Пятница, 25 сентября 2020

Па касцюшкаўскіх мясцінах Польшчы

800

Група з Пружан у складзе дэлегацыі Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі па запрашэнні Польскага фонду імя Т. Касцюшкі 15 і 16 ліпеня гэтага года наведала касцюшкаўскія мясціны Польшчы.

02 (1)_измен.размер

Паездка праводзілася ў рамках святкавання 270-й гадавіны з дня нарадждэння Т. Касцюшкі. Уражанні ад яе засталіся самыя цёплыя. Усё пачалося з таго, што нам усім (а гэта амаль 50 чалавек, у асноўным прадстаўнікі  культуры, адукацыі, навукі, прадпрыймальнікі, студэнты, людзі розных узроставых катэгорый) былі адкрыты бясплатныя візы, за што мы ўдзячны Генеральнаму консульству Рэспублікі Польшча.

Першы дзень паездкі быў прысвечаны старажытнаму Кракаву і м.Рацлавіцы, дзе адбылася першая пераможная бітва Т.Касцюшкі ў 1794 г.

Нас цёпла сустракалі кіраўнікі Кракаўскага фонда імя Т. Касцюшкі. Спачатку ў старажытным замку Вавель – склепе польска-літоўскіх князёў, каралёў і знакамітых людзей, мы ўсклалі кветкі да саркафага Т. Касцюшкі, прайшлі па шыкойных каралеўскіх залах замка, наведалі цудоўныя Кракаўскія мастацкія галерэі, з захапленнем падняліся на курган (копец) Касцюшкі, насыпаны амаль за 200 гадоў жыхарамі Кракава і дэлегацыямі з ўсёй Польшчы, Беларусі, Літвы і многіх іншых.

01_измен.размер

03 (1)_измен.размер

Заключным акордам першага дня  візіту стала наведванне поля бітвы Т.Касцюшкі ў м. Рацлавіцы – прыкладна, у 60 км ад Кракава. Нас проста ўразіла атмасфера цеплыні і павагі, з якой дэлегацыю сустракалі, нават з аркестрам,  прадстаўнікі мясцовай улады – бургамістр і войт Рацлавіц, кіраўнікі мясцовагага таварыства імя Т. Касцюшкі, жыхары навакольных вёсак. На сустрэчу прыехалі прадстаўнікі консульства Рэспублікі Беларусь у Польшчы і  Варшаўскага сейма. Вечарам адбыўся цёплы прыём, на якім мы уручылі  польскім сябрам нашы берасцейскія сувеніры, кніжкі і буклеты.

Другі дзень пачаўся з наведвання падворка і прыватнага музея Круляў у м. Незвіёвіцы, недзе ў 50 км ад Кракава. Тое, што мы там убачылі, цяжка пералічыць: велізарная на ўсю гасцінную залу дыярама Рацлавіцкай бітвы, шмат пакояў прысвечана мастацтву, палотны мясцовага мастака да паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, прадметы сялянскага побыту, рамёстваў і г.д. Усё зроблена ўласнымі рукамі, агучана, на падворку экзатычныя жывёлы, кветкі, дрэвы, сажалка з рыбкамі.

Закончыўся наш візіт наведваннем сусветна вядомых саляных шахт у м.Вялічкі пад Кракавам. Столькі эмоцый атрымалі ад убачанага, таксама не пералічыць: там усё выраблена з солі – і храм, і капліцы, галерэі, карціны, помнікі каралям, шахцёрам, знакамітым дзеячам навукі, словам, тым, хто спрычыніўся да здабычы Яе Вялікасці Солі, пачынаючы са старажытнасці да нашых дзён.

Нас пастаянна суправаджалі прадстаўнікі Кракаўскага фонда імя Т.Касцюшкі, усе дзяржаўныя музейныя ўстановы мы наведвалі бясплатна, харчаванне і пражыванне ў сельскагаспадарчай школе ў м. Малыя Пётркавіцы абыйшлося нам па мінімуму.

Мы ўдзячны кіраўніку нашай дэлегацыі, старшыні Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі Леаніду Несцерчуку за цудоўную арганізацыю паездкі і прадастаўленую магчымасць убачыць і дакрануцца да сівых муроў Вавеля, помнікаў і гістарычных мясцін Польшчы, знітаваных з жыццём і дзейнасцю  знакамітага ўраджэнца Берасцейшчыны, нацыянальнага героя ЗША, Польшчы, Ганаровага грамадзяніна Францыі, увогуле нашага легендарнага  земляка – Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі.

Вольга  Барысюк,

кіраўнік  народнага струннага ансамбля  “ARCHI”

гарадскога Дома культуры  г. Пружаны

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *