Среда, 30 сентября 2020

Шаг к трудоустройству

863

Штодня ў службу занятасці звяртаюцца грамадзяне ў пошуку працы, але знайсці яе, не маючы адукацыі, досыць складана. Адной з эфектыўных мер павышэння канкурэнтаздольнасці беспрацоўных на рынку працы з’яўляецца прафесійнае навучанне.

Нагадаць пра тое, хто можа разлічваць на такую дапамогу і на якіх умовах яна ажыццяўляецца, мы папрасілі галоўнага спецыяліста аддзела па працы ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама А.А.Гардзіенка.

работа_измен.размер

Алена Арсеньеўна, падкажыце чытачам, у якіх выпадках можна накіроўваць на навучанне беспрацоўных?

– Па-першае, навучанне ажыццяўляецца па накiраванні нашага ўпраўлення ў тым выпадку, калі немагчыма падабраць падыходзячую работу з-за адсутнасці ў беспрацоўнага неабходнай кваліфікацыі (спецыяльнасці). Па-другое, калі неабходна змяніць прафесію (спецыяльнасць, род заняткаў) у сувязі з адсутнасцю работы, якая адпавядае наяўным у беспрацоўнага прафесійным навыкам. І трэцяя прычына — калі беспрацоўным згублена здольнасць або ўзніклі супрацьпаказанні да выканання працы па ранейшай прафесіі (спецыяльнасці).

– А які парадак накіравання на навучанне?

– Яно ажыццяўляецца на падставе рашэння, якое прымаецца кіраўніком нашага ўпраўлення. З беспрацоўным заключаецца дагавор, у якім вызначаюцца правы і абавязкі бакоў, а таксама іх адказнасць за парушэнне ўмоў дагавора.

Таксама беспрацоўны з яго згоды можа быць накіраваны на навучанне ў адпаведнасці з заяўкай канкрэтнага наймальніка, які гарантуе яго працаўладкаванне пасля завяршэння поўнага курсу навучання. У гэтым выпадку заключаецца трохбаковы дагавор.

– І як доўга давядзецца вучыцца?

– Тэрміны навучання беспрацоўных устанаўліваюцца працягласцю да аднаго года. Пры гэтым навучанне беспрацоўнай моладзі, якая не мае прафесіі і ўпершыню шукае працу, можа ажыццяўляцца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі па адукацыйнай праграме, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага), з наступнай выдачай дыплома ўстаноўленага ўзору.

Навучанне беспрацоўных ажыццяўляецца ў вочнай (дзённай) форме і пачынаецца па меры камплектавання груп.

– Алена Арсеньеўна, ці прадугледжаны  якія-небудзь гарантыі пры накіраванні беспрацоўнага на навучанне?

– Накіроўваючы чалавека на навучанне, упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне не гарантуе яму прадастаўленне рабочага месца, але бясплатна аказвае паслугі па прафесійнай арыентацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Хачу зазначыць таксама, што вызначэнне іх прафесійнай прыдатнасці па медыцынскіх паказаннях ажыццяўляецца ва ўстановах аховы здароўя бясплатна. Накіраванне на медагляд выдае ўпраўленне.

Навучанне і пражыванне беспрацоўных ажыццяўляецца за кошт сродкаў, што выдзяляюцца для гэтых мэт у адпаведнасці з заканадаўствам. Акрамя таго, у перыяд навучання грамадзянам выплачваюцца стыпендыі.

– Па якіх прафесіях на сённяшні дзень можна прайсці навучанне?

– Навучанне беспрацоўных ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пералікам прафесій для навучання па Брэсцкай вобласці, які фарміруецца штоквартальна.

А гэта:

  • вальшчык лесу;
  • візажыст, майстар па манікюры;
  • вадзіцель пагрузчыка;
  • кладаўшчык;
  • машыніст (качагар) кацельні;
  • машыніст крана аўтамабільнага, стропальшчык (пры наяўнасці пасведчання кат. С);
  • слесар па рамонце аўтамабіляў, манціроўшчык шын і шынапнеўматычных муфт, балансіроўшчык шын;
  • аператар ПЭВМ;
  • аператар сувязі;
  • аператар кацельні;
  • цырульнік;
  • прадавец, касір гандлёвай залы;
  • сакратар;
  • станочнік дрэваапрацоўчых станкоў;
  • тынкоўшчык; абліцоўшчык-плітачнік;
  • электрагазазваршчык;
  • электраманцёр па рамонце і абслугоўванні абсталявання;
  • асновы прадпрымальніцкай дзейнасці.

Навучанне па накіраванні –  гэта добры шанц атрымаць новую прафесію і новую працу. Па пытаннях прафесійнага навучання неабходна звяртацца ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па адрасе: г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, д. 78, першы паверх, кабінет 104, тэлефон 9-14-81.

Гутарыла Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *