Каб знізіць сацыяльную напружанасць, палепшыць якасць забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, выявіць недапрацоўкі і правільна расставіць прыярытэты ў калідорах улады, асаблівае месца адводзіцца рабоце з грамадзянамі. Як сёлета вялася работа са скаргамі і заявамі жыхароў Пружаншчыны, гаворка нашага карэспандэнта з начальнікам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Т.Ю.Гаманчук.
— У першым паўгоддзі ў райвыканкаме зарэгістраваны 349 зваротаў, — расказвае Таццяна Юр’еўна. — Калі параўнаць з аналагічным перыядам папярэдняга года, гэтая лічба паменшылася прыкладна на 15% — летась колькасць зваротаў пераваліла за 400.
— Які спосаб зносін з уладамі ў жыхароў раёна самы папулярны?
— Часцей за ўсё людзі аддаюць перавагу вусным зваротам: за паўгода іх зарэгістравана 235, — у пісьмовай форме сутнасць праблемы пераказалі 88 чалавек. А вось новай электроннай формай звароту грамадзяне карыстаюцца пакуль нячаста — за паўгода такіх зарэгістравана ўсяго 26. Хаця, варта заўважыць, гэта адзіны від зваротаў, які характарызуецца станоўчай дынамікай.
Акрамя таго, зазначу, што 20 заяў былі калектыўнымі, а ананімных — усяго дзве.
— Дзе найбольш пытанняў уздымаюць: у горадзе ці на сяле?
— Сёлета ў сельвыканкамы раёна паступілі 242 звароты, і гэта значна менш, чым за леташняе першае паўгоддзе. Лідарамі сельскага рэйтынгу па зваротах у райвыканкам з’являюцца жыхары Ружанскага, Пружанскага і Ліноўскага сельсаветаў. Ад гараджан паступілі 127 зваротаў.
— Таццяна Юр’еўна, мяркуючы па зместу зваротаў, якая галіна на Пружаншчыне самая праблемная?
— Найбольш пытанняў па-ранейшаму да сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: больш чвэрці прэтэнзій прад’яўляецца менавіта да гэтай галіны. Амаль 20% зваротаў тычацца працоўнага заканадаўства. Жыллёвае пытанне непакоіць каля 15% звярнуўшыхся.
Варта адзначыць, што знізілася колькасць пытанняў па прыватызацыі і звязаных з ёй нязгод з ацэначным коштам квадратных метраў. Яно і зразумела: працэс прыватызацыі падышоў да фінішу. Затое працягваюць паступаць пытанні аб набыцці ва ўласнасць жылля, прадастаўленага ў свой час сельгасарганізацыямі. У прыватнасці, людзей непакояць дастаткова працяглыя тэрміны афармлення праваўстаноўчых дакументаў на запаветныя квадратныя метры. Але таму ёсць сваё тлумачэнне: фінансавыя магчымасці не заўсёды дазваляюць у кароткі тэрмін вырашыць пытанне.
А вось заявы на матэрыяльную дапамогу ў райвыканкам перасталі паступаць: такая дапамога ўжо другі год як не аказваецца. Нагадаю, што сёння з падобнымі пытаннямі можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе, у адпаведнасці з дзеючым занакадаўствам, прадугледжана выплата матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян.
— Ці часта грамадзяне, як гаворыцца, «скачуць праз галаву» — звяртаюцца ў вышэйстаячыя органы, мінуючы свае?
— Не без гэтага. За паўгода ў Брэсцкі аблвыканкам ад жыхароў Пружанскага раёна паступілі 62 звароты. Часцей сталі звяртацца і ў Адміністрацыю Прэзідэнта — 50 зваротаў. Праўда, дзевяць з іх накіравалі назад — у ніжэйстаячыя ці галіновыя інстанцыі, і ніводзін з іх не быў задаволены.
— Давайце падагульнім: ці многія звароты знайшлі водгук пры разгледжанні «наверсе»?
— Задавольнены былі прыкладна 15% зваротаў. Так, напрыклад, вядзецца капрамонт дома №17 у Сонечным, завершаны капрамонт дома №5 па вуліцы Чырвонаармейскай і добраўпарадкаванне вуліцы Крывашэіна ў горадзе, будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Белавусаўшчыне.
Па 10% зваротаў былі прыняты адмоўныя рашэнні. Некаторыя заявы палічылі неабгрунтаванымі, паколькі ў іх прыводзяцца непацверджаныя факты. Па асноўнай масе паступіўшых зваротаў — больш як у 50% выпадкаў — далі адказы тлумачальнага зместу.
Гутарыла Марына Вакульская