Понедельник, 28 сентября 2020

Миссия выполнима?

771

Пра тое, што кіраўніцтва раёна гатова падтрымаць усе канструктыўныя ініцыятывы прадстаўнікоў розных рэлігійных арганізацый, паказала чарговае пасяджэнне камісіі па справах рэлігій. Другая па велічыні рэлігійная канфесія краіны, прадстаўленая пастырамі раённых пратэстанцкіх абшчын ХВЕ і ЕХБ, падзялілася сваім вопытам работы па рэабілітацыі асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай, тытунёвай і наркатычнай залежнасці, а таксама па фармiраванні ў iх матывацыі да здаровага ладу жыцця.

medkons2

Як адзначыў ва ўступным слове намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, на сённяшні дзень у нашым раёне далёка не вясёлая статыстыка – 84 сям’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. П’юць дарослыя — пакутуюць дзеці. Больш таго, павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, учыненых п’янымі вадзіцелямі, і  гэта — не адзіныя праблемы, звязаныя са злоўжываннем алкаголем. Як зрабіць так, каб колькасць залежных людзей зменшылася? У чым могуць дапамагчы рэлігійныя арганізацыі?

Як вядома, пратэстанцкія цэрквы прымаюць актыўны ўдзел у рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яны аказваюць гуманітарную дапамогу маламаёмным і шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам, інвалідам, а таксама ўстановам аховы здароўя, цесна працуюць з тэрытарыяльнымі цэнтрамі абароны насельніцтва, сацыяльнымі прытулкамі. Іх дзейнасць накіравана на прафілактыку сямейнага дабрабыту, фарміраванне здаровай і моцнай сям’і.

У гэтым плане асаблівай павагі заслугоўвае дзейнасць дабрачыннай рэлігійнай місіі «Вяртанне», якая была заснавана саветам епіскапаў аб’яднанай царквы ХВЕ ў 1995 годзе і за 20-гадовую гісторыю свайго існавання стварыла 12 філіялаў (самыя буйныя – у Баранавічах, Пінску і Светлагорску) на ўсёй тэрыторыі краіны.

З працай місіі азнаёміў камісію  М.В.Балакіраў.  Агульная працягласць рэабілітацыйнага перыяду ў ёй – ад 12 да 18 месяцаў. Канчатковая мэта рэабілітацыйнага працэсу – аднаўленне асабістага і сацыяльнага статусу людзей на аснове раскрыцця і развіцця іх духоўнага, маральнага, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу.

—Мы не лечым пры дапамозе медыкаментаў, — расказвае Міхаіл Вітальевіч. — Краевугольным каменем выздараўлення з’яўляюцца працатэрапія і хрысціянскі светапогляд, заснаваны на Бібліі. Прынцыпова важна, каб усе былі заняты справай, калі яны прынялі рашэнне мяняць сваё жыццё ў лепшы бок. У місіі ўведзены розныя абмежаванні: напрыклад, на зносіны мужчын і жанчын, якія жывуць і працуюць у цэнтры. Тут не глядзяць тэлевізар: на тэлеканалах шмат інфармацыі, якая можа нашкодзіць душэўнаму стану.

Па статыстыцы, 70% тых, хто тут пабываў, ніколі не вяртаюцца да алкаголю і наркотыкаў. Астатнія, на жаль, выбіраюць ранейшае жыццё.

Людзі, якія ў гэтым цэнтры пазбавіліся ад залежнасці, затым распавядаюць сваім сябрам і знаёмым аб рабоце цэнтра, сваім прыкладам паказваючы, што ніколі не позна пачаць новае жыццё – без наркотыкаў, без алкаголю. Бывалі часы, калі ў місіі знаходзілася каля 500 чалавек, сёння  тут праходзяць рэабілітацыю 150 чалавек.

Кіраўніцтва місіі падкрэсліла, што гатова прыняць на рэабілітацыю ўсе пружанскія сем’і, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.  Са свайго боку члены камісіі па справах рэлігій паабяцалі аказаць у гэтым усялякае садзеянне.

Звязацца з прадстаўнікамі місіі «Вяртанне» можна па тэл. +375-163-57-82-92, е-mail: tcbelarus@mail.ru.

 

Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *