Вторник, 23 января 2018

Усё жыццё — чыгунка

604

Для нас, пасажыраў, паездка на цягніку – гэта толькі кароценькі момант жыцця. Але ёсць людзі, для якіх чыгунка і ёсць жыццё. Прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка, якое адзначаецца ў нашай краіне заўтра, — падстава сустрэцца з тымі, чые працоўныя будні праходзяць сярод рэек, цягнікоў, вагонаў, вакзалаў…

20160803_3099_измен.размер

Выбіраючы з мноства прафесій, Віктар Кузняцоў, які цяпер працуе дзяжурным па станцыі  Аранчыцы  (на здымку), асэнсавана спыніўся на чыгунцы. Прызнаецца, што ажыццявіць мару, якой быў апантаны з дзяцінства, аказалася не так лёгка. Адна няўдалая спроба паступлення ў вучылішча чыгуначнага транспарту, другая. Стаць навучэнцам брэсцкай прафесійнай установы ўдалося толькі з трэцяга разу.

Больш дзесяці гадоў таму, атрымаўшы жаданы дыплом і неабходныя веды ды навыкі, Віктар Уладзіміравіч пачаў свой прафесійны шлях. Работу на Брэсцкім вагонным участку В.У.Кузняцоў сумяшчаў з завочным навучаннем у галіновым каледжы.

— Спачатку, пакуль не набраўся вопыту, быў правадніком на цягніках мясцовага значэння, — расказвае чыгуначнік. — Затым дзесяць гадоў  ездзіў на цягніку «Брэст — Новасібірск». Было нялёгка, прызнацца шчыра. Працягласць аднаго рэйсу, напрыклад, складала роўна тыдзень. Ды і работа, без перабольшвання, вельмі адказная і напружаная: праваднік бярэ на сябе абавязацельствы па захаванні не толькі матэрыяльных каштоўнасцей, але і здароўя і жыцця пасажыраў, якіх у вагоне каля пяцідзесяці чалавек. Ад правадніка патрабуецца ўмела дзейнічаць у пазаштатнай сітуацыі, быць псіхолагам і вартавым парадку.

З чым толькі  падчас «жыцця ў вагоне» Віктар Кузняцоў ні сутыкаўся! Даводзілася быць сведкам  вяселляў і  нават смерцяў,   лавіць злодзеяў. Але рамантыка дарог з часам адышла на другі план. Віктар Уладзіміравіч лічыць цяпер, што галоўным у жыцці павінна быць сям’я:

— На маю думку, праваднік  — наогул не жаночая справа, хаця прадстаўніц слабога полу тут больш, чым мужчын.  Жанчына павінна быць дома, займацца выхаваннем дзяцей, ствараць утульнасць.

Каб больш часу бавіць са сваімі роднымі, ён нават памяняў від дзейнасці. Тым больш, што зменны графік работы  і  дастойная зарплата дазволілі дабудаваць дом.  Сёння Віктар Кузняцоў працуе дзяжурным па станцыі Аранчыцы: зменны памочнік начальніка станцыі распараджаецца прыёмам, адпраўленнем і пропускам цягнікоў, рухам саставаў і вагонаў у межах мясцовага пункта чыгуначнай сеткі, а таксама ўсімі манеўравымі работамі на пуцях. Чыгуначныя саставы праз станцыю ідуць не толькі з пасажырамі: ільвіную долю складаюць грузавыя перавозкі. У Аранчыцах адпраўляюць вагоны з малаком у Казахстан, з сухой малочнай сыроваткай — у Чалябінск, грузяць лес і паліўную шчапу, у сезон — збожжа.

— Работа дзяжурнага таксама не з лёгкіх: пастаянная канцэнтрацыя ўвагі, засяроджанасць, уменне хутка прымаць рашэнні. Але па вялікім рахунку ў нашай галіне, дзе б чалавек ні працаваў, заўсёды высокая планка адказнасці, — кажа чыгуначнік.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *