Суббота, 22 сентября 2018

Адной левай…

712

13 жніўня адзначаецца Сусветны дзень ляўшы. Упершыню яго адзначылі ў 1992 годзе па ініцыятыве брытанскага клуба ляўшэй.  Тыя, хто выкарыстоўвае ў якасці вядучай левую руку, імкнуцца ў гэты дзень прыцягнуць увагу дызайнераў, вытворцаў і прадаўцоў тавараў да неабходнасці ўлічваць патрэбы ляўшэй пры карыстанні рознымі прадметамі. Дарэчы, каля 10% насельніцтва нашай планеты  (а гэта прыкладна 500 мільёнаў чалавек) – ляўшы.

Мая субяседніца — Ганна Дулько, сёлетняя выпускніца СШ №4 г. Пружаны, таксама адносіць сябе да гэтых 10 працэнтаў.

Ганна Дулько_измен.размер

— Ганна, скажы калі ласка,  твае бацькі ніколі не імкнуліся цябе перавучыць?

— У раннім дзяцінстве спрабавалі, але потым адмовіліся ад гэтага. Пазней, калі ў мяне з’явілася малодшая сястра Таня, аказалася, што яна таксама шмат рэчаў робіць  левай рукой.

— А ў школе? Ці не лічылі цябе “белай варонай”?

— Не, проста ўсім было цікава, асабліва ў малодшых класах, назіраць за тым, як гэта я магу пісаць левай рукой.

— Калі ўжо мы загаварылі пра пісьмо, то варта згадаць і пра почырк. На тваю думку, ці залежыць яго прыгажосць ад таго, якой рукой чалавек піша?

— Магчыма, залежыць. Бо, як бы я ні старалася, а пісаць прыгожа ўсё ж не вельмі ўдаецца. Прызнацца, почырк у мяне неразборлівый, як жартуюць, нібы ў доктара.

— А якія навукі даваліся ў школе лягчэй, матэматычныя ці гуманітарныя?

— Лічу, што я больш гуманітарый. Хаця з самага дзяцінства люблю ўсё жывое, таму вельмі падабалася біялогія. Цяпер я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Буду ўрачом.

— Значыць, пад свой “медыцынскі” почырк прафесію ты абрала правільна?

— Вельмі спадзяюся на гэта!

—Даволі часта даводзіцца чуць, што ляўшы – вельмі таленавітыя людзі, бо ў адрозненне ад тых, хто піша правай рукой, у іх больш развіта правае паўшар’е галаўнога мозга, якое адказвае менавіта за творчасць. Ці ёсць нейкае хобі ў цябе?

—Я лічу, што меркаванне аб тым, што ляўшы – больш адораныя, чым праўшы, стэрэатыпнае. Бо талент у чалавека можна развіваць  — гэта залежыць і ад выхавання, і ад сям’і.

Так, у мяне ёсць хобі, я люблю маляваць. Але не лічу, што маё захапленне павінна перарасці ў прафесійны занятак. Я згодна са сваімі бацькамі, якія кажуць, што трэба атрымаць добрую адукацыю і прафесію, дзякуючы якой можна дастойна зарабляць.

—Тым не менш, раскажы, калі ласка, пра маляванне. Што ты малюеш, якой рукой, ці многа ў цябе карцін?

—Малюю выключна левай рукой, як і ем, і пішу. Малюнкаў даволі шмат, але я не наведвала мастацкую школу, таму работы, лічу,  не вельмі прафесійныя, часцей гэта  абстракцыі.

Мая любімая работа – малюнак зорнага неба. Можа, камусьці ён пакажацца дзіўным, але гэта маё бачанне. А ўвогуле, тое, што з’яўляецца на паперы, у многім залежыць ад настрою, часам проста нечага просіць душа.

—Па статыстыцы, на кожныя дзесяць чалавек — толькі адзін ляўша. Ці лічыш ты сябе ў сувязі з гэтым унікальнай?

—Я б адказала так: не лічу сябе звычайнай. Як мне здаецца, у кожнага чалавека ёсць нешта такое, што б ён мог развіваць, свой талент, які ў будучым можа стаць майстэрствам, незалежна ад таго, якой рукой ён гэта робіць. Таму ўнікальны кожны з нас.

Гутарыў Уладзіслаў Шпарла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *