Пятница, 29 марта 2024

Пулемет для ковпаковца

856

Застаўся ў маёй памяці незвычайны для нашых мясцін эпізод, калі я са сваімі бацькамі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі пражываў у невялікай хутарной вёсачцы Козі-Брод, у 12 кіламетрах на захад ад горада Пружаны. Часта ў нашу хату заходзілі партызаны атрада імя Чкалава. Здаралася, дыверсійная група вечарам сыдзе, пусціць пад адхон нямецкі эшалон на Брэст-Маскоўскай чыгунцы, а на досвітку вяртаецца  і днюе ў лясіста-багністай мясцовасці.

q08Pdx30kTA_измен.размер

Падчас нямецкай акупацыі не было радыёпрыёмнікаў і  газет для насельніцтва. Звесткі пра падзеі ў нашай акрузе прыходзілі шляхам перадачы іх ад сяла да сяла ў вуснай форме. Пра справы на фронце  даведваліся са зводак, якія часам прыносілі нам партызаны. У гэты страшны час, калі гітлераўскія каты спальвалі вёскі з людзьмі,  а мы не ведалі, ці будзеш заўтра жывы, нечакана прыйшла радасная вестка: партызанскае злучэнне Каўпака ў Белавежскай пушчы! Прычым такая сіла, што  супраць яе не можа выстаяць ніводзін нямецкі гарнізон.

Звесткі пра Каўпака разам з праўдай народ перабольшваў і сваёй фантазіяй: быццам у яго ёсць свой самалёт-разведчык, артылерыя…

Усё гэта цешыла пераважную большасць насельніцтва, а на нямецкіх памагатых наводзіла страх. У сувязі з рэйдам магутнага партызанскага злучэння ўсе нямецкія гарнізоны  былі прыведзены ў баявую гатоўнасць. Ніхто не ведаў, калі і ў які бок рушыць гэтая магутная партызанская сіла.

Час набліжаўся да абеду, я знаходзіўся ў двары. Нечакана пачуў  стральбу за шашэйнай дарогай. Падняліся чорныя клубы дыму над лесам. Разам з бацькам сышліся на тым, што гэта сутычка з партызанамі. Яна нам не пагражае, не блізка, недзе паміж вёскамі Шакуны і Сярэдняе.

Сонца кацілася да захаду.  З боку балота і альховага гаю, па загуменні ў наш двор з прыстойнай хатай, крытай гонтамі, увайшоў чалавек. Ён быў у звычайным для нашых месцаў адзенні. Адразу звярнуўся да бацькі. Крыху пазней бацька маме і мне распавёў, што гэта быў каўпакавец, папрасіў звесці яго з мясцовымі партызанамі.

Іх, разведчыкаў, было трое. Спыніліся на дняванне ў хаце каля лесу. Пра гэта хтосьці данёс немцам у Пружаны. Як потым дайшлі да нас чуткі, адзінаццаць жандараў акружылі хату. Завязалася перастрэлка. Сілы не роўныя. Загарэлася хата з саламяным дахам. Пад прыкрыццём дыму разведчыкі кінуліся  да лесу. Двух дагналі кулі, а трэці скрыўся ў лесе. Ён свой ручны кулямёт без патронаў схаваў пад кучай галля. Падобным на мясцовага жыхара лягчэй было схавацца на выпадак пагоні. Ён перайшоў шашэйную дарогу Брэст-Пружаны, абышоў бокам вёску Засімы і праз балота і гай выйшаў на наш хутарок з трох хат. І не памыліўся, атрымаўшы дапамогу праз наша садзейнічанне ад мясцовых партызан.

Вечарам, калі ўжо было цёмна, прыйшла група партызан  атрада імя Чкалава, чалавек дзесяць, сярод якіх быў і наш знаёмы разведчык са злучэння Каўпака. Бацька і мама неўзабаве падрыхтавалі святочны стол з такой нагоды. У нашых партызан была незвычайна высокая цікавасць да сустрэчы з прадстаўніком легендарнага ўкраінскага злучэння Сідара Арцёмавіча Каўпака. Я стаяў убаку, назіраў і ўслухоўваўся ў іх прыязную гутарку. Нашых партызан цікавілі яго адказы на пытанні пра рэйд па тыле ворага, сувязі з Вялікай зямлёй. Ён распавёў, як яму аднаму з траіх  удалося ўцячы з акружанай немцамі хаты. Мімаходам згадаў, што свой кулямёт схаваў у лесе ля дарогі. Каўпакавец расшпіліў лёгкую фуфайку, і на яго грудзях, пры святле падвешанай над сталом газавай лямпы, заззяла савецкая дзяржаўная ўзнагарода — медаль «За адвагу». Некаторыя нахіляліся, каб лепш разгледзець яе.

Калі ўсё выйшлі з-за стала, я падышоў і звярнуўся да госця:

— Мы прынясём вам кулямёт, толькі раскажыце, ля якой дарогі, як яго схавалі.

Разведчык уважліва паглядзеў на мяне, падлетка, зразумеў без тлумачэння, што не я адзін пайду па кулямёт. І ён даверліва выклаў мне ўсе прыкметы, дзе знаходзіцца яго ручны кулямёт.

Безимени-1_измен.размер

На наступны дзень я пайшоў да свайго старэйшага таварыша Мікалая  Гука, распавёў яму пра  схаваную зброю. Гэта быў ініцыятыўны і адважны хлопец па аказанні дапамогі партызанам.

Дарога нам была знаёмая. У тыя месцы мы за ходзілі шукаць зброю і боепрыпасы пасля бою ў 1941 годзе на шашы нашых танкаў з нямецкімі. Па прыкметах мы адразу знайшлі пад кучай галля кулямёт. Хоць ён быў ручным, але не лёгкім, з вялікім плоскім дыскам і ножкамі. Коля з радасцю нёс яго. У драбналессі, недалёка ад хаты Колі Гука, дзе днявала група партызан, мы ўручылі гэтаму адважнаму разведчыку знойдзены намі яго кулямёт.

Праз некаторы час прайшла чутка, што гарнізон, які знаходзіўся ў Белавежскай пушчы ў невялікім мястэчку Камянец, быў разгромлены каўпакаўцамі. Затым партызанскі рэйд узяў кірунак на поўдзень. Пры пераходзе Брэст-Маскоўскай чыгункі яе ахова была ў такім страху, што не зрабіла ніводнага стрэлу.

Гэты рэйд усяляў веру ў насельніцтва, што германскія заваёўнікі не ўсёмагутныя, будуць разгромлены, актывізаваў насельніцтва на ўзмацненне барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Прыходзілі чуткі яшчэ пра два партызанскія рэйды.

Міхаіл Паўлюсюк,

удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жыхар г. Днепрапятроўска.

На здымках: камандзір партызанскага злучэння С.А.Каўпак і  камісар злучэння С.В.Руднеў.  Юны партызан дакладна з такім ручным кулямётам, пра які ідзе размова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *