць сваім хобі. І гэта пацвярджаецца гісторыямі тых, хто сабраўся паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

Напрыклад, Яўген Смольскі з Віцебска прывёз цэлы экіпаж, апрануты ў савецкім стылі. Адпаведна ўладальнік аформіў і свой аўтамабіль — мару любога савецкага грамадзяніна ў 1970-80-я гады — белую «Волгу». Усім, хто цікавіўся, Яўген расказваў гісторыю сваёй знаходкі:

20160813_3799_измен.размер

— Гэтую машыну на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прывезлі з Германіі ў Беларусь і  доўгія 13 гадоў яна стаяла ў гаражы з-за нязначнай паломкі. За гэты час вароты гаража на 15 сантыметраў ураслі ў зямлю. Здавалася, што аўто  павінна было ператварыцца ў металалом. Але, калі раскапалі дзверы, то здзівіліся ўсе: «Волга»  як новая.

Канешне, у аўтамабіля ў экспартным выкананні  якасць была на ўзроўні. Не тое, што ў «Масквічоў», якіх на выставе сабралася, напэўна, самая вялікая колькасць: некаторыя з іх даводзілася рамантаваць літаральна на старце. Сярод экспанатаў на колах быў і легендарны «Запарожац». У мерапрыемстве прынялі ўдзел і члены ўкраінскага клуба аматараў «гарбатых» «ЗАЗ-Козак» з Львова. Як расказалі нам Ігар Мыдэлык і Аляксандр Лобаў, яны не рызыкнулі  рушыць на «Запарожцы» ў далёкі шлях, а выбралі ў якасці транспарту старэнькі «Опель», хаця ўвогуле не пашкадавалі, што праехалі амаль тысячу кіламетраў. Асабліва ўкраінскіх гасцей уразілі Пружаны, чысціня і стан вуліц і дарог. Не менш дзіўнымі яны назвалі і мясцовых вадзіцеляў, якія строга прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху і выконваюць патрабаванні дарожных знакаў.

20160813_3815_измен.размер

20160813_3824_измен.размер

20160813_3829_измен.размер

20160813_3834_измен.размер

20160813_3866_измен.размер

На працягу некалькіх гадзін удзельнікі аўтапрабегу далі магчымасць усім жадаючым агледзець свае аўтамабілі, расказвалі іх гісторыі і тэхнічныя характарыстыкі. Многія рабілі на фоне старых машын уласныя фотаздымкі, якія папоўняць сямейныя фотаальбомы. А для вадзіцеляў клуб «Адам» арганізаваў экскурсію ў «Пружанскі палацык», пасля якой калона з легендарных аўто праехалася па вуліцах райцэнтра.

З не меншай цікавасцю рэтра аўтамабілі разглядалі і ў Ружанах.

Алег СІДАРЭНКА, Вікторыя ШАХНО

Один комментарий

  • Клуб ЗАЗ-Козак был на ФОРДе(!) Капри, он прибыл из Киева.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *