Вторник, 29 сентября 2020

Па слядах бусла і “савы”

1 643

На працягу двух апошніх тыдняў у нашым раёне працавала навуковая экспедыцыя, у якой прынялі ўдзел члены «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» (далей СЭТ).  Гэта рэспубліканская грамадская арганізацыя (з 2014 г. афіцыйна акрэдытаваная пры ЮНЕСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны) аб’яднала прафесійных этнографаў, майстроў народнай творчасці і проста зацікаўленую моладзь, якую хвалюе знікненне беларускай традыцыйнай культуры.

IMG_6738_измен.размер

Праводзілася экспедыцыя на базе аграсядзібы «Залессе» ў рамках ініцыятывы «Падляшскі шлях Белага бусла» пры падтрымцы Пружанскага раённага экалагічнага грамадскага аб’яднання «Агратур» http://iniciativa-pruzhany.by/?cat=24 і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

У першую чаргу членаў СЭТ цікавілі непасрэдныя стасункі са старымі суайчыннікамі, сведкамі зусім іншай эпохі. Як адзначыла кіраўнік экспедыцыі Марыя Літвіновіч: “Нам важна не толькі зафіксаваць для нашчадкаў звесткі ад носьбітаў традыцыі, але і пераняць мудрасць ад вясковых людзей праз жывы кантакт. Менавіта такія стасункі дазваляюць адчуць, чаму гэтыя ўменні важныя, як яны ўпісваюцца ў карціну свету вясковага жыхара і як нам, найперш гарадскім людзям, жыць з гэтымі ведамі далей”.

Навукоўцы працавалі ў розных накірунках: фальклор (спевы, музыка, казкі і г.д), традыцыйныя рамёствы і строй, сакральная тапаграфія і прастора, міфалогія, прырода ў жыцці чалавека і  вусная гісторыя.  Старажылы апытваліся, напрыклад,  пра тое, як жылося даўней, якія адзначаліся святы, як лекаваліся і харчаваліся, што апраналі, як гадавалі дзяцей. Спявалі песні, дзеліліся сакрэтамі рамёстваў, якія сёння ўжо амаль забытыя, а часам, нягледзячы на свае гады, нават паказвалі танцы сваёй маладосці.

IMG_6121_измен.размер

IMG_6157_измен.размер

Аб канчатковых выніках экспедыцыі казаць яшчэ рана, усе сабраныя дадзеныя будуць апрацоўвацца і сістэматызавацца спецыялістамі, інакш у культурны абарот пойдзе, так званая, трэш-прадукцыя.  Як адзначылі члены СЭТ, сёння прафанацыі ў абрадах з дваякім падтэкстам і так хапае, на жаль, амаль ва ўсіх клубных установах.

Але па некаторых напрамках ужо вымалёўваецца цікавая карціна, і  мы можам пра іх расказаць. Што тычыцца першага накірунку – песні, то ў в. Юхнавічы ўдалося знайсці чатыры ўнікальныя царкоўныя тэксты на мясцовай гаворцы, якія перадаваліся са сшытка ў сшытак: “О Божа, мой, Божа, з высокага неба”, “Ты ведаеш, Божа, мае жаданні”, “Кажуць людзі, што я ўмру” і “Ты грэшніку люты”. Іх няма ні ў адным фальклорным даведніку. Па меркаванні аднаго з членаў экспедыцыі, вядомага мінскага музыкі Аляксея Крукоўскага, гэтыя праваслаўныя пазалітургічныя спевы ідуць ажно з уніяцкіх часоў.

Ён таксама адзначыў, што ў Шарашове, дзякуючы старому музыканту Мікалаю Вакуле, запісалі вясельны марш «Дай, Божа, дай, Божа, памагай», які не сустракаецца ў зборніках – пад яго выносілі калісьці вясельны каравай:

– Што добра, гэтыя спевы і марш лёгка перакладаюцца ў эстрадны фармат, які самі пазначаем як фолк-мадэрн. Усё, што збіраем,  стараемся рэканструяваць, каб песня лёгка ўспрымалася моладдзю. Тое, што зараз спяваюць на тых жа святах вёсак, практычна ніякага дачынення да традыцыі не мае.

А чаму варта вучыць менавіта традыцыйную песню? Найперш, гэта –  прыгажосць, сэнс, дарэчнасць і, як вынік, адзнака сапраўднасці. Больш таго, старажытны спеў – гэта зусім не экзотыка. Раней у вёсках спявалі ўсе. Усё жыццё ад нараджэння да хаўтураў чалавека суправаджала песня. Свая песня была на любую сітуацыю, яна задавала рытм і настрой будзённай працы. Пелі адзін адному – у сям’і, грамадзе, пелі пчолам і жывёле, пелі зіме, вясне, лету, восені, пелі зямлі, пелі сонцу, будуючы эмацыйную сувязь з наваколлем, узгадняючы з ім свае дзеянні, імкнучыся да паразумення, яднання. Ты спяваеш разам са мною – значыць, ты свой. “Спеліся” – зусім не выпадковая характарыстыка.

Шмат цікавага члены СЭТ знайшлі і ў мясцовых танцораў. Напрыклад, ужо спрабуюць вярнуць у сучасны свет аранчыцкую “Польку ў тройках”, пра якую даведаліся сёлета ад гурта “Бабіна лета” падчас “Ночы музеяў” у палацыку.

IMG_9147_измен.размер

IMG_9159_измен.размер

– Вы думаеце, усё гэта ўжо ў мінулым? Папытайцеся ў старых – любы раскажа вам пра “Кракавяк”, “Падэспань” і “Лявоніху”. Весяліцца нашы дзяды ўмелі, можа, лепей за нас, бо ў адрозненне ад сучасных забаваў, накіраваных найперш на асабістае задавальненне, традыцыйныя танцы стваралі агульны святочны настрой усіх удзельнікаў. Былі нават танцы-гульні, якія мелі свой “сюжэт”. Не трэба забывацца, што раней танцы адыгрывалі не апошнюю ролю ў знаёмстве хлопцаў і дзяўчат, у пошуку сабе пары, – кажа Аляксей.

Дадамо, што дасягнулі мэты і пошукі рэшткаў абрадавага фальклору. Амаль цалкам быў знойдзены і ўжо перапрацаваны  абрад “Сава”, пра які таксама не ўзгадваецца нідзе ў энцыклапедычнай літаратуры. У свой час членам СЭТ пра існаванне гэтага абраду падказаў дырэктар “Пружанскага палацыка” Юрый Зялевіч. Цяпер ужо можна складаць карту: дзе быў гэты пушчанскі абрад, а дзе не. Напрыклад, у Шарашове – не было. А вось у Роўбіцку пра яго не толькі распавялі, але нават і спяклі  птушку-саву, як і калісьці, у натуральную велічыню.

IMG_6388_измен.размер

Што цікава, у кожнай мясцовасці былі свае адрозненні. Адны абрад “Сава” праводзілі ў пятніцу перад вяселлем, іншыя – у суботу. У адных вёсках да выпечкі “савы” прыцягваліся тыя ж майстрыхі, што  пяклі каравай, а ў другіх – толькі дзяўчаты ці, наадварот, толькі замужнія жанчыны. А каб “сава” не сумавала, дзесьці выпякалі нават і сыча.

Спытаецеся: а што агульнага і ў чым жа асноўная сутнасць абраду? Дык вось, саву выпякалі разам з караваем і падчас вячоркавых моладзевых гульняў выносілі на сярэдзіну пакоя і, скачучы пад імправізаванае, нібыта савінае, вукханне,  уздымалі  як мага вышэй на спецыяльным ручніку. А самыя спрытныя стараліся адхапіць кавалак: хто першым адшчыпне – той першым і ажэніцца. Па меркаванні спецыялістаў СЭТ, гэта быў такі прыземлены жартаўлівы абрад, які праводзіўся паралельна сакральнаму каравайнаму абраду.

Асобную экспедыцыю, па меркаванні Марыі Літвіновіч,  трэба арганізоўваць па зборы вуснай гістарычнай інфармацыі – яна  лілася ракой. Бабулі, жартуючы, так і сыпалі прымаўкамі. Што найбольш уразіла навукоўцаў, дык гэта асаблівая любоў мясцовых жыхароў да буслоў – падобнай “татэмізацыі” гэтай птушкі яны больш нідзе не сустракалі. Тут яна паўсюль – на калодзежах, варотах, хатах, і ўсюды бусла ўзносяць як пана.

Але членам навуковай экспедыцыі сустракаліся і сумныя з’явы – напрыклад, закінутыя этнаграфічныя куткі, дзе няма патрэбнага догляду бясцэнных рарытэтаў. Вышытыя кашулі, андаракі і ручнікі рассыпаюцца амаль на  вачах. І ўсё гэта пасля выкідваецца невядома куды. На сметніку могуць апынуцца вельмі цікавыя строі…

Такім чынам, дзякуючы сабраным у экспедыцыі звесткам пра мясцовую культуру,  магчыма, вернуцца да жыцця мясцовыя святы і абрады, а фальклорныя запісы стануць крыніцай натхнення для музычных гуртоў. У цэлым — гэта важны сацыяльны ўчынак, які ў сваім жыцці мусіць зрабіць, бадай, кожны чалавек, каб зразумець,  на якой зямлі ён жыве.

На здымках: так ляпілі «саву» з цеста; саматканы андарак з вёскі Галасяціна; танцавальны майстар-клас каля палацыка.

 

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *