Воскресенье, 27 мая 2018

І музыка старых будынкаў…

701

95 гадоў таму па ўмовах Рыжскага дагавора ўся Заходняя Беларусь адышла да Польшчы і пражыла ў непрывабным статусе Усходніх кресаў (kresy — ускраіны) амаль дваццаць гадоў. Палякі лічылі наш край адсталым рэгіёнам, але меркавалі валодаць ім неабмежаваны час, таму пастараліся ўкласці ў яго развіццё, у прыватнасці, у архітэктуру, нямала сродкаў.

Парасляны_измен.размер

У 1920-х гадах тут пачаўся сапраўдны будаўнічы бум: адбудоўвалася тое, што было разбурана падчас Першай сусветнай вайны, перш за ўсё чыгуначная інфраструктура краю. Актыўна ўзводзіліся новыя прадпрыемствы, адміністрацыйныя будынкі, ведамаснае жыллё для польскіх спецыялістаў – юрыстаў, урачоў, настаўнікаў, адміністрацыйных работнікаў, што перасяляліся з этнічных польскіх земляў для працы ў крэсах усходніх.

Шэраг будынкаў розных стыляў захаваўся да нашых дзён. Вось пра некаторыя з іх і хацелася б пагаварыць.

Перш за ўсё, заслугоўваюць увагі два камунальныя дамы па вул. Піянерскай, сядзібны дом у в.Парасляны (у якім ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя размяшчаліся пачатковыя класы Параслянскай СШ) і будынак чыгуначнага вакзала ў Аранчыцах. Гэтыя будынкі былі ўзведзены ў так званым «другім закапанскім стылі».

Оранчицы 20-е гг._измен.размер

Яго актыўна выкарыстоўваў варшаўскі архітэктар Юліян Лісецкі (1881-1944) у пачатку 1920-х гадоў у рэгіянальным будаўніцтве на тэрыторыі Заходняй Беларусі, куды ён быў накіраваны ў якасці інспектара будаўнічага дэпартамента. Былы выпускнік Політэхнічнага інстытута нямецкага горада Карлсруэ, актыўны дзеяч таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, член Саюза архітэктараў Польшчы – да таго часу ён ужо меў пэўны вопыт праектавання і будаўніцтва.

За аснову браў уласна «закапанскі» стыль – пэўны накірунак, які ўзнік у польскіх Татрах у ваколіцах невялікага гарадка Закапанэ і атрымаў развіццё ў канцы XIX стагоддзя. Дамы будавалі на высокім падмурку, са стромкімі (часцей за ўсё чатырохсхільнымі) дахамі з навісямі, разлічанымі на вялікую вагу дажджу і снегу. У двухпавярховых дамах другі паверх устанаўліваўся ўпоперак першага.

Характэрным элементамі з’яўляліся таксама дормер (вертыкальнае слыхавое акно ў выглядзе хаткі ў мансарднай частцы будынка), некалькі комінаў і чаргаванне аконных праёмаў рознага памеру. На схіле даху, звернутым да вуліцы, архітэктар размяшчаў невялікія франтоны, якія выконвалі чыста дэкаратыўную функцыю, у ніжняй частцы іх – маленькія паддашкавыя вокны. Пад павеццю з паўднёвага боку звычайна праектавалася адкрытая веранда, а на гарышчы – невялікія пакоі, так званыя «выгленды».

дом по ул. Пионерской_измен.размер

Першапачаткова гэты стыль пераважна выкарыстоўваўся пры будаўніцтве драўляных загарадных віл для адпачынку. Але мясцовымі будаўнікамі яго ідэі запазычваліся, як бачым, пры ўзвядзенні паўнавартасных цагляных будынкаў афіцыйнага прызначэння – упраў, вакзалаў, казармаў і шмат чаго іншага. З боку заказчыкаў гэта быў своеасаблівы ідэалагічны ход – захаваць у мясцовай архітэктуры польскі нацыянальны элемент.

Але Лісецкі асцярожна падыходзіў да выкарыстання формаў «закапанскага» стылю: у пружанскіх будынкаў пластыка фасадаў і даху досыць стрыманая.

Дарэчы, будынкі па вул. Піянерскай спраектаваны архітэктарам аналагічна будынкам урадавых кварталаў-калоній у г.Брэсце. Па ўспамінах пружанскага старажыла Уладзіміра Андрэевіча Каўганкі (92 гады), у іх пражывалі розныя чыноўнікі, у прыватнасці, адвакаты Свянціцкі, Мекленбург і Фасоўскі, з дзецьмі апошняга, сынам Ежы і дачкой Янінай, ён хадзіў у польскую пачатковую школу (сёння ў гэтым будынку па вул. Камсамольскай размяшчаецца ЦТДМ).

На старых планах гэтых дамоў пазначаны  3- і 4-пакаёвыя кватэры з памяшканнямі для прыслугі. Пасля 1939 года прасторныя апартаменты былі перароблены пад камунальныя кватэры.

У пачатку 30-х гадоў пальму першынства ў закапанскага стылю адабраў польскі функцыяналізм (накірунак «люкс»), у стылі якога палякі пачалі праектаваць ўсё: ад жылых дамоў да касцёлаў і вялікіх адміністрацыйных будынкаў. Хрэстаматыйны ўзор гэтага кірунку прадстаўлены ў Пружанах некалькімі пабудовамі, самая арыгінальная з іх – будынак друкарні па вул. Свабоды.

Типография_измен.размер

На жаль, пра аўтара праекта і ўладальнікаў  практычна нічога не вядома. Па ўспамінах таго ж Уладзіміра Каўганкі, які пражывае ў некалькіх кроках ад друкарні, гэты дом пабудаваў жыхар в.Дабучын па прозвішчы Мароз, які вярнуўся з заробкаў з Амерыкі. Дарэчы, адзін з драўляных дамоў на скрыжаванні цяперашніх вуліц Чарнышэўскага і Маякоўскага таксама пабудаваў Мароз для аднаго са сваіх сыноў. Па некаторых дадзеных, уся гэтая сям’я  была дэпартавана ў Сібір у 1939 годзе, а дом новая савецкая ўлада перадала ў ведамства гарадской адміністрацыі.

Падобныя дамы, сапраўды, будаваліся для адносна заможнай праслойкі грамадства. Іх адрозніваюць дасканаласць прапорцый лаканічнай архітэктурнай формы, поўная адсутнасць дэкору на вялікіх міжваконных прасторах, высокі будаўнічы стандарт, адзначаны дбайнай апрацоўкай кожнай дэталі. Унутраная планіроўка забяспечвае камфорт пры невялікіх памерах пакояў. Усе пакоі функцыянальна звязваюцца праходамі і калідорамі. Некалькі ўваходаў, асаблівая форма лесвіцы з эрганамічнымі прыступкамі і падпорнымі сценкамі. Практычна плоскі дах, які мае невялікі схіл, непрыкметны з  вуліцы, раней выкарыстоўваўся як адкрытая тэраса.

Типография (конец 30-хх)_измен.размер

Бясспрэчна, гэтыя архітэктурныя рарытэты міжваеннага часу некалькі цьмянеюць на фоне гістарычнай забудовы па вул. Савецкай, якая ўсё больш і больш прыцягвае турыстаў. І мала хто з нас ужо звяртае ўвагу на гэтыя дамы, а яны ж з’яўляюцца фактычна музеямі пад адкрытым небам. У Еўропе аналагічныя будынкі апісваюцца, даследуюцца і бяруцца пад дзяржаўную ахову, становячыся часткай дзяржаўнай культурнай спадчыны.

Мы называем архітэктуру «музыкай, якая застыла ў камені». Здаецца, што дамы, пабудаваныя «за польскім часам» у Пружанах, здольны сыграць яшчэ нямала цудоўных мелодый.

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *