Пятница, 21 сентября 2018

Песня для бабулі, або Адзін дзень з Ліноўскім СДК

675

Калісьці амаль у кожнай вёсачцы быў Дом культуры ці клуб – месца, дзе вяскоўцы маглі адпачыць, патанцаваць, сустрэцца з суседзямі і нават абмеркаваць свае праблемы. На жаль, многія вёскі пусцеюць, там застаецца мала жыхароў, адпаведна, зачыняюцца і клубныя ўстановы. Тым не менш, на сённяшні дзень у нашым раёне налічваецца дваццаць два сельскія Дамы культуры. Адзін з іх — у аграгарадку Лінова.

Гледачы (2)_измен.размер

Яго гісторыя пачыналася з невялікага клуба (будынак гэты стаіць і зараз ля мясцовай аптэкі). Але больш 25 гадоў таму  ў жыцці ліноўскіх культработнікаў адбылася значная падзея: у лютым 1991-га калектыў  пераехаў у новае памяшканне.

Сёння ў Ліноўскім СДК   сабраўся калектыў адданых справе людзей. Ім далёка не абыякава, якім будзе культурнае жыццё сельсавета: культработнікі, кіраўнікі гурткоў і  аб’яднанняў па інтарэсах, удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Дырэктар Сяргей Васільевіч Швед узначаліў Дом культуры ў 1988 годзе і працуе па сённяшні дзень.

Для дзяцей і моладзі тут знаходзіцца нямала цікавых заняткаў: працуюць гурток сольных спеваў “Фантазёры” і эстрадная студыя “Вясёлка” пад  кіраўніцтвам Святланы Дудзінскай, вакальная група “Sky” (кіраўнік Вераніка Буцько),  дзіцячы клуб “Церамок” і  гурток “Магічны сувенір”, якімі кіруе Юлія Гардзіеўская, а таксама танцавальны калектыў “Break-dance” пад кіраўніцтвам Віталія Хільковіча.

Што тычыцца дарослых аматараў паспяваць, то для іх стварылі  вакальныя групы “Вечарынка”  і “Мара” і нават  гурток сямейных вакальна-эстрадных спеваў “Дуэт”. Аматараў тэатральнага мастацтва чакаюць на занятках тэатра мініяцюр “Свая гульня”. А яшчэ ў Ліноўскім СДК вучаць гуляць у більярд.

На другім паверсе Дома культуры працуе бібліятэка. Чытачоў абслугоўваюць  бібліятэкар  Наталля Сяргееўна Паўлюковіч  і  загадчыца  Алена Мікалаеўна Антончык.

З  загадчыцай паразмаўляць мне не давялося: у гэты  дзень яна  знаходзілася ў суседніх Аранчыцах, дзе бібліятэка зачыняецца, а кніжны фонд размяркоўваецца па іншых установах. Што ж, напэўна, варта чакаць, што колькасць чытачоў Ліноўскай бібліятэкі павялічыцца. Але мне расказалі, што і цяпер у кніжным фондзе Ліноўскай бібліятэкі  больш 18 тысяч кніг, а наведваюць яе 850 чытачоў.

На палічках і сценах бібліятэкі месцяцца розныя вырабы, зробленыя наведвальнікамі — своеасаблівыя невялікія выставы. Мне спадабаліся  вырабы з бісеру  Любові Ліхарай.

Безумоўна,  дзякуючы намаганням  работнікаў і удзельнікаў самадзейнасці Ліноўскага Дома культуры, якія ладзяць розныя канцэрты, святы і конкурсы, культурнае жыццё не толькі вёскі, але і сельсавета становіцца больш яркім і насычаным. Правялі сёлета нават конкурс прыгажосці сярод  шасцікласніц мясцовай школы “Міс Ліновачка”. Цікава, што конкурс прайшоў у адзін дзень з конкурсам “Міс Пружаны” – 15 мая. Напэўна, запомніліся жыхарам вёскі таксама кірмаш  здароўя і святкаванне Масленіцы, свята вёскі Лінова і вечар духоўных песнапенняў.

Адной з форм работы Дома культуры з’яўляюцца выязныя канцэрты для жыхароў аддаленых вёсак. Падобная практыка стала  пастаяннай. Разам з культработнікамі напрыканцы ліпеня мне давялося пабываць у  Варотным і Млынку. Сюды выехалі ўдзельніцы вакальнай групы аўтаклуба “Шчырым сэрцам”  Вольга Сазонава, Святлана Дудзінская  і  Люцына Хільковіч на чале з кіраўніком Святланай Карповіч, а таксама Людміла Бакуманава — салістка гуртка вакальна-эстрадных спеваў “Мара” пад кіраўніцтвам дырэктара  Сяргея Шведа — і  ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Арцём Валуйскі і Аляксандр Амельянчук.

DSC05453_измен.размер

Такім чынам, першай кропкай нашага маршрута стала вёска Варотнае. Дарога да яе, прызнаюся,  здалася вельмі кароткай, бо артысты ўвесь час, скажам так, “разміналіся” – спявалі і жартавалі.

Вось і ўказальнік з назвай вёскі. Праязджаем каля адной даволі дагледжанай хаткі. І раптам… “Тут жыве мая бабуля! — усміхаецца Святлана Дудзінская. – Напэўна, зараз прыйдзе на канцэрт!”

Месца для канцэрта выбірае Святлана Карповіч. Ля  адной з хат — лавачка. Вырашаем, што тут зручна будзе сесці бабулям. Пачуўшы гукі музыкі, падбягаюць дзеці,  падыходзяць людзі розных узростаў. Сапраўды, прыйшла і бабуля Святланы.

Задушэўныя і вясёлыя, лірычныя і жартаўлівыя песні, якія гучалі ў гэты дзень,  гледачы сустракалі шчырымі апладысментамі. А некаторыя нават не змаглі ўтрымацца і пускаліся ў скокі.

DSC05482_измен.размер

Кавалевічы_измен.размер

Пасля канцэрта размаўляю з мясцовымі бабулямі  Нінай Аляксееўнай і Тамарай Канстанцінаўнай. І пасля іх аповядаў разумею, чаму такім святам стала  гэтае выступленне для іх: клуб, які некалі існаваў тут, зачынілі, і падобныя канцэрты — магчымасць пачуць не па тэлевізары, а «ўжывую» любімыя песні.  “Такія канцэрты – гэта проста шчасце для нас! Вы вельмі добра спяваеце! Дзякуй, што парадавалі нас! Прыязджайце часцей!” –  кажуць людзі.

Напэўна, і зносін ім крыху не хапае, хаця на жыццё не скардзяцца. Ды і вёска не надта маленькая, усяго тут пражывае 67 чалавек, амаль трэцяя частка —  дзеці…

Няглядзячы на тое, што пачаўся дождж, настрой ён нікому не сапсаваў.

Наш  аўтобус імчыць у Млынок. Вось гэтая вёсачка, сапраўды, не толькі аддаленая, але і маланаселеная — тут сёння жыве толькі восем чалавек.  Едзем праз лес, міма чарнічных і сунічных палянак, грыбных мясцін.

Але дождж  узмацняецца, канцэрт трэба  адмяняць! Ды толькі аказалася, што для культработнікаў з Лінова і надвор‘е — не перашкода. Было вырашана  “ісці ў народ” – заходзіць да жыхароў вёскі прама дамоў.

Соф’я Канстанцінаўна Паўзун сустрэла нас з  радасцю. Насустрач выбег і яе гадаванец – сабачка Кузя. “Я нават і не ведала, хто гэта да мяне прыйшоў! Думала, што суседка”, — кажа яна.

Прыкмячаем у  доме прыгожую вышыванку. Аказваецца, гэта яе работа. Бабуля, якой у гэтым годзе споўніцца 86 гадоў,  любоў да вышыўкі захавала на ўсё жыццё.  Раней мясцовыя жанчыны вышывалі, сустракаючыся на вячорках у адной з хат. “А цяпер вось вячорак няма і людзей таксама, клуб даўно зачынены. Магазін таксама не працуе, прыязджае толькі аўталаўка”. Спевы Соф’я Канстанцінаўна слухае з задавальненнем, а на развітанне шчыра дзякуе артыстам.

А вось ад Антаніны Міхайлаўны і Канстанціна Мікалаевіча Кавалевічаў мы даведаліся, што вёска Млынок не заўсёды насіла такую назву. Канстанцін Мікалаевіч расказаў, што яго дзед браў шлюб у гэтай вёсцы ажно ў 1892 годзе і ў архіўных дакументах, якія адшукаў бацька Канстанціна Мікалаевіча, месца, дзе бралі шлюб маладыя, называлася Плясец.

Антаніна Мікалаеўна ўспомніла, што калісьці, яшчэ да ўтварэння калгаса, у вёсцы было каля 50 гаспадарак. Расказала, што ў мясцовым клубе некалі спявалі пад гармонік.

Цікава, што работнікі Ліноўскага СДК (і аўтаклуба таксама) падчас такіх канцэртаў і паездак не толькі спяваюць, а яшчэ і шукаюць колішнія песні — мясцовы фальклор. Адну з іх – “Цячэ рэчка каламутна” яны  праспявалі  Антаніне Мікалаеўне. “Ведаю такую”, — сказала яна амаль з пачатку песні і стала  падпяваць. А пасля праспявала некалькі песень сваёй маладосці. І, канечне ж, адыходзячы, мы зрабілі фота на памяць.

Вось і  завяршаецца гэты насычаны ўражаннямі дзень. Зноў сядаем у аўтобус. Вадзіцель Вячаслаў кагосьці адвязе назад у Лінова, кагосьці – у Слабудку і Пружаны. “Трэба абавязкова прыехаць сюды яшчэ, — чую размову дзвюх Святлан. — На дзень пажылога чалавека абавязкова штосьці трэба зрабіць, і прыехаць не з пустымі рукамі”…

Пытаюся ў артыстаў: “Стаміліся за сённяшні дзень?” Чую ў адказ: “Канечне ж не! Хутчэй наадварот. Ад такіх паездак, ды і ўвогуле ад нашай работы, зараджаешся добрым настроем і пачынаеш радавацца простай людской усмешцы. Ці гэта не шчасце?”

 

Уладзіслаў Шпарла

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *