Понедельник, 22 января 2018

Наспявае час праабражэння…

503

Дык вось чаму маленькіх дзяцей так часта параўноўваюць з румянымі яблычкамі! Пакуль змучаныя спёкай дарослыя адганялі ад плеценых кошычкаў з сакавітымі фруктамі надакучлівых вос, кругленькія ружовашчокія дзеткі скакалі і куляліся ў траве каля Свята-Мікалаеўскай царквы, літаральна наліваючыся радасцю…  У паветры лунаў дзіўны яблычна-слівова-вінаградны водар. Гэта быў апоўдзень 19 жніўня – Праабражэнне Гасподняе, Яблычны Спас. Праваслаўныя хрысціяне чакалі айца Вячаслава,  а разам з ім – і цуду: ён асвеціць садавіну і … 

Што будзе далей з гэтымі спасаўскімі наліўнымі яблычкамі? Навошта іх асвячаюць, і ў чым сутнасць самога свята? Усё гэта і захацела высветліць карэспандэнт «раёнкі».

20160819_4349_измен.размер

Адказы тых, хто адгукнуўся на маё пытанне, уразілі сваёй разнастайнасцю, але ў асноўным яны тычыліся толькі яблыкаў. Адны казалі пра «благадаць на спажыванне ў ежу», іншыя пра тое, што з яблыкаў «здымаецца старажытная пячатка праклёну, накладзеная ў райскім садзе». Але аказалася, што большасць асвячаюць яблыкі па старой добрай бабулінай традыцыі, нясуць дадому як нейкую святыню, благагавейна з‘ядаюць — і потым мучаюцца пытаннем, куды падзець «святыя» агрызкі …

20160819_4311_измен.размер

А можа, на самай справе ўсё значна прасцей і больш зразумела?

– Калі мы кагосьці любім, адной з праяў нашага пачуцця з’яўляецца, як вядома, пачастунак. Мы частуем прысмакамі сяброў, дарагіх нам гасцей. У дзень Праабражэння Гасподняга мы прыносім ў храм тое, чым шчодра частуе нас Бог, – як аказалася, гэты шчыры адказ дзяўчынкі Дашы Велясевіч быў вельмі блізкім да ісціны.

20160819_4257_измен.размер

Дастаткова ўслухацца ў малітву на асвячэнне, у якой ёсць словы: «Владыко Господи Боже наш, Твоя от Твоих приносити Тебе.., приими и ныне принесеная от раба Твоего (тут называецца імя)… даруй ему и мирских Твоих благ восприятие, со всеми полезными ему».

Пра што малітва? Не пра што, а пра каго, нават імя трэба называць. Аб тым чалавеку, які прынёс у храм, нібы прысвяціў Богу, пачаткі ўраджаю, каб Бог блаславіў яго, і каб у яго ва ўсім матэрыяльным жыцці быў дабрабыт і наогул «усё добра». У кожнага свае «пачаткі» і не абавязкова «канвертаваць» іх у яблыкі, — пад асвячэнне падпадае любая садавіна, ягады і многае іншае, і ніякай містыкі ў гэтым шукаць не трэба.

А вось чаму свята называецца Праабражэннем, вельмі цікава распавядае Вольга Мікалаеўна Калюта:

20160819_4288_измен.размер

– Упершыню пра гэтае свята я зведала ў дзяцінстве ад айца Іосіфа Балюка, калі вучылася ў нядзельнай школе, а потым прачытала ў Евангеллі. Збавіцель узяў траіх сваіх вучняў (Пятра, Іакава і Іаана) і ўзышоў з імі на гару Фавор памаліцца. Калі Хрыстос маліўся, праабразіўся твар Яго, як сонца, а адзенне стала белым. Сярод дня Ісус ззяў ярчэй сонечнага святла. Праабражэнне Гасподняе паказвае нам ператварэнне душы і жыцця чалавека, які ідзе за Хрыстом.

Узняцца да сапраўды духоўнага асэнсавання гэтага дзіўнага і таямнічага свята дапамагла і матушка Аляўціна Левая, рэгент Свята-Нікольскага храма, якая, дарэчы, у гэты дзень адзначала свой дзень нараджэння. Яна расставіла ўсе кропкі над «і». Аказваецца, гістарычна Праабражэнне Гасподняе на гары Фавор адбылося ў лютым, за 40 дзён да Вялікадня, але праваслаўная царква перанесла святкаванне на жнівень, каб яно не прыпадала на дні Вялікага посту. Прычым усё той жа часовы прамежак у 40 дзён аддзяляе Праабражэнне ад  Узвіжання Святога Крыжа (27 верасня), калі Царква зноў успамінае Хрыстовы пакуты на крыжы.

20160819_4269_измен.размер

– Асвячэнне яблыкаў – добрая традыцыя, звязаная з сельскагаспадарчым цыклам. Яна вельмі ўмоўная і залежыць ад кліматычнага пояса. У Грузіі, як і ў Грэцыі, напрыклад, яблыкі паспяваюць значна раней, чым у нас, і на асвячэнне вернікі там прыносяць вінаград. Менавіта ад асвячэння вінаграду, які паспявае акурат да Праабражэння, уласна і пайшоў звычай. У нас ужо яблыкі прыстасавалі за адсутнасцю вінаграду. Царкве проста важна навучыць сваіх дзяцей быць удзячнымі Богу за Яго дары і выконваць Яго запаведзі. Бог ёсць святло — і тым, хто злучаецца з Ім, перадае Сваё ззянне. У Праабражэнні Хрыста паказаны той абноўлены стан, які ажыццявіцца ва ўваскрэсенні людзей …

20160819_4292_измен.размер

20160819_4303_измен.размер

20160819_4307_измен.размер

20160819_4308_измен.размер

Кожнаму з нас застаецца толькі ўзняцца на тую гару – не цялеснымі нагамі, а чыстымі думкамі, пачуццямі, добрымі ўчынкамі, каб душа задрыжала ад радасці сустрэчы з Ім.

А яблычкі?! Проста ешце з завальненнем – у іх шмат вітамінаў, і пахнуць яны…  раем.

Алена Зялевіч,

                             Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *