На Паперні прайшоў раённы турыстычны злёт. На працягу трох дзён — з 24 па 26 чэрвеня — прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак раёна спаборнічалі ў спартыўных, турыстычных і творчых конкурсах.
Сёлета заяўкі на ўдзел падалі дзевяць каманд, сярод якіх былі як «бывалыя» турысты з ААТ «Ружаны-Агра», «Айчына», «Радзіма», «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Пружанскі малочны камбінат», Пружанскія электрасеткі, так і навічкі — ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» і 210 авіяцыйны палігон.
Саперніцтва пачалося ўжо ў дзень заезду, падчас конкурсу візітовак, у якім журы звяртала ўвагу на акцёрскае майстэрства, гумар, музычнае суправаджэнне, касцюмы, дэкарацыі. Забягаючы наперад, варта сказаць, што творчыя конкурсы аказалася найбольш складана ацэньваць: арыгінальнасці, фантазіі і вынаходлівасці турыстам не займаць.
А вось самым насычаным, бясспрэчна, стаў другі дзень. Турыстам давялося вызначаць лепшых адразу ў некалькіх відах: валейболе, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Акрамя таго, пасля абеду чакала велатраса, прычым гэта была не стандартная «васьмёрка», «змейка» ці кругі, а ўскладнёная дыстанцыя з пянь камі, «арэлямі», «лесвіцай» і іншымі нечаканасцямі. Напрыканцы дня судзейская брыгада займалася дэгустацыяй смакоцця, прыгатаванага ў рамках конкурсу по вараў. Канчаткова лідараў вызначылі толькі на трэці дзень, падсумаваўшы яшчэ і вынікі перацягвання каната, а таксама агляду-конкурсу лістовак «Тэрмінова ў нумар!».
Пераможцамі турзлёту аказалася каманда электрасетак. Крыху саступілі ёй прадстаўнікі з ААТ «Жураўлінае». А замкнулі тройку прызёраў турысты ААТ «Айчына». Ім і дасталіся граматы ад райкама БРСМ. Акрамя таго, лепшыя былі заахвочаны кубкамі і памятнымі падарункамі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ