Среда, 30 сентября 2020

Интервью с психиатром-наркологом Пружанской ЦРБ Ю.А. Карповичем

809

Патрэба звярнуць увагу на праблему п’янства ўзнікла не сёння і не ўчора. Здаецца, барацьба з гэтай заганай вялася заўсёды і рознымі метадамі. Успомніце, напрыклад, “сухі закон” часоў перабудовы. Але які вынік? Як цяпер складваецца сітуацыя ў нашым раёне і што робіцца для папярэджання негатыўных наступстваў злоўжывання алкаголем?  На гэтыя і іншыя пытанні  адказвае ўрач псіхіятр-нарколаг Пружанскай ЦРБ Ю.А.Карповіч.

Карпович_0075_измен.размер

На дадзены момант, — расказвае  Юрый Аляксеевіч, — на дыспансерным уліку бальніцы з дыягназам “сіндром залежнасці” знаходзіцца 1101 чалавек. Усе гэтыя людзі злоўжываюць спіртнымі напоямі. Выявіць такі кантынгент насельніцтва дапамагаюць участковыя інспектары міліцыі, якія, ведаючы жыхароў сваіх участкаў, самі дастаўляюць іх на медыцынскі агляд. Частка пакутуючых на алкагалізм пацыентаў выяўляецца падчас лячэння ў аддзяленнях бальніцы. Як правіла, яны паступаюць з праблемамі падстраўнікавай залозы, печані і нырак, інсультамі і эпілептычнымі прыпадкамі. Ёсць і такія, хто па дапамогу медыкаў звяртаецца самастойна. Іх, праўда, нямнога, але з кожным годам колькасць добраахвотных зваротаў  павялічваецца.

Наколькі дзейсна пакутуючым ад алкагалізму людзям могуць дапамагчы медыкі?

— Адразу хачу заўважыць: калі чалавек, які пакутуе ад п’янства, з мэтай вылечыцца прыходзіць да нас сам, мы гарантуем яму поўную ананімнасць. Гэта значыць, што ён не ставіцца на адпаведны ўлік і гэта ніяк не паўплывае на яго далейшую работу і магчымасць кіраваць аўтатранспартам.

Калі стан пакутуючага ад алкагалізму чалавека патрабуе стацыянарнага  лячэння, мы яго можам шпіталізаваць, у тым ліку і на платнай аснове. Патрабуецца максімальна чатыры дні, каб купіраваць запой. Далейшае амбулаторнае лячэнне з такім пацыентам будзе ўжо праводзіць псіхіятр-нарколаг ці псіхатэрапеўт. Яно доўжыцца ад двух  тыдняў да месяца. Пры выкарыстанні ўнутрывеннага лекавага прэпарата і рацыянальнай псіхатэрапіі, на што дае згоду сам пацыент, у яго з’яўляецца матывацыя не піць спіртное і ён здольны поўнасцю ад яго адмовіцца.

Вы ведаеце людзей, якія пасля такога лячэння больш ніколі не пацягнуліся да чаркі?

— Асабіста ведаю пяцярых чалавек, якія пасля нашага лячэння не ўжываюць спіртнога каля дваццаці гадоў. А колькі такіх увогуле? Такая статыстыка не вядзецца.

Юрый Аляксеевіч, а ці шмат сярод людзей з так званым сіндромам залежнасці жанчын?

— З агульнай колькасці тых, хто стаіць на ўліку, 179 жанчын, ці 16,2%. Дарэчы, раней гэты паказчык у раёне быў удвая меншы. Як бачна, назіраецца тэндэнцыя росту жаночага алкагалізму. І, што асабліва насцярожвае, павялічваецца колькасць жанчын-алкаголікаў з ліку інтэлігенцыі, з вышэйшай адукацыяй, якія маюць пэўны статус у грамадстве.

Скажыце, калі ласка, наколькі праблема п’янства датычыцца падлеткавага асяроддзя?

— На жаль, такая праблема ёсць. На асобным  прафілактычным уліку (гэта ўлік, на які ставяцца асобы, злоўжываючыя алкаголем, але ў якіх адсутнічае сіндром залежнасці) знаходзяцца 647 чалавек, з якіх 107 жанчын і 25  падлеткаў. Усе непаўналетнія былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах. І амаль усе пілі піва.

А між тым, піўны алкагалізм развіваецца хутчэй і працякае з больш цяжкімі ўскладненнямі. І спыніцца чалавеку пасля намнога складаней. Я ведаю адну такую жанчыну, якая выпівае па 6-8 літраў піва ў дзень. Без слёз на яе глядзець ужо не магчыма…

Гутарыла Галіна Каляда

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *