Четверг, 24 мая 2018

Саюз чаўнака і іголкі

464

Мы прывыклі захапляцца вялікімі вынаходніцтвамі, але што значыць тая ж тэорыя адноснасці Эйнштэйна ў параўнанні з простай швейнай машынкай?! Бабуліны памочніцы, выпушчаныя больш за сто гадоў таму, шчасна дажылі да нашых дзён. І дзіўней за ўсё тое, што яны не бавяць свой век дзе-небудзь у каморы, а працягваюць спраўна працаваць.

Машынка Singer_измен.размер

Вось адна такая старушачка, якая жыве сёння ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», па-ранейшаму шые парцьеры і гардзіны, цыруе абрусы і сурвэткі. Учора яна сустрэла чарговы юбілей.

«Які?» – спытаеце вы. 165-гадовы!

Роўна столькі часу назад, 12 жніўня 1851 года амерыканскі вынаходнік і бліскучы бізнэсмэн Ісаак Зінгер атрымаў патэнт на сваю швейную машынку. Ён проста ўдасканаліў мадэлі, якія існавалі на той час, — першым размясціў іголку вертыкальна, спраектаваў стол-платформу для гарызантальнага размяшчэння тканіны і лапку-прыціск (што дазволіла рабіць бесперапыннае крывалінейнае шво), усталяваў зубчастую пласціну для прасоўвання тканіны і нажную педаль – вольная рука швачцы не перашкодзіць. Машынка адразу набыла неверагодную папулярнасць у звычайных хатніх гаспадынь. Менавіта на іх, а не на прамысловую вытворчасць,  арыентаваўся вынаходнік.

Дзякуючы ўдаламу, як сёння сказалі б, маркетынгаваму ходу мільёны сем’яў пераканаліся ў неабходнасці набыцця гэтай машынкі: упершыню рамонт механізму дапускаўся ў хатніх умовах. Кліенты Зінгера маглі самі заказваць неабходныя запчасткі, каб ліквідаваць няспраўнасці. Акрамя таго, машынкі пачалі прадаваць у растэрміноўку – яны сталі даступныя нават беднякам. Рэклама была паўсюль: яе размяшчалі на праграмках спектакляў, раздавалі прыхаджанкам у храмах разам з рэлігійнай літаратурай, распаўсюджвалі прахожым – з газетамі.

На кірмашах магчымасці машынак «Singer» дэманстравалі спецыяльна нанятыя прыгажуні, на якіх затрымлівалі погляд мужчыны, а ў гэты час іх спадарожніцы любаваліся пашытымі і нават вышытымі з дапамогай машын сукенкамі. Дэманстраваліся таксама цыравальныя прылады, а побач з імі – узоры зацыраваных панчох. Такога яшчэ ніхто не бачыў! Поспех вытворчасці быў такі, што ўжо ў 1908 годзе на Брадвеі быў узведзены першы ў Нью-Ёрку хмарачос – 47-павярховы «The Singer Building» вышынёй 205 метраў, дзе размясцілася штаб-кватэра карпарацыі.

Але хай іншыя захапляюцца хмарачосамі і зацыраванымі панчохамі, а мы вернемся да пружанскай машынкі-прыгажуні.

Колькі легенд, звязаных з кампаніяй «Singer», давялося выслухаць нашаму музейнаму экспанату і колькі іх  развянчалі  супрацоўнікі музея! Нехта пільна разглядаў кожную дэталь, спрабуючы знайсці сляды рэдкіх каштоўных металаў. Хтосьці з расчараваннем даведваўся, што пружанская машынка 1882 года выпуску (самыя першыя экземпляры, напэўна,  каштавалі б мільён долараў!). Некаторыя, паверыўшы чуткам, нават ставілі доследы: правяралі пры дапамозе  мабільнага тэлефона наяўнасць «чырвонай ртуці» ў рабочай іголцы. Казалі, што побач з гэтым рэчывам знікае сігнал. Але сігнал быў устойлівей за Эйфелеву вежу.

Былі і такія, хто, гледзячы на лагатып (а ён паўсюль: скрыжаваныя іголкі, «S»-падобна абвітыя ніткамі, на фоне доўгага чаўнака), абзывалі машынку падробкай. Ну што ж, хай і далей шукаюць легендарную «Zinger»!

Лагатып 1_измен.размер

Дзівакі, любаваліся б лепш яе абліччам: корпус, выгнуты вытанчанай дугой і  ўпрыгожаны рэльефным арнаментам і каляровым роспісам у выглядзе дэкаратыўных кветак у вазе. Незвычайна прыгожыя адліваныя чыгунныя платформы, фігурная праножка з надпісам «SINGER»…

Лагатып 2_измен.размер

Вы скажаце, што прыгажосць-прыгажосцю, але функцыянальныя магчымасці яе не ідуць ні ў якое параўнанне з сучаснымі швейнымі машынамі? Памыляецеся! Канструкцыя старой зінгераўскай машынкі такая, што іголка надзейна прабівае і любую тканіну, і скуру, а чаўнок, размешчаны гарызантальна, не дазваляе нітцы заблытвацца. І мноства іншых зручнасцей, пра якія залежныя ад электрычнасці бяздушныя механізмы могуць толькі марыць, і ў якіх я сама асабіста змагла пераканацца.

Не выпадкова кажуць, што сам Ганс Хрысціян Андэрсан хацеў напісаць пра швейную машынку «Singer» казку, але не паспеў…

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *