Суббота, 20 января 2018

Яны пасмяротна жывыя…

476

Два народы, два гімны, два крыжы — і адна на ўсіх трагедыя, і непадзельны старажытны дрымучы лес… Традыцыйна ў першую нядзелю жніўня ў самым сэрцы Белавежскай пушчы ля брацкай магілы, дзе пахаваны  расстраляныя нямецка-фашысцкімі акупантамі беларускія і польскія мірныя жыхары, адбыўся жалобны мітынг.

IMG_20160807_124112_новый размер_измен.размер

Гэта жудаснае месца, схаванае ў ценю векавых соснаў, больш за дваццаць гадоў таму было пазначана «Падаючымі крыжамі» – менавіта так у народзе ахрысцілі велізарную суцэльналітую бетонную стэлу ў выглядзе нахіленых слупоў з перакладзінамі. Варта прайсці вакол і прыгледзецца, як памятны мемарыял ператвараецца ў сапраўдную «белавежскую Галгофу», дзе намёртва, навечна счапіліся крыжы і свастыкі, любоў і нянавісць, смутак і чалавечая жорсткасць. І канца гэтай бітве не прадбачыцца…

Трагедыя, прыхаваная ў лабірынтах мемарыяла, адбылася 75 гадоў таму. Той жнівень 1941 года быў вельмі гарачым. Менавіта ў гэтым месцы карнікі расстралялі 130 жыхароў Белавежы, Гайнаўкі, Шарашова, Роўбіцка, Чадзеля, Борак, Малога Красніка і іншых навакольных вёсак. Доўгі час месца расстрэлу заставалася невядомым, і толькі ў 1952 годзе падчас рамонту лясной дарогі пад каўшом экскаватара ў старым кар’еры адкрыліся чалавечыя астанкі, 85 з іх намаганнямі мясцовых краязнаўцаў былі ідэнтыфікаваны (імёны гэтых загінуўшых беларусаў, палякаў і яўрэяў увекавечаны на мармуровай пліце), а паўсотні, на жаль, яшчэ застаюцца безыменнымі.

20160807_3322_измен.размер

З цягам часу сталі вядомы падрабязнасці той жорсткай “зачысткі” пушчы, усплылі імёны і нацысцкіх злачынцаў, і здраднікаў. Як аказалася, самы галоўны з іх – Канстанцін Тэлянкевіч (у свой час добра прымасціўся солтысам і пры паляках, і пры немцах), які проста адпомсціў тым, хто калісьці асмеліўся яму пярэчыць, – даў фашыстам спісы «патрэбных» камуністаў. Яго імя лягло праклёнам на ўвесь род, і ніхто ніколі яго не згадае добрым словам…  А памяць ахвяр будуць шанаваць заўжды…

20160807_3319_измен.размерІ на гэты раз у жалобным мітынгу-рэквіеме прыняло ўдзел шмат людзей: прадстаўнікі раённай і шарашоўскай пасялковай адміністрацый, вайскоўцы з бліжняй пагранзаставы, а  таксама госці  з Гайнаўкі і Беластоку — прадстаўнікі адміністрацый і родныя загінуўшых. Праявілі ініцыятыву і навучэнцы Роўбіцкай сярэдняй школы, і неабыякавыя жыхары раёна. Знакамітая кампазіцыя “Этот день победы” ў выкананні духавога аркестра пружанскага ДК (мастацкі кіраўнік – Сяргей Більшевіч) настроіла ўсіх на патрэбны лад.

IMG_20160807_115300_измен.размер

Адкрыў мітынг старшыня  Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч, які адзначыў, што падобных месцаў расстрэлу мірнага насельніцтва ў Белавежскай пушчы нямала па абодва бакі мяжы, падобных святых помнікаў — вялікае мноства, таму агульная памяць і агульны боль назаўжды аб’ядналі беларускі і польскі народы. “У гэты дзень сціраюцца межы, і нашы суседзі таксама маюць магчымасць ускласці кветкі і памаліцца разам з намі аб людзях, якія, як і мы, жылі, працавалі, кахалі і верылі ў  светлую будучыню”, – падкрэсліў ён.

20160807_3327_измен.размер

Ад польскага боку са словамі падзякі беларусам, якія старанна захоўваюць памяць ахвяр фашызму, выступіў намеснік бурмістра г. Гайнаўка Анджэй Скепка. Гледзячы на прысутных на мітынгу дзяцей, ён пажадаў ім ніколі не спазнаць той бяды, якая спасцігла нашых дзядоў і прадзедаў.

IMG_20160807_121501_измен.размер

Неверагодна пранізлівай і дакладнай была прамова адзінага на гэты раз  прадстаўніка раённага духавенства – настаяцеля Свята-Траецкага Шарашоўскага касцёла Яцэка Дубіцкага. Ен звярнуў увагу на тое, што сённяшні мір, як ніколі, вельмі крохкі, бо стаміўся ад падзелаў і нянавісці:

–  Адны крычаць: розныя крыжы – значыць, розныя веры, забываючы пра тое, што няма праваслаўнага і няма каталіцкага Хрыста, а ёсць адзін Бог – Любоў і Жыццё. Другія ўздымаюць сваю нацыю над іншымі: мы разумнейшыя, мы прыгажэйшыя. Трэція, прыкрываючыся імем свайго бога, забіваюць іншаверцаў і інаслаўных. Дзе гардыня, там няма месца міру, там пачынаецца вайна. Толькі любоў можа спыніць гэтае вар’яцтва, – падагульніў ксёндз.

IMG_20160807_121711_измен.размер

20160807_3333_измен.размер

Ва ўнісон з яго выступленнем прагучалі жалобныя праваслаўныя песнапенні ў выкананні вакальнага ансамбля «Амафор» Рудніцкага ДК (мастацкі кіраўнік – Наталля Данцова).

20160807_3337_измен.размер

Пакуль хор спяваў “Вечную памяць”, збоку, схіліўшы галовы, моўчкі стаялі сваякі загінуўшых: Ян Мацкевіч прыехаў з Гайнаўкі ўшанаваць памяць пахаванага ў пушчанскім лесе свайго дзядулі па маці Фёдара Пракапчука, а Эльжбета Чыкер (Турэк), выкладчыца Беластоцкага медыцынскага ўніверсітэта, памінала дваюраднага  родзіча…

Так здарылася, што ў гэты дзень каля “Падаючых крыжоў” не гучалі зброевыя залпы, не служылася паніхіда, але нейкай асаблівай была хвіліна маўчання. Здавалася, што разам з людзьмі памяць ахвяр і  ўсіх, хто аддаў сваё жыццё за мір на зямлі, ушанавала і прырода: менавіта ў гэты момант схавалася за хмары сонца і спыніўся вецер, які дагэтуль увесь час усё наравіў патушыць агеньчыкі ў лампадках, нават лісце на дрэвах перастала шамацець. Заціхла ўсё навокал…

20160807_3339_измен.размер

IMG_20160807_123150_измен.размер

20160807_3346_измен.размер

20160807_3355_измен.размер

20160807_3359_измен.размер

20160807_3361_измен.размер

20160807_3354_измен.размер

Без лішніх слоў напрыканцы былі ўскладзены да помніка вянкі – з надзеяй, што больш ніколі гэты лес і гэтая зямля не здрыгануцца ад стрэлаў.

 

                                                                                                  Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *