Пятница, 25 сентября 2020

З папраўкай на надвор’е

767

Дажджы, якія ідуць амаль штодзень, істотна ўплываюць на ход уборачных работ. Але нічога не зробіш, сельскія працаўнікі вымушаны прыстасоўвацца да надвор’я.

20160719_1464

У ААТ «Шані-аграпрадукт» збожжавы палетак сёлета займае крыху больш за дзве тысячы гектараў.

— Асноўныя культуры, якія падлягаюць уборцы, — трыцікале і пшаніца, — гаворыць галоўны аграном таварыства А.П.Ганчароў. — На іх долю прыходзіцца 1250 гектараў, або 62% збожжавага палетка.

Першай культурай, якую ўбралі ў гаспадарцы, стаў азімы рапс. Атрымана 317 тон алейнага насення пры ўраджайнасці 15,9 цэнтнера з гектара. Зразумела, што гэта вельмі мала. А прычынай стала моцная спёка, якая стаяла падчас сяўбы гэтай культуры ў жніўні мінулага года, тлумачыць галоўны аграном. Як бачна, многае яшчэ ў земляробстве залежыць ад умоў надвор‘я.

20160719_1471

Хаця з гэтым можна і паспрачацца: там, дзе быў пасеяны гібрыд рапсу «вектра», кожны гектар даў значна больш — па 25 цэнтнераў алейнага насення.

— Сёлета, як і ў мінулыя гады, ураджайнасць азімых збожжавых з-за засухі будзе вышэйшай, чым яравых, — зазначае Віталь Пятровіч.

Пачатак жніва пацвярджае словы спецыяліста: калі прадукцыйнасць яравога ячменнага палетка складае пакуль крыху больш за 30 цэнтнераў збожжа з гектара, то ўраджайнасць азімай пшаніцы — больш за 50 цэнтнераў.

У таварыстве добра сябе зарэкамендавалі сарты азімага трыцікале «дзінара» і «вальтарыё», пшаніцы «багатка».

Але турбуе агранамічную службу не толькі надвор‘е. Напрыклад, на ўборачнай задзейнічана восем камбайнаў, большасць з якіх адпрацавалі на палетках ужо не адзін сезон. А нагрузка на адну ўборачную машыну  вялікая, каля 250 гектараў. Маюць нізкую прапускную здольнасць тры сушылкі, тым не менш, збожжа неабходна давесці да неабходных кандыцый, убраць лішнюю вільготнасць. Выручае мабільная, невялікіх памераў сушылка італьянскай вытворчасці «Мекмар», устаноўленая ў Гарадзечна.

20160719_1481

Нягледзячы на ўсе праблемы, па прыкідках агранамічнай службы, ураджай  у ААТ «Шані-аграпрадукт» павінен атрымацца не ніжэй, чым летась. Нагадаем, што па выніках мінулага года гаспадарка заняла трэцяе месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур пасля ААТ «Агра-Калядзічы» і ААТ «Ружаны-Агра».

На здымках: лідарства ўтрымлівае экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе В.І.Бойдзіча і В.В.Кузьміча; машыністы сушылкі «Мекмар» Я.Ф.Юшчанка, І.В.Гайчук, В.М.Драпко.

Мікола АРХУЦІК,

Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *