Воскресенье, 27 сентября 2020

Будуць дарогі вяртацца…

1 014

Сустрэчамі зараз нікога не здзівіш. Аднакласнікі, аднавяскоўцы, сваякі выкарыcтоўваюць час летніх водпускаў, каб сабрацца добрай кампаніяй, успомніць былое, пасядзець за святочным сталом. Але сямейная сустрэча, якая адбылася ў мінулую суботу на хутары Трусавіца каля Шакуноў,  дастойна ўвайсці ў кнігу рэкордаў: на яе з‘ехалася больш за 120 чалавек.

20160813_3619_измен.размер

У гісторыі гэтай сустрэчы шмат пачаткаў.

Аповед можна пачаць з таго, што гадоў шэсць таму ўраджэнец Пружаншчыны, а ў далейшым брастаўчанін Аляксандр Іванавіч Баханкевіч усур‘ёз  пачаў складаць радавод сваёй сям‘і. Прозвішча да прозвішча, дата да даты, пакаленне да пакалення — вырасталі лісцікі на генеалагічным дрэве. Калі пазней больш маладыя і камп‘ютарна адукаваныя сваякі паімкнуліся намаляваць сапраўднае дрэва, каб размясціць на ім паўтары сотні імёнаў, то, як прызнаюцца, “не хапіла нават елкі”. Давялося рабіць звычайныя табліцы – ажно на чатырох вялізных аркушах. Падчас сустрэчы іх прымацавалі  на сцяну – і адразу ў ход пайшлі аўтаручкі і фламастары, каб дапісаць новыя імёны.

Ці адліковым варта лічыць той момант, калі некалькі членаў вялікага роду  вырашылі парадаваць сваякоў з Пружан, Брэста, Мінска, Масквы,  Санкт-Пецярбурга — і заняліся арганізацыйна-фінансавымі клопатамі. Менавіта дзякуючы ім удалося сабрацца такой вялікай колькасці людзей.

Чаму б не адштурхнуцца і ад часу пакупкі хутара Трусавіца каля Шакуноў пружанцам Аляксандрам Янушкевічам, які вырашыў арганізаваць тут фермерскую гаспадарку? Пры рамонце старых будынкаў  знайшлося нямала не толькі колішніх прылад працы, але і пісьмы, фотаздымкі. Аляксандр Аляксандравіч зацікавіўся лёсамі былых насельнікаў хутара і пазнаёміўся з іх нашчадкамі, а ў рэшце рэшт прапанаваў  тэрыторыю для сустрэчы.

А можна вярнуцца і на шмат гадоў таму, у міжваенны перыяд, калі Максім Міхайлавіч Пыль узяў шлюб з Марыяй Фёдараўнай Каробка. Сужэнцы сталі роданачальнікамі цяпер ужо пяці пакаленняў нашчадкаў, а ад брата Марыі Мікіты і брата Максіма Сяргея пайшлі іншыя адгалінаванні вялікага роду.

Але як ні пачынай размотваць клубок аповяду, а нітачкі дарог прывялі ў той суботні дзень у адну кропку і старых, і малых прадаўжальнікаў  роду Пылёў — Каробкаў. Пасля паніхіды ў Свята-Аляксандра-Неўскім саборы яны наведалі магілкі продкаў, а потым доўгім картэжам аўтамабіляў прыбылі ў Трусавіцу. Дзякуючы тэатру моды “Папараць-кветка” пад кіраўніцтвам В.М.Лапукі сустрэча гасцей атрымалася асабліва ўрачыстай.

А далей, як з меху, пасыпаліся ўспаміны: пра дзяцінства, юнацтва, вайну, дзядулю… Працягвалі ўспамінаць у  банкетнай зале аграсядзібы “Агра-Цымус” – зноў разглядалі старыя фотаздымкі, расказвалі, якімі працавітымі, набожнымі, сумленнымі, разумнымі людзьмі былі продкі (напэўна, многія з гэтых якасцей перадаліся наступным пакаленням), знаёмілі паміж сабой дзяцей з розных гарадоў і нават краін…  Ды, напэўна, не так важныя для пералічэння на публіцы ўсе гэтыя вельмі асабістыя моманты жыцця. Галоўным у сустрэчы стала магчымасць вялізнай колькасці людзей сапраўды адчуць сябе родам – магутным дрэвам з моцнымі каранямі, якое самай дробнай сваёй галінцы дае сілкаванне і апору.

20160813_3639_измен.размер

20160813_3651_измен.размер

20160813_3757_измен.размер

20160813_3777_измен.размер

20160813_3670_измен.размер

20160813_3662_измен.размер

З гэтай нагоды ўзгадаліся радкі з верша берасцейскага паэта Міколы Пракаповіча: «I будуць дарогі вяртацца ў той незабыты куток, дзе ў квецені белых акацый жыцця твайго чысты выток…»

Дарэчы, наконт вяртання. На маё пытанне аб складанасцях наладжвання падобных сустрэч адзін з арганізатараў  Дзмітрый Іванавіч Герасцын адказаў: «Дык магло б быць яшчэ чалавек на сорак больш. Праз пару гадоў варта будзе ўжо ўсіх сабраць…».

На здымках: хлеб-соль прыняла старэйшая ў родзе — Вольга Іванаўна Міляева; у старым чамадане знайшоўся нават пашпарт ваеннага часу; Вольга Іванаўна Міляева і жыхарка Шакуноў Алена Лявонцьеўна Гарэйка; выступае Д.І.Герасцын;  Аляксандр Іванавіч і Вячаслаў Іванавіч Баханкевічы; агульнае фота на памяць.

Ірына Сядова

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *