Четверг, 1 октября 2020

Тата, муж, сям’і апора

1 030

Сям’ю Ладыйчукоў можна лічыць прыкладам для іншых маладых саюзаў адначасова па некалькіх крытэрыях. Па-першае, муж і жонка адказна ставяцца да працы, імкнуцца даць максімальную карысць грамадству: Максім служыць выратавальнікам, а Вольга  працуе на малочным камбінаце. Па-другое, яны — выдатныя гаспадары, што бачна і па знешнім выглядзе іх сядзібы. А па-трэцяе, тут пануюць лад і згода, усе справы робяцца разам, у  сардэчнай і шчырай атмасферы гадуюцца сын і дачка.

20160705_0638

Шмат часу Ладыйчукам даводзіцца праводзіць на рабоце: абодва працуюць па зменах.

Асабліва заняты Максім: як сам расказвае, за восем  гадоў толькі двойчы ўдалося адзначыць навагоднія святы дома. Не гаворачы пра дні нараджэння як членаў сям‘і, так і нават сваё.  Але аб выбары прафесіі не шкадуе, як і не ўтойвае таго, што… не марыў аб такім жыццёвым шляху.

— Аднойчы падчас падворнага абходу ў бацькоўскі дом, дзе я тады жыў, завіталі інспектары Ігар Варыцкі і Васіль Басак. Мы разгаварыліся аб службе,— успамінае Максім Ладыйчук.— Я тады толькі вярнуўся пасля тэрміновай службы ў арміі, меў дыплом аб заканчэнні  педагагічнага вучылішча і думаў аб варыянтах працаўладкавання. Можна сказаць, яны мяне і ўгаварылі зрабіць выбар.

Навічку-выратавальніку давялося прайсці спецнавучанне азам новай прафесіі. І многае потым асвойваць ужо на практыцы.

Зараз Максім дзяжурыць за дыспетчарскім сталом цэнтра аператыўнага кіравання. Гэтае месца давяраюць, як правіла, самым адказным спецыялістам, якія могуць прымаць правільныя і хуткія рашэнні ў складаных сітуацыях.  На думку началь-ніка РАНС А.А.Ганчарова, Максіма Ладыйчука можна вызначаць у якасці прыкладу для маладых супрацоўнікаў.

Вольны час сям’я Ладыйчукоў бавіць разам,  разам упрыгожваюць свой дом і ўчастак.  Хобі Максіма — майстраваць з металу малыя архітэктурныя формы. А Вольга сваімі рукамі дапаўняе агульны дызайн ландшафтнымі фантазіямі з кветак. Па меры  сіл бацькам дапамагаюць і  дзеці.

Між іншым, сямігадовы  Уладзік раз-пораз выказвае сваю прыхільнасць да службы пажарнага. Калі ён сапраўды зробіць выбар на карысць адной з самых мужных прафесій, Максім абавязкова падтрымае сына ў гэтым рашэнні.

На здымку: Максім Ладыйчук з жонкай  Вольгай і маленькай Танюшай на садовых арэлях, зробленых  уласнымі рукамі.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *