Нават не верыцца, што шаноўнаму Івану Юльянавічу Здановічу ўжо 90 гадоў. Так хутка бяжыць час… Хаця, шчыра кажучы, калі пачынаеш успамінаць пра ўсё зробленае ім, дык міжволі падумаеш: сапраўды, для гэтага патрабуецца немалы адрэзак жыцця.
Родам Іван Юльянавіч з Гродзеншчыны. Пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута быў накіраваны на працу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры на Пружаншчыну, з якой і звязаў сваё далейшае жыццё. Тут ажаніўся з Вольгай Андрэеўнай Талашкевіч, выгадавалі дваіх дзяцей. Да выхаду ў 1986 годзе на заслужаны адпачынак працаваў на кіруючых пасадах: узначальваў школу рабочай моладзі, быў дырэктарам школы-інтэрната, а пасля яе закрыцця – дырэктарам сярэдняй школы №4.
Што адметнае ў гэтым чалавеку, чым вылучаецца сярод іншых? Напэўна, найперш тое, што на працягу многіх гадоў Іван Юльянавіч праяўляе зайздросны клопат пра стан беларускай мовы, нацыянальнай культуры, імкнецца захаваць памяць пра дзеячоў беларускага адраджэння. Выдаў для школ “Зборнік практыкаванняў па беларускай мове”, дзве кнігі “Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння на Пружаншчыне”, выступае з матэрыяламі па краязнаўстве ў перыядычным друку. У сярэдзіне 80-х гадоў стаў арганізатарам і старшынёй грамадскага аб’яднання “Спадчына”, а потым узначальваў раённую суполку Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. А колькі намаганняў было прыкладзена, каб аднавіць разбураны і забыты помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Ружанскай пушчы?!
Як вялікі аматар актыўнага адпачынку, Іван Юльянавіч вельмі беражліва адносіцца да прыроды. Сквапнасць і карыслівасць не ўласцівы гэтаму чалавеку. Блукаючы па лесе, седзячы на беразе рэчкі ці азярца з вудай, ён задавальняецца магчымасцю адпачыць на свежым паветры, пабыць у чароўным асяродку, які даруе наша прырода. У гэтым, магчыма, і адзін з сакрэтаў яго даўгалецця.
Сябры, знаёмыя, былыя вучні зычаць Івану Юльянавічу і далей захоўваць актыўны лад жыцця, дачакацца здзяйснення самай галоўнай сваёй мары – сапраўднага росквіту роднай Беларусі.
Паважаны Іван Юльянавіч ЗДАНОВІЧ!
Сардэчна віншуем Вас
з 90-гадовым юбілеем!
Жывіце шчыра, немаркотна, з любоўю, з густам і са смакам. І дай Вам Бог дажыць да сотні, ды з добрым беларускім гакам!
Сябры раённай суполкі Таварыства беларускай мовы
Далучаемся да віншаванняў!
Рейтинг комментария:
0
0