Четверг, 24 мая 2018

Пра будаўніцтва – як ёсць

615

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня будаўніка — мы сустрэліся з намеснікам старшыні райвыканкама С.М.Гукам, які курыруе будаўнічы комплекс раёна. І пра сённяшні дзень галіны, перспектывы і праблемы яе развіцця пачулі, што называецца, з першых вуснаў.

Гук С М_измен.размер

— У агульным аб’ёме выкарыстаных на Пружаншчыне за паўгода інвестыцый — а іх паступіла на суму 334 мільярда недэнамінаваных рублёў — будаўніча-мантажныя работы дасягнулі без малога 40%, што ў грашовым выражэнні склала 129,9 мільярда рублёў, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. — За шэсць месяцаў бягучага года будаўнікі раёна выканалі падрадных работ на 83,5 мільярда рублёў. Гэта 108,9% да адпаведнага перыяду 2015 года ў супастаўных цэнах — пры заданні 101,5%. У выніку сярод раёнаў і гарадоў вобласці мы займаем пятую пазіцыю з дзевятнаццаці.

— Нягледзячы на агульнае зніжэнне аб’ёмаў, жыллёвае будаўніцтва па-ранейшаму застаецца адным з прыярытэтных накірункаў выканання прагнозных паказчыкаў?

— Так. За шэсць месяцаў бягучага года за кошт усіх крыніц фінансавання на Пружаншчыне ў эксплуатацыю ўведзена больш 7000 квадратных метраў жылой плошчы. Гэта  амаль 60% гадавога задання, якое складае 12 тысяч квадратных метраў. Таму сёння можна гаварыць, што мы пакуль выконваем даведзеныя планы з апераджэннем. У прыватнасці, сёлета былі ўведзены ў эксплуатацыю па два аднакватэрныя жылыя дамы ў Стараволі і Мураве, звыш 6700 квадратных метраў увялі ў эксплуатацыю індывідуальныя забудоўшчыкі.

Бясспрэчна, і заданні ўжо не тыя: у 2013 годзе пры гадавым заданні 17000 квадратных метраў фактычна было ўведзена ў эксплуатацыю 17406 кв. метраў, у 2014-м — пры заданні 19000 квадратных метраў 19462. Але і летась замест 10000 запланаваных квадратных метраў мы здалі ажно 14126.

Аналізуючы сітуацыю, якая складваецца па ўводу жылля сёлета, магу меркаваць, што гадавое заданне ізноў будзе перавыканана. Зразумела, не без дапамогі пастановы Саўміна (нагадаю, з 2014 года ў дамах, дзе ніхто не зарэгістраваны, паслугі аплачваюцца па павышаных тарыфах, іх прымяняюць і да жылля, якое не ўведзена ў эксплуатацыю).

— Сяргей Міхайлавіч, чым увогуле сталі адметны апошнія гады? 

— У 2013 годзе ўведзены ў эксплуатацыю такія значныя аб’екты, як малочнатаварныя фермы на 1100 галоў у Ляжайцы і Роўбіцку, трэцяя чарга дзіцячага санаторна-аздараўленчага цэнтра ААТ «Санаторый «Ружанскі», камбікормавы завод у Калазубах, садавінасховішча на 3000 тон у в.Янаўцы  ААТ «Жураўлінае», гасцініца ў Ружанах, праведзена рэканструкцыя фермаў у Клепачах, у Кацёлках, комплексу па вырошчванні нецеляў у Вашчынічах і іншыя.

2014-ы запомніўся тым, што ў эксплуатацыю ўвялі МТФ на 1100 галоў у Асошніках, збожжасушыльны комплекс у Калядзічах, збожжасховішча ў Арабніках, прайшла рэканструкцыя свінакомплексу ў Клепачах, у Пружанах была добраўпарадкавана вуліца Заводская, зроблена паркоўка для аўтамабіляў па вуліцы Будаўнічай, добраўпарадкаваны новыя вуліцы ў раёне індывідуальнай жыллёвай забудовы.

Леташні год увайшоў у гісторыю,  дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю двух 40-кватэрных жыллёва-будаўнічых кааператываў «Палявы-14» і «Палявы-15», 23 жылых дамоў для сельгаспрадпрыемстваў раёна. У квартале індывідуальнай забудовы «Сонечны» запрацавала станцыя другога пад’ёму вады…

— Калі ж наш даўгабуд — гасцініца па вуліцы Заводскай — папоўніць спіс завершаных спраў?

— З ліпеня яна ў раённай камунальнай уласнасці. Спадзяемся, што гэта станоўча паўплывае на яе далейшы лёс. У прыватнасці, з 12 жніўня яна выстаўляецца на аўкцыён па продажу з паніжэннем цаны. Ужо сёння інтарэс да яе праяўляюць інвестары з бліжняга замежжа. Да слова, па прыблізных падліках для завяршэння будаўніцтва неабходна каля 100 мільярдаў рублёў.

Некалькі слоў скажу і пра будынак аддзялення неўралогіі ЦРБ: на сённяшні дзень ступень гатоўнасці аб’екта толькі  38%, усе  выдаткі па ўзвядзенні будынка раённы бюджэт не зможа асіліць. Разлічваем, што ў наступным годзе трапім у абласную інвестыцыйную праграму, тады працэс зрушыцца з месца.

— Ці ўдаецца ў нялёгкіх эканамічных умовах трымацца на плыву нашым будаўнічым арганізацыям?

— Як вы змаглі заўважыць, дынаміка будаўніцтва падае. Той будаўнічы комплекс, які быў яшчэ пару гадоў таму, сучаснай беларускай эканоміцы не патрэбны. Гэтым выклікана і рэзкае падзенне колькасці работнікаў, якое не мінула і наш раён: з 1500 чалавек, якія налічваліся ў чатырох арганізацыях Пружаншчыны ў 2011 годзе, сёння засталіся каля 500.

Але, нягледзячы ні на што, у параўнанні з мінулым годам, сёлета будаўніцтва ў раёне займае больш трывалую пазіцыю.

Трэба аддаць належнае будаўнічым арганізацыям, якія павялічваюць аб’ёмы работ за межамі раёна. Напрыклад, ПМК-21 па дагаворы субпадраду будуе свінакомплекс у Талочынскім раёне, ПМК-22 працуе на суседняй Слонімшчыне.

Актыўны пошук аб’ектаў для будаўніцтва вядзецца нават за межамі краіны: ПМК-22 у пачатку года ўзялося за аб’ект у падмаскоўным Адзінцове, ПМК-21 працуе ў Сувораве Тульскай вобласці, куды да канца года адправіцца яшчэ адна брыгада. Адным словам, развіваем экспарт паслуг.

Акрамя таго, ПМК-22 хутка ўлавіла, што прыярытэты ў жыллёвым будаўніцтве памяняліся (з наступнага года льготнае крэдытаванне, магчыма, наогул перастане існаваць) — будучае за долевым жыллём. І да канца года плануе ўвесці ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом у Пружанах. На 30 кватэр ужо заключаны дагаворы, яшчэ дзесяць чакаюць сваіх пакупнікоў. Між іншым, цэны на новыя квадратныя метры не вышэйшыя, чым на другаснае жыллё: аднапакаёвыя кватэры — каля 17-18 тысяч долараў ЗША, двухпакаёвыя — 21-23, трохпакаёвыя — 24-25 тысяч долараў ЗША.

— Што, на Вашу думку, чакае будаўнікоў у бліжэйшым будучым?

— На жаль, будаўніцтва перастала быць драйверам эканомікі краіны. На заўтрашні дзень, мяркуючы па склаўшайся сітуацыі, прагнозы для гэтай галіны не самыя суцяшальныя: па выніках года аб’ём падрадных работ усё ж упадзе — да ўзроўню прыкладна 102%. Тых жа сродкаў на будаўніцтва інжынерных сетак на бягучы год выдзелена толькі 40% ад мінулагодняй сумы. Яно і зразумела: галіна залежыць ад дзяржаўнага фінансавання, а з-за скарачэння праграм будаўніцтва жылля і інжынерных сетак, капітальнага і бягучых рамонтаў «таюць» і аб’ёмы работ.

Тым не менш, я хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх, хто мае дачыненне да будаўніцтва. Вы — людзі самай мірнай і высакароднай прафесіі, якая накіравана не на разбурэнне, а на стварэнне. Ад імя раённай улады дзякую за добрасумленную працу, прафесіяналізм і высокія тэмпы работы. Хочацца пажадаць вам моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і дастойнай аплаты вашай нялёгкай работы.

Гутарыла Марына ВАКУЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *