Четверг, 18 января 2018

Прайшоў рэспубліканскі семінар «Аб рабоце СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі»

305

На базе Гродзенскай вобласці прайшоў рэспубліканскі семінар «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі», арганізатарамі якога выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі аблвыканкам. У горадзе над Нёманам сабраліся прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, а таксама рэдактары і журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

44545bf547f210a7596aed7a1b6c93aa

Удзельнікі семінара, падзеленыя на групы, наведалі шэраг аб’ектаў Гродзеншчыны. Дэлегацыя Брэстчыны, напрыклад, пачала сваю работу з Ваўкавыскага раёна. Знаёмства з рэгіёнам пачалося ў райвыканкаме, дзе падчас сустрэчы з яго старшынёй М.М.Сіцько журналісты атрымалі магчымасць не толькі даведацца пра прыярытэты, якія расстаўляюць мясцовыя ўлады ў павышэнні дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, але і атрымаць грунтоўныя адказы на свае пытанні. Акрамя таго, госці пазнаёміліся з работай мясцовай газеты «Наш час» і Ваўкавыскай друкарні, пабывалі ў музеі і санаторыі вядучага прадпрыемства рэгіёна ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».

У гэты дзень адбыўся сімвалічны пуск пераходу тэлеканала «Гродна Плюс» на перадачу відэа высокай выразнасці (на здымку): ён першым у краіне пачаў вяшчанне ў HD-фармаце. Сёння актуальную тэму для беларускага тэлебачання — пераход на новы фармат — вывучаюць і астатнія каналы.

Непасрэдна абмеркаванне тэмы пленарнага пасяджэння адбылося ў Гродзенскім аблвыканкаме. У цэнтры ўвагі былі актуальныя пытанні работы СМІ: стварэнне нацыянальнага кантэнту, узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, асвятленне сацыяльна-эканамічных падзей, удасканаленне работы ў інтэрнэце…

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсліла, што сродкі масавай інфармацыі — не староннія назіральнікі, а актыўныя ўдзельнікі пераўтварэнняў у краіне. «Трэба, каб пульс жыцця кожнага рэгіёна адлюстроўваўся на старонках не толькі цэнтральных выданняў, — зазначыла Лілія Станіславаўна. — Пры гэтым у цэнтры ўвагі прэсы павінны заставацца важнейшыя сацыяльныя праблемы, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні». Журналістам рэкамендавалі не выпускаць з поля зроку такія важныя тэмы, як развіццё прадпрымальніцтва, прыцягненне інвестыцый, кіраванне прадпрыемствамі, грамадска-палітычныя кампаніі і многае іншае, што іншы раз неабходна даступна данесці да аўдыторыі, эфектыўна растлумачыць навіны.

Разам з тым існуюць тэмы, якія патрабуюць ад журналістаў пэўных дзеянняў. «Мы можам колькі ўгодна гаварыць пра маральнасць, але калі журналісты, СМІ не будуць самі ў цэнтры ўвагі праектаў па здаровым ладзе жыцця і іншых, — яны не будуць у поўнай меры выкарыстоўваць свой інфармацыйны патэнцыял». У пацверджанне сваіх слоў міністр нагадала, што ў сродках масавай інфармацыі ўжо ёсць паспяховыя праекты, якія дэманструюць здольнасць прэсы аказваць уплыў на масы.

Акрамя таго, на думку міністра інфармацыі, прэса павінна бачыць вострыя тэмы і разам з уладай разбірацца ў іх. «Гаворка не пра крытыканства, а пра поўнае, усебаковае разгледжанне праблемы з мэтай дапамагчы знайсці шляхі яе вырашэння», — падкрэсліла Лілія Ананіч.

Сваім меркаваннем наконт таго, якімі павінны быць сучасныя СМІ, падчас семінара падзяліўся памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці С.В.Раўнейка. Сяргей Васільевіч заявіў, што выданні павінны кіравацца апераджальным прынцыпам падачы інфармацыі, пры гэтым не забываючы пра прафесіяналізм і аб’ектыўнасць, часцей звяртацца да нефармальнай падачы тэм, аналітыкі. Што тычыцца рэгіянальных газет, ён нагадаў, што газетная старонка — гэта дыскусійная пляцоўка, а не стэнд для праслаўлення кіраўніцтва раёна.

Верагодна, Гродзеншчына не выпадкова была абрана месцам правядзення семінара: гэты рэгіён можа служыць узорам супрацоўніцтва ўладаў і сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўніцтва вобласці лічыцца з рэгіянальнай прэсай, паколькі яна іграе важную ролю ва ўстойлівым развіцці Гродзеншчыны, а ўзровень насычанасці СМІ дазваляе падтрымліваць высокія паказчыкі інфармацыйнага ўплыву.

«Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, усе СМІ маюць высокі рэйтынг у сваіх рэгіёнах, — паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.А.Лісковіч. — Якасць і тэмп работы з навінамі вызначае тэхнічная аснашчанасць: у мінулай пяцігодцы была рэалізавана комплексная праграма развіцця дзяржаўных СМІ, паліграфічных выданняў, дзякуючы чаму змаглі значна ўмацаваць матэрыяльную базу рэдакцый газет і друкарняў».

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства адправіць тэлеграму беларускім спартсменам, якія змагаюцца за алімпійскія ўзнагароды ў Рыа-дэ-Жанэйра. І пажаданне перамогі неадкладна даляцела да адрасатаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *