Четверг, 1 октября 2020

17 июля — День освобождения Пружан от немецко-фашистских захватчиков

1 241

Усё далей у мінуўшчыну адыходзяць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Тым не менш гэта тэма і сёння працягвае заставацца адной з самых вывучаемых і ў той жа час праблемных. Нягледзячы на вялікую колькасць апублікаваных навуковых даследаванняў, мемуараў і зборнікаў дакументаў, цэлага россыпу мастацкіх твораў, у яе гісторыі засталося шмат “белых плям”, а шэраг фактаў і ацэнак у нашы дні сталі сумніўнымі ці наогул абвергнуты. Асабліва гэта тычыцца фактаў “вуснай гісторыі” і ўспамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, у вялікай колькасці зафіксаваных у 1960-1980-я гг. Палітычныя рэаліі савецкай эпохі часта не дазвалялі паказаць сапраўдную гісторыю ваеннага часу. Аднак менавіта з гэтых успамінаў, якія грашаць суб’ектывізмам, перанасычаны ідэалагічнымі штампамі, усё ж можна па крупінках выдзеліць важныя матэрыялы, якія даюць уяўленне аб лёсах канкрэтных людзей, малююць карціну падзей. Фактычна гэтыя ўспаміны “ачалавечваюць” для нас абязлічаную храналогію, даюць магчымасць суперажываць і асэнсоўваць мінулае.

Шерешево_измен.размер

Штогод 17 ліпеня адзначаецца дзень вызвалення Пружан ад нямецкіх захопнікаў. Тэрыторыя раёна, як і большая частка Беларусі, была вызвалена Чырвонай Арміяй падчас наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня – 28 жніўня 1944 года).  12-18 ліпеня ў баях за Пружаншчыну ўдзельнічалі часці 28-й арміі І Беларускага фронта, якія вялі наступленне ў накірунках Слонім – Брэст і Баранавічы – Брэст.

У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” знаходзіцца рукапіс (48 стар.) Героя Савецкага Саюза палкоўніка А.М. Валошына (1906-1974) – камандзіра 295-га гвардзейскага стралковага палка 96-й гвардзейскай стралковай дывізіі, які ўдзельнічаў у вызваленні Пружаншчыны. Прывядзём некаторыя вытрымкі з гэтага цікавага дакумента, па магчымасці параўнаўшы іх з шэрагам іншых успамінаў і матэрыялаў.

image002_измен.размер

“…Пасля авалодання Косавам (12 ліпеня – Заўв. аўт.) мы асаблівую ўвагу ўдзялілі вывучэнню мясцовасці па карце ў накірунку населеных пунктаў: Смаляніца, Кузьмічы, Баравікі… Перад намі знаходзіўся вялікі раён балота, па якім цяклі рэчкі Хатава і Ясельда, канал Вінец. Дадзеных аб яго праходнасці ў нас не было, а за ім Кузьмічы і Баравікі, якімі нам загадана было авалодаць”.

Хацелася б адзначыць, што, паводле афіцыйных дадзеных, амаль на ўсіх франтавых дарогах Чырвоную Армію сустракалі партызаны, якія паведамлялі звесткі аб праціўніку, а каля Пружан, Ружан і Косава яны наогул разграмілі каля дзясятка варожых гарнізонаў і масава далучаліся да рэгулярнага войска. Дарэчы, ніякіх звестак аб партызанах, акрамя ускосных, і іх дапамозе арміі ў раёне дзеяння 295-га гв. стралковага палка на Пружаншчыне ва ўспамінах узгаданага аўтара не сустракаецца.

А.М.Валошын піша: “Полк падышоў да Хатавы ноччу. Разведчыкі далажылі: “Наперадзе непраходнае балота. Яно падзелена на часткі рэкамі, каналам і ручаямі. Мастоў было пяць. Усе ўзарваны. Праціўнік не ахоўвае дарогу праз балота”.

…Сяржант Цітоў паказаў камандзіру ўзвода лейтэнанту У. Радзько, дзе знаходзіцца баявая ахова немцаў. Лейтэнант загадаў: “Сяржанту Цітову з групай зайсці фашыстам у тыл на іх левым флангу і ў 23.00 адкрыць агонь з аўтаматаў, каб адрэзаць ворагу шлях да адступлення і стварыць паніку.  Астатнім разгрупавацца і да вызначанага часу паўзком, маскіруючыся, наблізіцца да праціўніка і, як толькі група Цітова пачне дзейнічаць, усім весці агонь і атакаваць у накірунку Кузьмічоў”.

Як далей сцвярджае Валошын, гэты план быў рэалізаваны: “…Роўна ў 23 гадзіны ўзвод перайшоў у наступленне. Раптоўныя гукі аўтаматных чэргаў парушылі начную цішыню і разнесліся па наваколлі далёка-далёка. Нападзенне так ашаломіла праціўніка, што ён у беспарадку бег да вёскі, пакінуўшы 10 забітых, бронетранспарцёр, аўтамашыну і матацыкл. Тры салдаты былі палонены”.

Далейшыя падзеі аўтар малюе так: “…1-ы стралковы батальён, які ішоў за разведчыкамі па дарозе праз балота, як толькі аказаўся на сушы,  стаў рухацца да Кузьмічоў з задачай захапіць плацдарм для разгортвання палка да бою. У некалькіх месцах успыхнулі пажары. Для асвятлення мясцовасці фашысты падпалілі будынкі. У паветра паляцелі дзясяткі асвятляльных ракет. Перад Кузьмічамі было светла як удзень. Бой узмацняўся. У гэты час сапёры, стралковыя падраздзяленні і артылерысты ўзводзілі масты і, як толькі ўмовы былі спрыяльнымі, пераправілі на месца бою гарматы і мінамёты.

…13 ліпеня ў 3 гадзіны праціўнік выкарыстаў рэзервы, каб адкінуць у балота прарваўшых абарону.  1-ы стралковы батальён без узмацнення і падтрымкі, адбіваў атакі пяхоты, падтрыманыя “Фердынандамі”, бронетранспарцёрамі, артылерыяй, мінамётамі. Сітуацыя абвастралася. За намі знаходілася балота, у якім нікому не хацелася паміраць. Да світання полк ужо быў на плацдарме і рыхтаваўся да наступлення. Перастрэлка то заціхала, то ўзмацнялася.  Апоўдні варожыя самалёты знішчылі масты, 2 аўтамашыны, вазы. Поле бою пакрылася пылам, дымам, гулі снарады і міны. Шмат фашыстаў загінула. Многія з нашых таксама назаўсёды пападалі на зямлю. У розных месцах стаялі падбітыя 5 “Фердынандаў” і 7 бронетранспарцёраў.

Полк … перайшоў у наступленне. У 16 гадзін ён авалодаў Кузьмічамі і рушыў да Баравікоў…”.

Бой каля в. Кузьмічы таксама адлюстраваны ва ўспамінах камандзіра дывізіёна 119-га гв. артпалка 50-й гв. стралковай дывізіі І.С. Рабаконя: “…14 ліпеня праціўнік на заходнім беразе Ясельды. 2-гі дывізіён з хутара Краснік вядзе агонь па фашастах, якія абараняюцца ў раёне в. Кузьмічы. Пад прыкрыццём яго агню праз раку перапраўляецца 150-ы гв. стралковы полк і 3-і артдывізіён. Яны з ходу змятаюць праціўніка з занятых рубяжоў. На гэты плацдарм затым перапраўляецца ўся дывізія, якая пераходзіць у наступленне. Нашы машыны застаюцца на хутары: няма паліва. 15 ліпеня раніцай прыбылі бензавозы. Здымаемся з агнявых пазіцый і рухаемся на злучэнне з дывізіяй, якая значна прайшла наперад. 148-ы гв. полк заняў в. Ляжайка, 150-ы – Вялікае Сяло, 152-і выйшаў на захад ад Пружан і авалодаў в. Стараволя…”.

У гэты ж час 295-ы стралковы полк наступаў на Баравікі. Як сцвярджае Валошын, у баі за вёску загінулі беларусы – радавыя К. Дудзінскі, І. Семянюк. 13 ліпеня каля  21.00 в. Баравікі была вызвалена, а праціўнік адступіў да Руднікаў і Бельчыцаў.

Валошын піша: “…Да 11 гадзін 14 ліпеня з баямі падышлі да Руднікаў і з ходу атакавалі, але поспеху не мелі. Рух быў спынены моцным агнём пяхоты, танкаў, артылерыі і мінамётаў. Полк амаль увесь дзень акопваўся, перастрэльваўся, вёў разведку. Толькі ў 19.30 наша артылерыя нанесла паўгадзінны ўдар  у раёне Руднікаў. Перад яго завяршэннем батальёны ўзняліся ў атаку. У 20.00 яны авалодалі вёскай.

15 ліпеня ў 4.00, калі стаяла мёртвая цішыня і  здавалася, што ўсё застыла ў промнях узыходзячага сонца, на ўзлеску з’явіўся ланцуг нямецкай пяхоты, які, хаваючыся за кустоўем і сціртамі, хутка і бязгучна накіроўваўся да нашага пярэдняга краю. За сотню метраў ад нас вораг адкрыў агонь з аўтаматаў і, закрычаўшы па-руску “Ура!”, кінуўся ў бой. Загаварыла артылерыя і мінамёты. Гэта нечаканая атака так падзейнічала на некаторых нашых салдат, што яны пачалі ўцякаць да вясковых хат… Праціўнік уклініўся ў наш баявы парадак, кулямёт 1-й стралковай роты змоўк. Камандзір разліку малодшы сяржант Валееў быў забіты, наводчык з памочнікам паранены. Зброю падхапіў старшына кулямётнай роты Макуха. Атака немцаў была адбіта. Ворагі адступілі, маючы да 70 загінуўшых. Наступная контратака таксама была безвыніковай. Полк меў значныя страты: 6 забітых, 108 параненых, знішчана 76-міліметровая гармата.

Перайшоўшы ў наступленне, 16 ліпеня ў 7.00 авалодалі Сілічамі. А пасля гэтага мы без перапынку праследавалі адступаючага ворага ў накірунку Бузуноў. У баях за гэтыя населеныя пункты гітлераўцы аказалі слабое супраціўленне, былі неарганізаваны. Забіта да 200 чалавек, палонена 15 немцаў, разбіта 5 мінамётаў, 9 кулямётаў, спалена 5 аўтамашын”.

6_измен.размер

4_измен.размер

5_измен.размер

Далейшы шлях палка пралягаў да Пружан. Дарэчы, менавіта аб баях за горад захавалася найбольш успамінаў відавочцаў. Праўда, у іх можна заўважыць шэраг несупадзенняў.

Напрыклад, А.М. Валошын сведчыць: “У 20.00 16 ліпеня полк авалодаў вышынёй 194,6  і ўсходняй ускраінай Пружан. Батальёны так хутка рухаліся, што не далі магчымасці ворагу арганізаваць абарону ні перад горадам, ні ў ім. Гітлераўскія часці распаліся ў горадзе на маленькія групы, якія амаль без усялякага супраціўлення беглі ў заходнім накірунку. У 22.00 мы авалодалі цэнтрам Пружан, а ў 23.00 ўжо былі на аддаленасці 3 км на захадзе.”

У той жа час удзельнік вызвалення горада У.К. Бачурын успамінаў: “…Мы выйшлі з Мікіцкага лесу. Перад вачыма паўстаў ахоплены агнём і дымам горад. У 5 гадзін наш батальён рушыў на горад. І тут ажылі агнявыя кропкі ворага, якія размясціліся на гарышчах дамоў, у агародах. Асаблівую перашкоду стварылі два лёгкія танкі. Пад прыкрыццём будынка (былы кінатэатр “Беларусь”) яны вялі няспынны агонь па нашых байцах. …

Вечарэла. З новай сілай разгарэўся бой. Ён  ішоў ужо на вуліцах Пружан. Асноўныя сілы гітлераўцаў замацаваліся на старым касцёле ў цэнтры горада. Але да раніцы гэты апорны пункт быў узяты.”

Н. Дзёмушкін, які за вызваленне Пружан і Брэста быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, занатаваў: “…У поўдзень 16 ліпеня нашы войскі падышлі да Пружан. Пасля артылерыйскага налёту 17 ліпеня мне было загадана з узводам аўтаматчыкаў першым уварвацца ў горад. Ішлі з боку могілак. Уся цэнтральная частка горада была ахоплена полымем, горад гарэў.”

Аб моцных баях за Пружаны гаворыць І. Рабаконь: “…16 ліпеня працягваюцца моцныя баі за горад. У 4.00 батальён варожай пяхоты, падтрыманы 2 самаходкамі, контратакаваў 150-ы полк. Страціўшы да 40 чал. забітымі, праціўнік адступіў. У той жа дзень батарэі старшага лейтэнанта Іванчыкава давялося вытрымаць жорсткі бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. 17 ліпеня – упартыя баі ў раёне Пружан.”

Камандзір 1898-га самаходна-артылерыйскага палка В. Багамолаў апавядае так: “…16 ліпеня падраздзяленні нашага палка сумесна з пехацінцамі, сапёрамі, артылерыстамі, танкістамі і пры падтрымцы ваенна-паветраных сіл вызвалілі горад Пружаны. Нашы войскі смелымі ўдарамі ў тыл і флангі ворага не далі яму магчымасці знішчыць горад. І хоць Пружанам была нанесена вялікая шкода, мы не дазволілі ворагу поўнасцю разбурыць райцэнтр.”

Г. Чыстоў паведамляў: “…18 ліпеня наша часць увайшла ў Пружаны з боку дарогі на Аранчыцы. Жахлівы малюнак паўстаў перад вачыма. Уся цэнтральная частка горада была ахоплена пажарам, навокал разбітыя дамы, папялішчы. У раёне Пружан ідуць моцныя танкавыя баі.”

Афіцыйная крыніца – аператыўная зводка Савінформбюро за 17 ліпеня 1944 г. паведамляе аб узгаданых падзеях наступнае: “…На Брэсцкім накірунку нашы войскі, працягваючы наступленне, авалодалі раённымі цэнтрамі Брэсцкай вобласці г. Пружаны і Шарашоў, … а таксама з баямі занялі больш за 200 населеных пунктаў, у ліку якіх буйныя … Шчэрбава, Шчарчова, Лінова, Варотна… і чыгуначныя станцыі Пружаны, Пашлавічы, Аранчыцы… Жорсткія баі адбыліся ў раёне г. Пружаны – значнага вузла шашэйных і грунтовых дарог. Праціўнік упарта абараняў падыходы да горада і часта пераходзіў у контратакі. Нашы танкавыя і кавалерыйскія часці ажыццявілі імклівы абыходны манёўр  перарэзалі ўсе дарогі, якія ідуць ад Пружан на захад і паўднёвы захад. Акружаныя ў раёне горада немцы прадпрымалі адчайныя спробы прабіцца на паўднёвы захад, але былі разгромлены. Нашы войскі знішчылі два палкі варожай пяхоты.”

Нягледзячы на шматлікія недакладнасці, памылкі і новыя факты, якія выяўляюццца падчас вывучэння падзей мінулага, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны, кожны з нас павінен ведаць аб горы і стратах, якія панесла наша зямля ў гэты час, трагедыі і гераізме, паважаць памяць людзей, якія зрабілі важкі  ўклад у разгром нацызму і вызваленне нашай зямлі ад акупантаў. Не падвяргаючы сумненню іх гераізм і адданасць высокім ідэалам, неабходна працягваць працу па праўдзівым адлюстраванні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля Пракаповіч,

галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

На здымку: 1. Партызаны і прадстаўнікі Чырвонай Арміі на мітынгу ў Шарашове ў першыя дні пасля вызвалення летам 1944 г. (Фота з фондаў Белдзяржархіва кінафонафотадакументаў). 2. Камандзір 295-га гв. стралковага палка 96-й гв. стралковай дывізіі А.М. Валошын. 3. Камандны састаў 66-га стралковага палка: камандзір палкоўнік Вечтомаў М.А., нам. камандзіра маёр Крупнік П.Л., камандзір санроты Кузняцова Т.П., 1944 г. 4. Падпалкоўнік М. Шуткоўскі з салдатамі 186-й стралковай дывізіі, 1944 г. 5.  Лётчыкі 17-га гв. бамбардзіровачнага палка авіяцыі далёкага дзеяння. Куплін, 25.04.1945 г. (Фота з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *