Четверг, 20 сентября 2018

Парадак на зямлі: культура прымушае чакаць лепшага?

556

Зараз модна цытаваць Валянціна Пікуля, які пісаў, што аб культуры народа можна меркаваць па стане могілак і чысціні прыбіральняў.

brprpruz03-16

Аб тым, як ідуць справы з нашай культурай, і высветлілі на чарговым пасяджэнні раённага штаба (рабочай групы) па пытанні навядзення парадку на зямлі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама С.М. Гука. У якасці галоўнага на парадак дня было вынесена пытанне аб стане добраўпарадкавання месцаў пахавання раёна.

Нагадаем, што пастаянны дзяржнагляд у раёне ажыццяўляецца за 55 месцамі пахавання: 8 могілак (усе на балансе «Камунальніка») у Пружанах, Ружанах і Шарашове, 47 – у сельскіх населеных пунктах (40 з іх на балансе “Камунальніка”, 6 – сельсавета, 1 – ведамаснае). З вынікамі апошняга маніторынгу, праведзенага ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе” і “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва”, прысутных азнаёміў загадчык аддзялення гігіены раённага ЦГЭ Я.І. Шчэрба.

Як аказалася, практычна ва ўсіх месцах пахавання былі выяўлены парушэнні санітарных правілаў. У асноўным яны тычыліся нясвоечасовага скошвання травы, вывазу смецця і рэшткаў ад вырубкі старых дрэў. Наконт гэтага было выдадзена 28 рэкамендацый і 1 прадпісанне. На сённяшні дзень больш за дзве трэці рэкамендацый выкананы, астатнім прызначаны тэрмін выканання да 1 верасня. Але частка іх патрабуюць значных матэрыяльных выдаткаў.

Сёння на могілках, падведамасных КУВП «Камунальнік» праца вядзецца ў адпаведнасці з  графікам: ужо добраўпарадкавана 80 пляцовак, якія маюць воданепранікальны падмурак і   абгароджаны з трох бакоў (для збору непатрэбных рытуальных прылад), устаноўлена 322 метры агароджы, тры прыбіральні, высечаны 42 аварыйныя дрэвы, на гэтыя работы выдаткавана 744 млн. руб.  (недамінаваных).

Фінансавыя цяжкасці, вядома, зразумелыя, але ёсць рэчы, на якіх нельга эканоміць. Годнае стаўленне да магіл продкаў – гэта тое, што нельга мераць у грашовым эквіваленце. І тут вельмі многае залежыць не толькі ад «Камунальніка», але і ад сваякоў памерлых. Дарэчы, неўзабаве ўсе месцы для пахаванняў паводле новага законапраекта патрапяць пад дзяржаўны ўлік. Кожная магіла атрымае ўліковы нумар з указаннем звестак аб пахаванай асобе, а таксама звесткі аб асобах, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання і ўстаноўку помніка. Інвентарызацыя будзе праходзіць не радзей, чым раз у два гады.

Але абсалютны парадак будзе там, дзе будуць беражліва ставіцца не толькі да родных магіл, але і да магіл незнаёмых людзей. На любых могілках ёсць пахаванні, да аблупленых агароджаў якіх не прыходзяць гадамі: сваякі жывуць далёка, а можа, ужо нікога і няма ў жывых. Часам пасля перадвелікоднай уборкі некаторыя з іх ператвараюцца ў сметнікі: сюды скідваюць лісце і траву з суседніх магіл.

Некаторыя людзі канчаткова страцілі сумленне і, забыўшы пра хрысціянскія запаведзі, крадуць з магіл кветкі і нават агароджы, каб здаць на металалом. Ужо неаднаразова аб’ектам вандалізму станавіўся помнік знакамітага пружанскага шляхціца Валенцы Швыкоўскага, які ў свой час шмат сіл паклаў на добраўпарадкаванне і працвітанне нашага горада. Тлумачэнне адно – нізкая культура выхавання, а значыць, як гэта ні сумна ўсведамляць, – і нізкая культура нацыі.

Аб нашай недастатковай культуры сведчылі дадзеныя і па іншым пытанні, якое ўздымалася на пасяджэнні рабочай групы, – добраўпарадкаванне тэрыторый кар’ераў.

На сённяшні момант на тэрыторыі раёна маецца 10 прамысловых (плошчай больш за 48 га) і 15 унутрыгаспадарчых (больш за 22 га) кар’ераў. Як высветлілася з дакладаў начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнай зямлі Б.С.Андрушкі  і начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.Л. Іванова, многія з кар’ераў, у асноўным у Ружанскай зоне, таксама патрэбным чынам не добраўпарадкаваны: не пазначаны межавымі слупамі, аншлагамі і шлагбаўмамі. Мае месца размяшчэнне адходаў на тэрыторыі нерэкультываваных кар’ераў, выяўлены несанкцыянаваныя здабычы пяску і многія іншыя парушэнні.

Хоць у цэлым, у параўнанні з папярэднімі гадамі, узровень добраўпарадкавання і  стан аб’ектаў нагляду ўзрос, кіраўнікам гаспадарак неабходна актывізаваць работу па навядзенні і падтрыманні парадку на месцы. А жыхарам раёна застаецца толькі працаваць над павышэннем узроўню сваёй культуры.

Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *