Понедельник, 24 сентября 2018

10 мальчиков и одна студентка: кто кого?

581

Хто з дарослых не хацеў бы вярнуцца ў дзяцінства? Час, канешне, не павернеш назад, але адчуць сябе па-дзіцячы бесклапотным і апантаным палымянымі ідэямі можна ў любым узросце. Ужо другі год замест канікул у вёсцы я выбіраю працу выхавацеля ў летніку. Аказалася, лагерная змена добра дапамагае пераключыць сваю ўвагу з паўсядзённых бытавых клопатаў на нешта больш важнае, спрадвечнае, сапраўднае…

дубок1_измен.размер

Пра дзіцячы аздараўленчы лагер “Дубок” у Пружанскім раёне недалёка ад вёскі Паддубна, да чэрвеня я не ведала нічога. Як і летась, працу шукала праз раённыя камітэты БРСМ і згадзілася на першае прапанаванае месца. Таму дзе, з кім і ў якіх умовах мне давядзецца працаваць, нават не ўяўляла.

Высветлілася, што абсалютная большасць выхавацеляў “Дубка” – студэнты, якія праходзяць тут педагагічную практыку або хочуць зарабіць крыху грошай. Працавалі і некалькі маладых спецыялістаў са школ раёна. Але былі ў калектыве і педагогі са стажам. Напрыклад, настаўнік Валерый Георгіевіч Купчанка адзінаццаты год працуе ў лагеры і называе сябе яго “ганаровым жыхаром”. Ён заслужыў рэпутацыю строгага выхавацеля.

Так атрымалася, што ў атрад, які мне даручылі, патрапілі толькі хлопчыкі 10-11 гадоў. Мяне адразу ж гэта насцярожыла і нават крыху напалохала – ці змагу  я, студэнтка непедагагічнага факультэта справіцца з дзясяткам гэтых гарэзаў?

Крыху пазней стала зразумела, што перажывала я не дарма. Адсутнасць у атрадзе дзяўчынак яўна ўплывала на паводзіны хлопчыкаў: яны ўвесь час намага-ліся даказаць адзін аднаму, хто з іх самы шумны, самы смелы і г.д. Карацей, за першыя некалькі дзён наш атрад паспеў вылучыцца сярод астатніх як самы недысцыплінаваны, хоць  і быў самым малалікім.

Але з іншага боку такая энергічнасць дзяцей не давала мне расслабіцца ні на хвіліну. Хлопцы на футбол – і я з імі бегаю па полі, яны на турнікі – я качаюся побач на арэлях, у спякоту захацелі пааблівацца вадой – калі ласка, але толькі са мной.

Тое ж самае тычылася ўдзелу дзяцей у конкурсах і мерапрыемствах: на  сцэну выходзілі ўсе разам, а калі дрэнна падрыхтаваліся, дык было аднолькава сорамна і мне, і ім. З большага, праўда, творчыя выступы ў нас праходзілі на “ўра”. Ні адзін канцэрт не абыходзіўся без нашай «зоркі» – Кірыла. Актыўны хлопец не пабаяўся выйсці да гледачоў у вобразе дзяўчыны, расказаць у мікрафон аб сваіх дзіцячых боязях і прызнацца ў каханні ў вершаванай форме дачцэ дырэктара лагера. Астатнія, раўняючыся на Кірыла, таксама намагаліся сябе праявіць, і я іх у гэтым максімальна падтрымлівала.

Стаць “сваёй” у хлапчуковым атрадзе і наладзіць давяральныя адносіны дапамагалі размовы перад адбоем. Мы абмяркоўвалі ўсё, што здарылася з намі днём, будавалі планы на заўтра, а праз некаторы час хлопцы ўвогуле пачалі дзяліцца са мной сакрэтамі. Падчас адной з такіх гутарак мае выхаванцы ў адзін голас сказалі: “У лагер мы прыехалі, каб адпачыць ад бацькоў і школы”. Тады я зразумела, што правільна вызначыла для сябе задачу – стварыць такую атмасферу, у якой дзеці адчувалі б сябе свабодна, нібыта дарослых побач няма. Аднак важна было не дазволіць ім забывацца на бяспечныя паводзіны. Слушную параду на гэты конт дала старшы выхавацель змены Наталля Міхайлаўна Котыш: “Трэба бачыць і чуць усё, але часам зрабіць выгляд, што нечага не заўважаеш і не дачуваеш”.

Жыццё ў лагеры моцна адрозніваецца ад звычайнага дамашняга, таму дзеці ў новых, нязвыклых абставінах маглі часам паводзіць сябе вельмі непрадказальна. У сувязі з гэтым, дарэчы, я ў чарговы раз пераканалася: не варта абапірацца на чужое меркаванне аб іншых людзях.

Большасць дзяцей прыязджае ў “Дубок” з Пружанскага раёна,  настаўнікі мясцовых школ з многімі з іх працуюць падчас навучальнага года. З самымі добрымі намерамі  калегі намагаліся мне дапамагчы, расказвалі, як мае выхаванцы паводзяць сябе дома і ў школе. Але на практыцы я іх парады прымяніць не змагла: напрыклад, Мікіта, які ў школе лічыцца “ціхуном”, з першых дзён паказаў сябе як самы галасісты ў атрадзе, а яго брат Даніла – прызнаны хуліган – аказаўся, наадварот, сур’ёзным і адказным хлопцам, які заўсёды гатовы дапамагчы.

За васямнаццаць дзён у лагеры мы разам паспелі перажыць многае – гэта ўсё было настолькі запамінальным і яркім, што нават дэнамінацыя, якая ў гэты час усхвалявала ўсю краіну, здавалася чымсьці далёкім і нецікавым. Другі атрад, хоць і быў самым неспакойным, затое весяліўся і весяліў іншых ад душы.  Спазненні ў сталоўку, танцы і флэшмобы на вячэрніх канцэртах, зубная паста на падушках і неверагоднае жаданне высветліць, каго ўсё ж кахае адзінаццацігадовы Кірыл – Дашу ці Леру – такой нам запомніцца другая змена лета 2016 года ў лагеры “Дубок”.

 

Ганна Курак,

студэнтка VI курса Інстытута журналістыкі БДУ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *