Пятница, 25 сентября 2020

Порядок на земле: в чем промашки?

716

Парадак у населеных пунктах Пружанскага сельвыканкама, вынікі дзейнасці за шэсць месяцаў бягучага года і план работ на другое паўгоддзе — такія тэмы абмеркавалі на пасяджэнні раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі.

25-04-15-24

Работа штаба пачалася з аб’езду прыгарадных населеных пунктаў: камісія, у склад якой у ліку іншых увайшлі спецыялісты інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, землеўпарадкавальнай і санітарна-эпідэміялагічнай службаў, пабывалі ў Белавусаўшчыне, Слабудцы, Гараднянах і Сланімцах.

Скажам прама, нагод для пахвалы аказалася мала. Крайнюю незадаволенасць убачаным адразу ж выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Сцепанюк.

Яна ўказала на канкрэтныя хібы, якіх у кожным з населеных пунктаў убачылі нямала: зарослыя тэрыторыі агульнага карыстання, каля домаўладанняў і шэрагу сацыяльназначных аб’ектаў, недагледжаныя пустуючыя прысядзібныя ўчасткі, несанкцыянаваныя стаянкі прыватнай сельгастэхнікі… Віна за адсутнасць парадку ўскладаецца не толькі на жыхароў гэтых населеных пунктаў, але і на службы, якія заплюшчваюць на парушэнні вочы.

«Калі няма парадку ў аддаленых вёсках — недаравальна, а ў прыгарадных — недапушчальна», — зазначыла Марыя Васільеўна.

Відавочна, трэба штосьці мяняць і ў рабоце з пустуючымі дамамі. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, пад кіраўніцтвам якога функцыянуе раённы штаб па навядзенні парадку на зямлі, прыйшла пара ставіць пытанне рубам: закінутыя сядзібы, якія безгаспадарча ўтрымліваюцца, трэба пускаць у севазварот ці прадаваць для забудовы.

У дырэктара ААТ «Пружанскае» А.В.Шлёміна было сваё меркаванне на гэты конт: сельвыканкам дрэнна працуе з нядбайнымі спадчыннікамі — неабходна ў судовым парадку прызнаваць дамы безгаспадарчымі або з дапамогай прадпісанняў і штрафаў прымушаць наводзіць парадак.

Абмеркаваць убачанае і вызначыць стратэгію для далейшай работы штаба ўдзельнікі пасяджэння сабраліся ў малой зале райвыканкама. «Сістэмнай работы няма ні ў адным з наведаных населеных пунктаў, — падагуліў С.М.Гук. — Як няма і ўзаемадзеяння паміж службамі, якія маюць дачыненне да навядзення парадку».

І найбольшае патрабаванне — да ўладаў на месцах: людзі, якім даверылі кіраваць сельвыканкамамі, павінны бачыць праблемы і знаходзіць спосабы іх выкаранення.

Канешне, нельга здымаць адказнасць і са службаў, якія павінны ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч невыпадкова завастрыў на гэтым увагу: на сённяшні дзень карная дзейнасць вядзецца ў лепшым выпадку толькі з дапамогай прадпісанняў. Напрыклад, пераканаць гаспадара сядзібы з пакошаным плотам ці дома з дрэўцам на даху, што гэта яго праблема, можна з дапамогай артыкула 21.13 КаАП «Парушэнне архітэктурнага рашэння фасаду будынка альбо збудавання», якім за непрыняцце мераў па падтрыманні ў належным стане віду жылых дамоў, збудаванняў і агароджаў прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 15 базавых велічынь. А што маем на справе? Па выніках даследаваня прыватных домаўладанняў (а іх на Пружаншчыне больш за 12700) спецыялістамі РЦГЭ за парушэнне санітарных нормаў былі выдадзены 730 прадпісанняў і ніводнага штрафу. Невялікая доля штрафаў, выдадзеных фізічным асобам за нядбайнасць, і ў прыродаахоўнай службы. Ніводнай штрафной санкцыі не прымянілі і ў ДРБУ-140 за забруджанне аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў. З пачатку бягучага года нікога не пакаралі рублём за антысанітарнае ўтрыманне падворка ці прылеглай тэрыторыі і ў Пружанскім сельвыканкаме.

Шэраг пытанняў у кіраўніка раёна і да землеўпарадкавальнай службы, якая не можа прадаставіць дэтальнай інвентарызацыі земляў, якая адпавядала б рэчаіснасці. «Каб даць адзнаку нашай паваротлівасці, дастаткова паглядзець, як незадавальняюча вядзецца барацьба з баршчэўнікам», — закрануў Міхаіл Мікалаевіч і пытанне барацьбы з  інвазіўнай раслінай.

Аналізуючы дзейнасць за першае паўгоддзе, члены штаба па навядзенні парадку не змаглі паставіць задавальняючую адзнаку таму, што планавалася выканаць. А тым часам ужо намечаны новы фронт работ: высветліць, наколькі правільна ўтрымліваюцца лясныя масівы, палігоны і міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў, як наводзіцца парадак у населеных пунктах  Ружанскага сельсавета і іншае. А каб планы адпавядалі рэчаіснасці, спатрэбіцца актывізацыя намаганняў усіх суб’ектаў гаспадарання для навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *