Четверг, 24 мая 2018

Пасадзіць пад замок

633

Трагедыі, якія забіраюць чалавечыя жыцці, не пакідаюць абыякавымі. А калі гінуць дзеці, не могуць не суперажываць, здаецца, нават чэрствыя і цынічныя людзі. Тым часам паведамленні, што бударажаць грамадскасць, усё часцей гучаць у сродках масавай інфармацыі.

7

На бяду многа не трэба.

Сёлетняй вясной у Магілёве бацькі страцілі двухгадовага сына, у  Баранавічах атрымала траўмы дзяўчынка 2013 года нараджэння, у Брэсце непапраўнае здарылася з двухгадовым хлопчыкам. Летам у Лоеве бацькі страцілі маленькую дачку. Аналагічныя трагедыі мелі месца на Гродзеншчыне, у Віцебску, у сталіцы… Аб’ядноўвае гэтыя здарэнні адно: ва ўсіх выпадках дзеці выпадалі з вокнаў.

Як зазначае начальнік Пружанскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Н.У. Гурская, праблема траўмавання і  гібелі дзяцей не губляе сацыяльнай значнасці. Праведзены праваахоўнымі органамі аналіз абставін здарэнняў дазваляе сцвярджаць, што віна ў той ці іншай ступені ляжыць на дарослых — гэта іх недагляд ці празмерная бестурботнасць.

«Адкрыўшы акно для праветрывання ці нават пакінуўшы каля зачыненага акна стул ці  стол, бацькі  правакуюць небяспечную сітуацыю, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Малыя вылучаюцца празмернай цікаўнасцю і здольны залезці на падаконнік, самастойна перасунуўшы няцяжкі прадмет мэблі, адчыніць акно. На жаль, некаторыя людзі памылкова лічаць, што маскітная сетка ў падобным выпадку з‘яўляецца перашкодай для падзення з акна».

Жыццё настойліва стараецца сказаць нам, дарослым: праблема дзіцячай гібелі набыла асаблівую вастрыню. Канешне, на бяду, як гаворыцца, многа не трэба: іншы раз дастаткова некалькіх секунд, каб здарылася непапраўнае, — але папярэдзіць няшчасце можна. Як бы банальна ні гучала, пачаць можна з прафілактыкі, галоўным сродкам якой для дзіцяці дашкольнага ўзросту з’яўляецца… Не, аказваецца, зусім не тлумачальная гутарка.

Выратаваць і захаваць.

Безумоўна, сачыць за дзіцём 24 гадзіны ў суткі (асабліва калі ў сям’і не адзін гарэза) — фізічна немагчыма. Таму рэальнай мерай страхоўкі могуць стаць тэхнічныя прыстасаванні. Работнікі фірм, якія займаюцца вырабам і ўстаноўкай аконных канструкцый, сёння прапануюць набываць спецыяльныя бла-кіратары: яны дазволяць трымаць акно закрытым ці прыадчыненым толькі для праветрывання.

Дырэктар ТАА «Вокны-Максімум» Сяргей Бандарэвіч расказвае, што ў Пружанах ажыятажу на запорныя прыстасаванні, нягледзячы на трагічныя выпадкі, няма.

— Мы можам прапанаваць кліентам спецыяльныя ручкі з замком. Але пакуль такія рэчы асаблівым попытам не карыстаюцца: за год іх рэалізуецца не больш пяці штук.

Для тых  дарослых, хто дагэтуль не «ў тэме», Сяргей Аляксандравіч тлумачыць сутнасць работы такого прыстасавання. Усё проста: ключом, уманціраваным у ручку, акно наглуха зачыняецца альбо  блакіруецца ў рэжыме праветрывання, калі створка «адкідваецца» пад вуглом 25 градусаў. Гэтая мера засцярогі дзейнічае пры ўмове, што ў дзіцяці няма доступу да ключа. Канкрэтна ў гэтай фірме такое «ноу-хау» абыдзецца ў 15 новых рублёў — столькі каштуюць ручкі, якія засталіся са старога прывозу. У новых прайсах фірмаў-пастаўшчыкоў, як удакладняе С.А.Бандарэвіч, і цэны новыя: самая танная мадэль каштуе каля 32 рублёў.

Спецыяліст робіць немалаважную агаворку: нават нятанная ручка з замком апраўдвае заплачаныя за яе грошы, паколькі з’яўляецца ўніверсальнай — падыходзіць да ўсіх тыпаў вокнаў, не  патрабуе замены запорных дэталяў, лёгка манціруецца (гэта пад сілу зрабіць самастойна) і здымаецца, таму можа за лічаныя хвіліны перастаўляцца з аднаго акна на другое.

— Адным словам, такая ручка купляецца не дзеля таго, каб вылучыцца дарагой цацкай, а ў мэтах бяспекі, — падагульнівае субяседнік.

Акрамя гэтага, цяпер існуюць яшчэ і такія тэхсродкі як замкі на вокны (яны працуюць па такім жа прынцыпе, як і ручкі), а таксама тросы-абмежавальнікі, якія дазваляюць адкрываць акно толькі на пэўную шырыню.

Між іншым…

З 1 верасня бягучага года ў суседняй Расіі будзе зменены дзяржстандарт на канструкцыю пластыкавых вокнаў. Па новых нарматывах вокны павінны быць забяспечаны спецыяльным механізмам, які дазваляе пакінуць акно ў рэжыме праветрывання, але не дае магчымасці цалкам яго адкрыць, што забяспечыць бяспеку дзіцяці.

Як мяркуецца, новыя стандарты закрануць перш за ўсё будаўнічую галіну, калі дамы пры здачы будуць прымаць у эксплуатацыю з вокнамі па змененых патрабаваннях.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *